Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пасьля сустрэчы з прэм’ерам Пакістану заявіў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў


Аляксандар Лукашэнка падчас нефармальнай сустрэчы з прэмʼер-міністрам Пакістану Шагбазам Шарыфам 10 красавіка 2025 году ў Менску
Аляксандар Лукашэнка падчас нефармальнай сустрэчы з прэмʼер-міністрам Пакістану Шагбазам Шарыфам 10 красавіка 2025 году ў Менску

Прэмʼер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф наведвае Беларусь з афіцыйным візытам. 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка правёў зь ім перамовы ў палацы Незалежнасьці ў Менску, піша БЕЛТА.

У перамовах 11 красавіка акцэнт быў на «далейшым разьвіцьці гандлёва-эканамічнай супрацы, у тым ліку ў сфэрах прамысловасьці і гарантаваньня харчовай бясьпекі, умацаваньні гуманітарных сувязяў», піша БЕЛТА. У складзе пакістанскай дэлегацыі ў Беларусь прыехалі шмат буйных бізнэсоўцаў, заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка сярод іншага заявіў, што ў Пакістане ёсьць шмат людзей, якія могуць і жадаюць працаваць у Беларусі, і краіны дамовіліся забясьпечыць ім гэтую магчымасьць. Падчас прэс-канфэрэнцыі па перамовах Лукашэнка сказаў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў і «стварыць ім неабходныя ўмовы для працы».

У Беларусі тым часам працягвае нарастаць дэфіцыт кадраў: на 11 красавіка ў службе занятасьці агулам па краіне — больш за 198 тысяч вакансій (для параўнаньня: 3 сакавіка шукалі 188,7 тысячы работнікаў).

У выніку перамоваў таксама падпісалі пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Пакістанам, а таксама дарожную мапу вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2025–2027 гады.

Акрамя гэтага, бакі падпісалі шэраг іншых дакумэнтаў аб супрацы, сярод якіх міжурадавае пагадненьне Беларусі і Пакістану аб рэадмісіі, пагадненьне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасьцю паміж МУС дзьвюх краін, пяць мэмарандумаў і пагадненьняў у галіне эканамічнага супрацы, падтрымкі прадпрымальніцтва, разьвіцьця гандлю паміж арганізацыямі і прадпрыемствамі Беларусі і Пакістану ды інш.

Раніцай 10 красавіка ў Менску ў фармаце бізнэс-форуму прайшла Беларуска-пакістанская дзелавая рада, а ўвечары Лукашэнка правёў з Шагбазам Шарыфам амаль трохгадзінную нефармальную сустрэчу, падчас якой абмеркавалі «многія пытаньні міжнароднага парадку дня» і пэрспэктывы двухбаковых адносінаў.

Што вядома пра тавараабарачэньне паміж Беларусьсю і Пакістанам

Пакістан зь яго 200-мільённым насельніцтвам мае ўсе магчымасьці павялічыць вытворчасьць запатрабаванай прадукцыі, падвысіць эканамічны ўзровень, там маладое насельніцтва, якое хоча спажываць, але ў краіне бракуе інвэстыцыяў праз дэфіцыт энэрганосьбітаў і засільле бюракратыі, пішуць эканамічныя аналітыкі Ўсясьветнага банку.

Візыт пакістанскага прэмʼера ў Беларусь — другі за апошнія 10 гадоў. Дзесяць гадоў таму кіраўнік ураду Пакістана ўжо наведаў Менск. Двойчы наведваў Пакістан і Аляксандар Лукашэнка. Тады ішлося пра пэрспэктывы эканамічнай супрацы. Падчас візыту Шарыфа ў Менск у жніўні 2015 году было заяўлена, што паміж краінамі заключана 40 міжурадавых пагадненьняў, у выніку чаго тавараабарачэньне паміж краінамі павінна вырасьці да 1 мільярда даляраў. Але гэтак ня сталася.

Як паведамляе пакістанскае бюро статыстыкі, у 2023 годзе галоўнымі экспартэрамі ў Пакістан сталі Кітай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Арабія, Інданэзія, Катар, Кувэйт і ЗША. Дэфіцыт гандлёвага балянсу склаў 27,4 мільярда даляраў. Беларусь у гэтую статыстыку не ўвайшла.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ў 2020 годзе апублікавала статыстыку тавараабарачэньня паміж Беларусьсю і Пакістанам. «Апошнімі гадамі абʼём гандлю паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан вагаецца ад 50 да 65 мільёнаў даляраў за год», — паведаміла тады МЗС. Пазьнейшых зьвестак пра гандаль Беларусі і Пакістану не публікавалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG