Як паведамляе The Jerusalem Post, прыватнае папярэджаньне ад Тэгерану было перададзена Ізраілю пры пасярэдніцтве ААН. Паводле агенцтва Reuters, ізраільскае камандаваньне падазрае, што ўмяшаньне з боку Ірану будзе заключацца ў адкрыцьці «другога фронту» вайны сіламі радыкальнай групоўкі Хезбала на поўдні Лібану і Сырыі.
У суботу міністар замежных спраў Ірану Хасейн Абдалахіян правёў у Бэйруце сустрэчу з каардынатарам ААН па мірным урэгуляваньні на Блізкім Усходзе Торам Вэнэсландам. Пасьля гэтага ён сустрэўся з адным зь лідэраў ХАМАС Ісмаілам Ханіям. Міністар назваў атакі ХАМАС «гістарычнай перамогай у справе адваяваньня палестынскіх земляў» і паабяцаў працягнуць супрацоўніцтва з групоўкай.
«Калі ваенныя злачынствы і генацыд Ізраіля ня будуць неадкладна спынены, сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю і прывесьці да далёкасяжных наступстваў, адказнасьць за якія ляжа на ААН і яе Раду бясьпекі», – напісаў прадстаўнік Ірану ў ААН у сацсетцы Х, былым Твітэры.
Прадстаўнік Ізраілю ў ААН Гілад Эрдан асудзіў Вэнэсланда за сустрэчу з Абдалахіянам і за тое, што ён не асудзіў дзеяньні Ірану па падтрымцы ісламскіх радыкалаў. «Пасьля таго, як вы паціснулі яму руку, не забудзьцеся змыць са сваёй кроў ізраільскіх немаўлят», – напісаў ён.
Ізраіль тым часам працягвае падрыхтоўку да маштабнай наземнай апэрацыі па зьнішчэньні баевікоў ХАМАС у сэктары Газа. Мірным жыхарам сэктару рэкамэндавалі эвакуавацца на поўдзень, бліжэй да граніцы з Эгіптам. Дзясяткі тысяч людзей ужо пакінулі свае дамы.
ЗША адправілі да берагоў Ізраіля другую авіяносную групу.