Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Рамана Бандарэнкі, міжнародны дзень салідарнасці зь Беларусьсю


Падзеі 12 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 лістапада 2020 году ў выніку зьбіцьця ў часе і пасьля затрыманьня на «Плошчы пераменаў», памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.

Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю. Сьвятлана Ціханоўская заклікала ў гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасьці, дзяліцца навінамі зь Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязьняў, а таксама палка Каліноўскага.

Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі пройдуць 12 лістапада ў Вільні, Варшаве, Гданьску, Вроцлаве, Кельце, Познані, іншых гарадах.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Дзень у гісторыі

1918 — Аўстрыя абвясьціла сябе рэспублікай.

1918 — рашэньнем Рэгенцкай Рады Польшчы Юзэф Пілсудскі прызначаны кіраўніком дзяржавы.

1920 — Віленшчына абвешчаная незалежнай дзяржавай пад назовам Сярэдняя Літва, а яе фактычным кіраўніком стаў генэрал Люцыян Жалігоўскі.

1933 — у Нямеччыне на рэфэрэндуме 95% насельніцтва краіны ўхвалілі палітыку Адольфа Гітлера.

1948 — завяршыўся Такійскі працэс над японскімі ваеннымі злачынцамі. Сямёх абвінавачаных засудзілі на сьмяротнае пакараньне праз павешаньне, шаснаццаць чалавек — на пажыцьцёвае зьняволеньне.

1982Юрый Андропаў выбраны генэральным сакратаром ЦК КПСС.

У гэты дзень нарадзіліся

1796 Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, паліткатаржанін.

1823Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і пісьменьнік.

1885 Міхайла Грамыка, беларускі пісьменьнік і навуковец.

1911 Яўген Ціхановіч, беларускі мастак.

Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.
Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.

1920Андрэй Макаёнак, беларускі драматург.

У памяці

1572 Рыгор Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ.

1623Язафат Кунцэвіч, уніяцкі арцыбіскуп, актыўны праваднік Берасьцейскай царкоўнай уніі (забіты).

1996 Анатоль Майсеня, беларускі журналіст і грамадзкі дзеяч.

Анатоль Майсеня, архіўнае фота
Анатоль Майсеня, архіўнае фота

2018 Ігар Лучанок, беларускі кампазытар, піяніст, народны артыст Беларусі.

Ігар Лучанок
Ігар Лучанок

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG