Лінкі ўнівэрсальнага доступу

36-ы дзень вайны ў Ізраілі: Баі каля бальніцы Аль-Шыфа; Армія абароны Ізраілю заявіла пра ўзяцьце пад кантроль 11 пастоў ХАМАС


Людзі каля аддзяленьня хуткай мэдыцынскай дапамогі бальніцы Аль-Шыфа ў сэктары Газа, 10 лістапада 2023 году
Людзі каля аддзяленьня хуткай мэдыцынскай дапамогі бальніцы Аль-Шыфа ў сэктары Газа, 10 лістапада 2023 году

У выніку вайны ў Ізраілі з 7 кастрычніка загінулі 1200 чалавек, 240 чалавек знаходзяцца ў закладніках у баевікоў ХАМАС. Паводле падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы, з палестынскага боку загінулі больш за 11 тысяч чалавек.

Ізраільскія вайскоўцы з пачатку наземнай апэрацыі ў сэктары Газа ўзялі пад кантроль 11 перадавых пастоў тэрарыстычнага руху ХАМАС, заявіла 11 лістапада Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ).

Сьцьвярджаецца, што ў выніку ўдараў, нанесеных мінулай ноччу, ізраільскае войска зьнішчыла некалькі аб’ектаў ХАМАС, у тым ліку падземны тунэль, разьмешчаны каля школы, і склад зброі. За мінулы дзень, паводле інфармацыі ЦАХАЛ, быў таксама абясшкоджаны аўтамабіль з выбухоўкай і зьнішчаныя ваенныя мэты ў лягеры для ўцекачоў Аль-Шаці.

У ноч на 11 лістапада палестынскія тэрарысты абстралялі паўднёвыя раёны Ізраілю. У некалькіх гарадах каля мяжы з сэктарам Газа гучалі сыгналы паветранай трывогі.

Увечары 10 лістапада пачаліся баі паміж ізраільскімі вайскоўцамі і ХАМАС у навакольлях найбуйнейшай лякарні Газы — Аль-Шыфа. Газэта The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу напісала, што ЦАХАЛ загадаў эвакуяваць пацыентаў і пэрсанал, бо, на думку вайскоўцаў, ХАМАС пабудаваў ключавы камандны цэнтар на тэрыторыі лякарні.

Карэспандэнт ВВС Рушдзі Абуалуф раніцай 11 лістапада расказаў, што ізраільскія войскі акружылі бальніцу Аль-Шыфа. Цяпер падача электрычнасьці адноўленая. Паводле дырэктара бальніцы, у мэдыцынскім комплексе застаюцца да 15 000 чалавек. Кантраляванае ХАМАС міністэрства аховы здароўя сэктару Газа сьцьвярджае, што ў бальніцы знаходзяцца каля 2500 пацыентаў, і яшчэ тысячы мірных жыхароў могуць хавацца ў ёй.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя MSF паведаміла, што страціла сувязь з усімі сваімі супрацоўнікамі ў Аль-Шыфе, і выказала занепакоенасьць бясьпекай пацыентаў і мэдыцынскага пэрсаналу. Да таго, як сувязь зьнікла, супрацоўнікі бальніцы паведамлялі аб «катастрафічнай сытуацыі». У арганізацыі зазначаюць, што ў бальніцы дасюль знаходзяцца пацыенты ў крытычным стане і пасьля апэрацыі, якія ня могуць рухацца.

  • 10 лістапада зьявіліся паведамленьні аб выбуху ў двары бальніцы Аль-Шыфа. Паводле міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, у выніку яго загінулі 13 чалавек. ХАМАС абвінаваціў ва ўдары Ізраіль.
  • Пазьней ізраільскае войска выпусьціла паведамленьне, што выбух на тэрыторыі лякарні Аль-Шыфа адбыўся з прычыны няўдалага нападу ХАМАС. У паведамленьні ў акаўнце Дзяржавы Ізраіль сказана, што, па дадзеных ізраільскіх сыстэм сачэньня, па лякарні патрапіў, выпушчаны з раёнаў Газы па пазыцыях ізраільскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG