Можна меркаваць, што ў графіку Сі Цзіньпіна не знайшлося месца для сустрэчы з Лукашэнкам. А магчыма, і лідэры іншых дзяржаў ня надта імкнуліся да перамоваў зь беларускім кіраўніком.
Сьцісла:
- Аляксандар Лукашэнка на форум у Кітай не паляцеў. Што даволі дзіўна: на двух папярэдніх форумах (2017, 2019) ён быў, тыя ягоныя візыты актыўна піярыліся.
- Відавочная агульная тэндэнцыя зьніжэньня міжнароднай вагі Беларусі і ўзмацненьне ізаляцыі.
- Можна назіраць пэўнае пахаладаньне адносінаў паміж Менскам і Пэкінам.
- Урэшце, магчыма, Лукашэнка проста стаміўся: адбіваецца ўзрост.
17-18 кастрычніка ў Пэкіне праходзіць трэці форум «Адзін пояс — адзін шлях». Гэтаму праекту, ініцыяванаму старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, ужо 10 гадоў.
На форум запрошаны лідэры 130 краін сьвету. Прыехалі 28 кіраўнікоў дзяржаў ці ўрадаў, у тым ліку прэзыдэнты тых краін, якія нядаўна ўдзельнічалі ў саміце СНД, уключна з Уладзімірам Пуціным.
Аднак варта адзначыць, што ў папярэднім форуме 2019 году Пекін наведалі 40 лідэраў краін сьвету. Аляксандар Лукашэнка ў Кітай не паляцеў. Што даволі дзіўна. На двух папярэдніх форумах (2017, 2019) ён быў, тыя ягоныя візыты актыўна піярыліся. А цяпер — не.
Гэты кітайскі праект, акрамя чыста эканамічных, лягістычных чыньнікаў, зьяўляецца спробай стварыць геапалітычную альтэрнатыву Захаду. Невыпадкова лідэры заходніх краін (акрамя прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча і прэм’ера Вугоршчыны Віктара Орбана) у Пэкін не прыляцелі. Затое дэманстратыўна прыляцеў Уладзімір Пуцін, бо гэта адпавядае ягоным плянам стварэньня антызаходняй кааліцыі.
Кіраўніцтва Беларусі актыўна падтрымлівае ідэю будаўніцтва альтэрнатыўных Захаду міжнародных інстытутаў, намагаецца ўступіць у ШАС і BRICS. Здавалася б, цяперашні пэкінскі форум адбываецца якраз у рэчышчы такога замежнапалітычнага канструкту афіцыйнага Менску. І таму варта было чакаць Лукашэнку ў Пэкіне. Тым больш што Кітай займае ў замежнай палітыцы Беларусі даволі важнае месца. Лукашэнка пэрыядычна апэлюе да гэтай краіны і як да аднаго з цэнтраў, полюсаў, які супрацьстаіць «аднапалярнаму сьвету», і як да блізкага і надзейнага сябра і саюзьніка.
Аднак Лукашэнка гэтым разам у кітайскай сталіцы не зьявіўся. Не паехаў туды нават міністар замежных спраў Беларусі. Увогуле няма ніякай інфармацыі аб прысутнасьці беларускіх прадстаўнікоў на гэтым форуме.
Можна прыгадаць, што сёлета Лукашэнка не паляцеў на сэсію Генэральнай Асамблеі ААН, якая праходзіла на найвышэйшым узроўні, хоць раней такіх імпрэзаў не прапускаў.
Чым можна патлумачыць такое ігнараваньне мерапрыемства, якое кітайскае кіраўніцтва ацэньвае як гістарычнае? Ёсьць некалькі тлумачэньняў.
Меркаваньне, што Лукашэнку проста не паклікалі ў Пэкін, наўрад ці можна ўспрымаць. Бо запрашэньне было агульным для ўсіх. Маўляў, хто хоча, прыяжджайце.
Хутчэй, справа ў тым, што не атрымалася ўзгадніць праграму знаходжаньня ў Пэкіне, якая б яго задаволіла. Можна меркаваць, што ў графіку Сі Цзіньпіна не знайшлося месца для сустрэчы з Лукашэнкам. Магчыма, і лідэры іншых дзяржаў ня надта імкнуліся да перамоваў зь ім. Таму ён палічыў, што проста прыехаць, пасядзець у залі падчас урачыстасьцяў і вярнуцца — гэта ніжэй за ягоныя годнасьць і статус. Тым больш што ў сакавіку 2023 года Лукашэнка быў у Кітаі з афіцыйным візытам.
Тут дарэчы нагадаць, што і падчас нядаўняга саміту СНД у Бішкеку не адбылася ягоная заплянаваная сустрэча з Пуціным. Толькі з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым удалося правесьці перамовы.
То бок навідавоку агульная тэндэнцыя паніжэньня міжнароднай вагі Беларусі, узмацненьне ізаляцыі.
Таксама можна назіраць пэўнае пахаладаньне адносін паміж Менскам і Пэкінам. У жніўні адбыўся няўдалы візыт у Беларусь міністра абароны Кітая Лі Шанфу. Няўдалы ў тым сэнсе, што Лукашэнка зладзіў вялікі хваласьпеў у адрас высокага кітайскага госьця, а той амаль адразу пасьля вяртаньня трапіў у апалу, аказаўся пад сьледзтвам праз падазрэньне ў карупцыі.
Увогуле, што тычыцца эканамічных зносін, асабліва кітайскіх інвэстыцый, то тут цікавасьць Кітая да Беларусі моцна зьнізілася. За апошняе дзесяцігодзьдзе ў беларускую эканоміку паступіла менш за адзін мільярд даляраў прамых кітайскіх інвэстыцый. Кітай лічыць за лепшае быць крэдыторам, а не інвэстарам.
У зьвязку з канфліктам Беларусі з ЭЗ транзытнае значэньне беларускай тэрыторыі зьменшылася. Кітай гэтым не задаволены. Таксама перажывае ня лепшыя часы індустрыяльны парк «Вялікі камень» — знакавы аб’ект беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Кампаніі з краін ЭЗ з 2020 году сталі пакідаць парк, а ўваходжаньне кампаній з КНР замарудзілася.
Таксама пагрозы прымяніць ядзерную зброю, зь якімі пэрыядычна выступае Лукашэнка, не даспадобы Пэкіну.
Урэшце, Лукашэнка проста стаміўся, адбіваецца ўзрост, ён стаў цяжкі на пад’ём. Толькі што вярнуўся з саміту СНД у Бішкеку (дзе яго аднаго разу ледзь ветрам зь лесьвіцы ня зьдзьмула), а тут зноў трэба ляцець у далёкі Пэкін. 30 гадоў кіраваньня — цяжкі багаж, ня ўсе вытрымліваюць. Магчыма, таму ўзяў перапынак. А паколькі вырашыў гэта ў апошні момант, то нават міністар замежных спраў не пасьпеў арганізаваць паездку на форум.