Сяргей Антусевіч быў адным зь фігурантаў справы кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Прафсаюзнага актывіста затрымаў КДБ 19 красавіка 2022 году. Тады яму дазволілі патэлефанаваць жонцы — паведаміць пра затрыманьне і сказаць, што ён у СІЗА КДБ.
26 сьнежня 2022 году Менскі гарадзкі суд адправіў Антусевіча на 2 гады ў калёнію агульнага рэжыму за «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
21 красавіка 2023 году яго ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
Разам з Антусевічам асудзілі старшыню Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, якога пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму, а таксама бухгальтарку офіса БКДП Ірыну Бут-Гусаім. Яе адправілі за краты на 1 год і 6 месяцаў.
Усіх фігурантаў справы праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі.
Антусевіча 31 кастрычніка вызвалілі з магілёўскай калёніі №15. Пра гэта напісала «Наша Ніва» з спасылкай на ягоных калегаў, якія цяпер на эміграцыі.