Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайна ва Ўкраіне — гэта велізарны правал. Як і вайна ў Ізраілі», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас


Эдвард Лукас
Эдвард Лукас

Эдвард Лукас — брытанскі журналіст, аналітык і старшы экспэрт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі. Да 2018 году Лукас працаваў старшым рэдактарам у часопісе The Economist. У сфэру яго прафэсійных інтарэсаў уваходзяць палітыка, эканоміка і бясьпека ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» ён адказаў на пытаньні пра імавернасьць новай сусьветнай вайны і рызыку паразы ЗША як саюзьніка Ўкраіны ў супрацьстаяньні з Расеяй.

Сьцісла

  • Гэта стварае вельмі кепскі прэцэдэнт. Паколькі людзі, якія прымаюць рашэньні ў Пэкіне, Пхэньяне, Тэгеране, Маскве, прыходзяць да высновы: калі хамасаўцам сышло гэта з рук, сыдзе і нам.
  • Я думаю, калі б Кітай хацеў праверыць сілу волі і канцэнтрацыю Злучаных Штатаў у кантэксьце Тайваня, то зараз добры час, каб зрабіць гэта.
  • Калі прайграе Ўкраіна, то мы апынёмся ў зусім новых абставінах. Бо гэта апраўдае пуцінскую вайну і пуцінскі імпэрыялізм. Гэта нанясе разбуральны ўдар па аўтарытэце ЗША і дэ-факта зьнішчыць іх аўтарытэт у Эўропе.
  • Расейская эканоміка пасьпяхова трымаецца на плыву. Часткова дзякуючы абыходу санкцый, часткова — дапамозе з боку Кітаю.

— Я хацеў бы пачаць з палестына-ізраільскага канфлікту, увесь сьвет цяпер за ім сочыць. Некаторыя экспэрты выказваюць думку, што з улікам вайны ва Ўкраіне сьвет у цэлым стаіць на парозе новай сусьветнай вайны. Вы згодны з такім поглядам?

— Ёсьць небясьпека таго, што лякальны канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам у Газе пяройдзе ў шырэйшую рэгіянальную вайну. Такія краіны, як Іран, зацікаўленыя ў нарошчваньні сваёй сілы і парушэньні цяперашняга балянсу бакоў. Таксама ёсьць вялікае жаданьне ўзяць рэгіён пад кантроль — з боку Эгіпту, Саудаўскай Арабіі, Злучаных Штатаў, іншых краін. Я думаю, пры захаваньні балянсу мы не дойдзем да трэцяй сусьветнай, аднак мы сапраўды блізкія да катастрофы. Міжнародныя сыстэмы не спраўляюцца з праблемамі, якія ўзьнікаюць.

Ізраільскія салдаты ў сэктары Газа, 7 лістапада 2023
Ізраільскія салдаты ў сэктары Газа, 7 лістапада 2023

— Вы гаворыце пра балянс. Як вы думаеце, наколькі пасьпяхова заходнія краіны забясьпечваюць яго цяпер?

— Вайна ва Ўкраіне — гэта велізарны правал. Як і вайна ў Ізраілі. У абодвух выпадках гэта правал стрымліваньня. Атакуючы бок вырашыў: калі мы нападзем, гэта будзе спрыяльна для нас. Мы справімся са шкодай і ў аддаленай пэрспэктыве апынёмся ў выгаднейшай для нас пазыцыі. У выпадку Ізраілю гэта правал спэцслужбаў, дыпляматаў, палітыкаў і вайскоўцаў. І гэта стварае вельмі кепскі прэцэдэнт. Паколькі людзі, якія прымаюць рашэньні ў Пэкіне, Пхэньяне, Тэгеране, Маскве, прыходзяць да высновы: калі хамасаўцам сышло гэта з рук, сыдзе і нам. Так што, я думаю, заходнім лідэрам варта ўважліва паглядзець на сябе і прызнаць: мы аблажаліся.

— Гэта значыць, нам варта чакаць зьяўленьня новых гарачых пунктаў на карце? Вы згадалі Кітай.

