Даты дня
31 кастрычніка 1937 году нарадзіўся мастак Яўген Кулік, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусі «Пагоня», які ў верасьні 1991 году быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам. Тады ў фае перад Авальнай заляй разгарнулі выставу, якая адлюстроўвала гісторыю нацыянальных сымбаляў. На просьбу Зянона Пазьняка яе зрабілі мастакі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў ды іншыя.
31 кастрычніка 1992 году ня стала Міхася Ткачова, беларускага гісторыка і палітыка. Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першым старшынём Цэнтральнай Рады БСДГ (1991–1992).
Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 16 фактаў пра Міхася Ткачова
Як гісторык Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў эвалюцыю замкаў і арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
500 найлепшых кніг за 500 гадоў
Таксама ў гэты дзень
1517 — Марцін Лютэр зрабіў у Вітэнбэргу заяву пра неабходнасьць прывесьці жыцьцё кожнага чалавека і ўсяго грамадзтва ў адпаведнасьць са Словам Божым. Гэта стала пачаткам руху Рэфармацыі, які ахапіў усю Эўропу, уключаючы Беларусь. 31 кастрычніка вядомы як Дзень Рэфармацыі.
1892 — Артур Конан Дойл апублікаваў зборнік «Прыгоды Шэрлака Голмза».
1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля чыгуначнага вакзалу, які тады называўся Віленскім, сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Паўла Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.
1945 — у Мюнхэне на беларускай мове пачала выходзіць газэта «Бацькаўшчына» (выдавалася да 1966).
1961 — цела Ёсіфа Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.
1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1675 — Уладзіслаў Дзягілевіч, архітэктар, езуіт.
1910 — Леанід Галяк, беларускі юрыст, журналіст, грамадзкі дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.
1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.
1977 — Юрась Зянковіч, палітык і юрыст, палітвязень.
У памяці
1929 — Эліяху Алеві Файнштайн, выбітны беларускі рабін.
1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
1937 — супрацоўнікі НКВД расстралялі Антона Баліцкага, дзяржаўнага дзеяча, аднаго з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.
1993 — Фэдэрыка Фэліні, італьянскі рэжысэр.
1996 — Віктар Тураў, беларускі рэжысэр.
2013 — Аляксей Кузьміч, мастак.