Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 12 кастрычніка наведаў польска-беларускую мяжу і сустрэўся там з афіцэрамі памежнай службы, паліцыі і салдатамі, адзначыўшы неацэннасьць іх службы, паведаміла прэс-служба польскага прэзыдэнта. Візыт адбыўся за некалькі дзён да парлямэнцкіх выбараў у Польшчы.
Падчас візыту, выступаючы перад прысутнымі, Анджэй Дуда адзначыў «выключную самаадданасьць афіцэраў Памежнай службы, паліцыі, якая іх падтрымлівае, і салдат», адзначыўшы, што каб ня іх праца, Польшча «фактычна ня мела б кантролю над гэтай мяжой», і гэта была б «вельмі небясьпечная сытуацыя» для краіны, маштаб якой цяжка ўявіць.
Ён назваў сытуацыю на мяжы «няпростай» і адзначыў, што ўсяго за некалькі гадзінаў да ягонага візыту мігранты зноў спрабавалі незаконна перасячы мяжу. Паводле Дуды такія выпадкі «адбываюцца пастаянна» і паказваюць, наколькі неабходная агароджа на польска-беларускай мяжы.
«Тут ёсьць людзі, якія падрыхтаваныя і адпраўленыя беларускімі службамі на гэтую мяжу. Гэта скаардынаваныя дзеяньні», — зазначыў Анджэй Дуда.
Візыт Дуды на мяжу адбыўся за некалькі дзён да парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. Такім чынам ён зьвярнуў увагу на беларускую тэму і праблему мігранцкага крызісу, які працягваецца пры садзеяньні рэжэму Лукашэнкі: ёсьць шэраг відэадоказаў, як беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
Як расказваў раней Свабодзе палітоляг Пётра Рудкоўскі, агулам Беларусь амаль ня згадваецца ў праграмных дакумэнтах польскіх партый або кааліцый, аднак пастаяннай тэмай падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі зьяўляецца справа агароджы на польска-беларускай мяжы і спосабы вырашэньня мігранцкага крызісу.
Кіроўная кансэрватыўная партыя «Права і Справядлівасьць» (PiS) на чале зь Яраславам Качыньскім рашучае выступае супраць нелегальнай міграцыі зь Беларусі, паказваючы, што дбае пра інтарэсы Польшчы і палякаў.