— Я думаю, калі б Кітай хацеў праверыць сілу волі і канцэнтрацыю Злучаных Штатаў у кантэксьце Тайваня, то зараз добры час, каб зрабіць гэта. Я не падштурхоўваю іх да поўнамаштабнага ўварваньня. Але калі яны жадаюць стварыць прэцэдэнт у пляне зьяўленьня вайсковых самалётаў над Тайванем або марской блякады Тайваня, то Злучаныя Штаты зараз занадта занятыя. І мы назіраем узьнікненьне вялікай небясьпекі па меры таго, як міжнародныя саюзы слабеюць.

Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін, кастрычнік 2023
Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін, кастрычнік 2023

Я таксама бачу вялікую напружанасьць на восі Поўнач — Поўдзень, а ня толькі Захад — Усход. Краіны глябальнага Поўдня глыбока расчараваныя палітыкай Захаду. Яны адчуваюць, што міжнародныя эканамічныя сыстэмы працуюць недастаткова эфэктыўна. Зь імі дрэнна абышліся падчас пандэміі. Ім не падабаецца палітыка ў адносінах да зьмены клімату і глябальнага пацяпленьня. Яны сымпатызуюць хутчэй Палестыне, чым Ізраілю. Яны не гатовыя падтрымліваць Украіну.

Я думаю, мы на так званым «старым Захадзе» не заўсёды ўсьведамляем, наколькі мы ізаляваныя ў сусьветным маштабе.

— Гаворачы пра «стары Захад», як і пра «новы» таксама, гэтыя краіны падтрымліваюць Украіну і Ізраіль у войнах, якія тыя вядуць. Якія наступствы, з вашага пункту гледжаньня, магчымыя ў выпадку паразы гэтых дзяржаў у тым ці іншым выглядзе?

— Я ня думаю, што Ізраіль можа пацярпець паразу ў ваенным сэнсе. Гэта ядзерная дзяржава, якая супрацьстаіць сілам, якія ня маюць такой зброі. Аднак Ізраіль можа прайграць барацьбу за міжнародную грамадзкую думку. І гэта вялікі правал ураду Нэтаньягу, які аддае вялікую ўвагу пытаньням абароны і бясьпекі, але недастаткова — пытаньням палітыкі і дыпляматыі. Праз гэта яны ў значнай меры страцілі сымпатыі і давер глябальнага Поўдня.

Калі прайграе Ўкраіна, то мы апынёмся ў зусім новых абставінах. Бо гэта апраўдае пуцінскую вайну і пуцінскі імпэрыялізм. Гэта нанясе разбуральны ўдар па аўтарытэце ЗША і дэ-факта зьнішчыць іх аўтарытэт у Эўропе. Гэта значна ўскладніць для Штатаў адносіны з Кітаем. Пакуль у іх ёсьць саюзьнікі і вобраз непераможнасьці, гэта сур’ёзны фактар для кітайскага ўраду. Пры паразе Ўкраіны і падзеньні прэстыжу на міжнароднай арэне Злучаныя Штаты раптам стануць вельмі ізаляваныя.

— І да вайны ва Ўкраіне, і асабліва пасьля яе пачатку экспэрты — і вы сярод іх — выказвалі прагноз, што ўлада ў Крамлі вось-вось упадзе і «дні Пуціна палічаныя». Праз паўтара года можна канстатаваць, што Крэмль па-ранейшаму дастаткова жыцьцяздольны. Якім вы бачыце цяперашняе становішча расейскай улады?

— Мы падышлі дастаткова блізка да палітычнага каляпсу падчас няўдалага мяцяжу Прыгожына. У той момант, мяркую, аўтарытэт Пуціна апынуўся на мяжы. Праблема ў тым, што Ўкраіна пакуль не дамаглася вялікіх ваенных перамогаў, якія маглі б зьмяніць палітычную сытуацыю ў Расеі. Прычына таго, што гэтых перамог няма, — той факт, што мы ўвесь час спазьняемся зь перадачай ім неабходнага ўзбраеньня. Я думаю, калі б мы забясьпечылі Ўкраіну F-16, ATACMS, HIMARS, танкамі і іншым неабходным на пачатку вайны, а не праз 600 дзён, то ўсё было б інакш. Але мы аказаліся ўцягнутыя ў двухгадовую магістарскую праграму па міжнароднай геапалітыцы, коштам якой стала ўкраінская кроў. Думаю, гэта варта асуджэньня. Гэта выгадна Расеі і канкрэтна Пуціну, які ўсё бліжэй да таго, каб назваць гэтую вайну посьпехам. Хоць яшчэ год таму гэта выглядала як правал.

— Што стрымлівае Захад ад таго, каб аднаразова перадаць Украіне вялікі пакет вайсковай дапамогі?

— Я думаю, праблема ў тым, што эўрапейскія краіны, у прыватнасьці такія краіны, як Эстонія, Латвія, Польшча, хочуць дапамагчы, але ня маюць таго, што Ўкраіне трэба. А Злучаныя Штаты гэта маюць, але баяцца ўвязацца ў глябальную канфрантацыю з Расеяй. Таму мае месца такое самастрымліваньне.

Рада нацыянальнай бясьпекі, дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван увесь час актуалізуюць пытаньне магчымых наступстваў і чырвоных лініяў для Расеі. У выніку мы бачым вельмі марудны прагрэс. Пытаньне, якое я хачу задаць: калі правільна рабіць гэта сёньня, то чаму не было правільным рабіць гэта 18 месяцаў таму? Адказ: гэта было правільна рабіць 18 месяцаў таму. А пакуль украінцы плацяць страшную цану, вайна зацягнулася, а рызыка таго, што Расеі гэта сыдзе з рук, павялічылася.

— Як вы ацэньваеце пагрозу балтыйскім краінам у кантэксьце ўварваньня Расеі ва Ўкраіну?

— З аднаго боку, краіны Балтыі ніколі яшчэ не былі ў большай бясьпецы, чым цяпер. Ніколі яны не былі так інтэграваныя ў астатнюю Эўропу. Сяброўства ў NATO, у ЭЗ, глыбокая інтэграцыя на розных узроўнях. Зь іншага боку, узровень пагрозы таксама нашмат вышэйшы. Мы маем справу з нэаімпэрыялістычнай Расеяй, пра што краіны Балтыі гаварылі яшчэ ў 90-я гады, калі ніхто гэтага не заўважаў. Цяпер гэта бачыць і астатняя Эўропа, але ўжо позна.

Фінляндыя і Швэцыя ўступілі ці вось-вось уступяць у NATO, гэта значна паляпшае ваенны расклад, але наперадзе яшчэ шмат працы. Неабходна распрацаваць новыя пляны, новую расстаноўку сіл. Краінам Балтыі трэба нашмат больш зброі, калі яны маюць намер сурʼёзна абараняцца. Яны ня могуць самі дазволіць сабе такое ўзбраеньне, нехта павінен заплаціць і даставіць яго. Так што з практычнага боку працы яшчэ шмат, нягледзячы на тое, што вайсковая архітэктура цяпер выглядае дастаткова добра.

— Як вайна ва Ўкраіне ўплывае на эўрапейскую эканоміку? Наколькі вялікай праблемай зьяўляецца абыход санкцый і працяг заходнімі краінамі бізнэсу з Расеяй?

— Я баюся, што гэта свайго роду «пацёмкінскія» санкцыі. Гандаль з такімі краінамі, як Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, квітнее. І, па сутнасьці, гэта абыход санкцый. Мы ўвялі эмбарга ў адносінах да тавараў, якія нам не патрэбныя, тады як прадукты нафтаперапрацоўкі пастаўляюцца Расеяй у Індыю, а мы купляем іх у яе. Так што гэта толькі бачнасьць жорсткіх санкцый, насамрэч усё ня так.

Расейская эканоміка пасьпяхова трымаецца на плыву. Часткова дзякуючы абыходу санкцый, часткова — дапамогі з боку Кітаю. Я думаю, што краіны Балтыі пацярпелі ад вайны неадпаведна зь іншымі краінамі. Удар па Латвіі быў даволі моцны. У многім гэта зьвязана з ранейшай фінансавай і транзытнай залежнасьцю Латвіі ад Расеі. Гэта было кепскім рашэньнем. Напрыклад, у Літве эканоміка больш разнастайная. І цяпер справы ў яе ідуць лепш. Галоўны ўрок апошняй пары гадоў — гэта тое, што мы можам перажыць адключэньне расейскага газу. І гэта добра. Я спадзяюся, што мы таксама зможам уводзіць і выконваць санкцыі больш пасьлядоўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG