Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская тэма гучыць у польскай выбарчай кампаніі. Аналізуе Пётра Рудкоўскі


Выбарчыя плякаты ў Польшчы, горад Сэйны на Падляшшы, верасень 2023
Выбарчыя плякаты ў Польшчы, горад Сэйны на Падляшшы, верасень 2023

Беларускі палітоляг Пётра Рудкоўскі аналізуе, наколькі беларуская праблематыка прысутнічае ў польскай выбарчай кампаніі.

А таксама адказвае на пытаньне, ці маюць беларусы ў Польшчы праблемы ў банках і адміністрацыях як грамадзяне «краіны-суагрэсара», і разважае, ці можа зьмяніцца польская палітыка да Беларусі ў выніку перамогі той ці іншай партыі.

Сьцісла:

  • Беларусь амаль ня згадваецца ў праграмных дакумэнтах польскіх партый або кааліцый.
  • Пераможа ПіС або Грамадзянская кааліцыя — з чыста беларускага гледзішча няма асаблівай розьніцы.
  • У вэрсіі кіроўнай партыі рашучае супрацьдзеяньне нелегальнай міграцыі з Беларусі — доказ дбаньня пра інтарэсы Польшчы і палякаў.

— 15 кастрычніка ў Польшчы пройдуць парлямэнцкія выбары. Наколькі ў цяперашняй найвастрэйшай кампаніі прысутнічае беларуская тэма? Ці можна сказаць, што яна на сёньня далёка не галоўная?

— Так, далёка не галоўная, калі ўвогуле можна гаварыць пра наяўнасьць такой тэмы. Пастаяннай тэмай зьяўляецца справа агароджы на польска-беларускай мяжы і спосабы вырашэньня мігранцкага крызісу. Але гэта складана залічваць да ўласна «беларускіх тэмаў», бо гэта пытаньні з катэгорыі польскай нацыянальнай бясьпекі або гуманітарнага абыходжаньня зь мігрантамі.

Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота
Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота

Беларусь амаль ня згадваецца ў праграмных дакумэнтах партый або кааліцый, якія ўдзельнічаюць у кампаніі. «Новая Лявіца» агульна зазначае важнасьць падтрымкі барацьбы з «расейскім і беларускім аўтакратамі» і важнасьць падтрымкі польскай меншыні ў Беларусі, але на гэтым усё.

У палітычнай публіцыстыцы зрэдку можна спаткаць выкрывальныя тэксты аб палітыцы апанэнтаў у дачыненьні да Беларусі. Напрыклад, прыхільнікі цяперашняй кіроўнай партыі ПіС часам нагадваюць, што ў часы кіраваньня Дональда Туска, у 2011-м, польская пракуратура «здала» Алеся Бяляцкага беларускім уладам. У адказ праціўнікі ПіС згадваюць візыты прадстаўнікоў кіроўнай партыі ў Менск у 2016–2019 гадах і іхныя заявы аб важнасьці пацяпленьня адносінаў з афіцыйным Менскам. Але гэта дзеецца хутчэй «на маргінэсе» выбарчай палемікі. Гэтыя тэмы далёка не цэнтральныя.

— Мы бачым, як на тле выбараў разгарэліся польска-ўкраінскія супярэчнасьці і абмен рытарычнымі ўдарамі з абодвух бакоў. Здаецца, пакуль не было такога, каб і беларуская тэма трапіла «пад эмацыйную раздачу» ў гарачыні перадвыбарных дэбатаў?

— Украінска-польскія супярэчнасьці — гэта асобная і даволі прыкрая тэма. На жаль, спраўдзіліся мае перасьцярогі, якія я раней публічна выказваў, што ліміт «салідарнасьці з Украінай» можа нечакана даваць пра сябе знаць. Гэтая тэма ва ўсёй красе праявілася ў кантэксьце пытаньня наконт імпарту ўкраінскага збожжа.

У выпадку Беларусі, а ў прыватнасьці палітычнай іміграцыі, такога тыпу пытаньні адпадаюць. І калі беларуская тэма можа трапіць «пад раздачу», то хіба што ў кантэксьце таго самага міграцыйнага крызісу: у вэрсіі кіроўнай партыі абедзьве тэмы — забарона імпарту збожжа з Украіны і рашучае супрацьдзеяньне нелегальнай міграцыі зь Беларусі — доказ дбаньня пра інтарэсы Польшчы і палякаў; у вэрсіі іхных апанэнтаў — усё гэта доказ паразы ўсходняй палітыкі кіроўнай партыі.

— Разам з парлямэнцкімі выбарамі будзе і рэфэрэндум, на які кіроўная партыя вынесла чатыры пытаньні — пра пэнсіі, мігрантаў, прыватызацыю, а чацьвёртае гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю бар’еру на мяжы Польшчы зь Беларусью»? Што гэта азначае?

— Тут няўзброеным вокам відаць, што рэфэрэндум зьяўляецца палітычным прыдаткам да выбараў і закліканы ўзмацніць пазыцыю кіроўнай партыі, а ў выпадку яе пройгрышу на выбарах — аслабіць палітычную пазыцыю новай улады. Пытаньні так падабраныя і сфармуляваныя, што абсалютная бальшыня тых, хто не збайкатуе рэфэрэндум, адкажа на іх адпаведна чаканьням цяперашняй кіроўнай партыі.

Таму, калі да ўлады прыйдзе апазыцыя, яна паўстане перад выбарам: або праводзіць палітыку паводле вынікаў рэфэрэндуму, і тады яны апынаюцца ў прыніжальным становішчы (маўляў, столькі гадоў суцэльна крытыкавалі папярэднюю ўладу, а цяпер працягваеце ейную палітыку), або праводзіць палітыку насуперак вынікам, і тады паўстае закід наконт «антынароднага характару» новай улады. Карацей кажучы, гэта частка ўнутрыпалітычнай гульні і зь «беларускай тэмай» як такой асаблівай сувязі ня мае.

— Ці маюць асноўныя палітычныя сілы — кіроўныя кансэрватары з ПІС і лібэралы з Грамадзянскай плятформы — нейкія стратэгічныя разыходжаньні што да беларускай тэматыкі? Ці можна сказаць, што пры любым выніку выбараў стратэгічна палітыка Польшчы да Беларусі застанецца той самай?

— Цяпер адбываецца палітычная гонка, і рэдкія згадкі пра ўласна беларускую тэму ня дужа інфарматыўныя. Думаю, што перамога ПіС або перамога Грамадзянскай кааліцыі — з чыста беларускага гледзішча няма асаблівай розьніцы. Гэта, зрэшты, адна з прычын, дзеля якой ня варта нам, беларусам, занадта ангажавацца ва ўнутраную палітыку Польшчы і выступаць на баку той ці іншай партыі.

— Польшча застаецца адной з самых адкрытых і спрыяльных краінаў да беларусаў — і ў сэнсе прыёму, і ў сэнсе дапамогі дэмакратычным сілам. Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны беларусы фіксавалі пэўныя недружалюбныя акты — недзе не адкрывалі рахункаў, недзе не працягвалі дакумэнтаў. Ці можна сказаць, што гэтая хваля прайшла і польскія дзяржаўныя і камэрцыйныя структуры зноў успрымаюць беларусаў у цэлым пазытыўна?

— Не, не прайшла. Напрыклад, пару тыдняў таму мая жонка сутыкнулася з праблемай у ажыцьцяўленьні адной банальнай банкаўскай транзакцыі. Менавіта з прычыны славутага «беларускага пашпарта». У выніку справа вырашана была на яе карысьць, але гэта дзякуючы таму, што, добра валодаючы польскай мовай і быўшы ўпэўненай ва ўласнай праўдзе, яна запатрабавала спатканьня з кіраўніцай аддзела банку. Але далёка ня ўсе добра валодаюць польскай мовай і ня ўсе пачуваюцца настолькі ўпэўнена.

Тут, аднак, варта ўсьведамляць спэцыфіку любой бюракратычнай сыстэмы. Ёсьць «надзвычайная сытуацыя» ў выглядзе расейскай агрэсіі супраць Украіны, якую падтрымаў, з нашай пэрспэктывы, «беларускі рэжым», з пэрспэктывы тых самых банкаў — проста «Беларусь». Хутка выпрацоўваюцца агульныя інструкцыі або рэкамэндацыі банкам. Ну а шараговыя службоўцы, якія непасрэдна маюць зносіны зь людзьмі, мусяць найперш кіравацца гэтымі рэкамэндацыямі.

Калі, напрыклад, рэкамэндацыя сфармулявана кшталту «Калі лічыце, што ў гэтым выпадку ніякай пагрозы няма, можаце задаволіць запыт, але калі акажацца, што чалавек злоўжыў банкаўскімі паслугамі, то вы (або ваш аддзел) панясе адказнасьць за наступствы» — ясна, што пераважная большасьць клеркаў будуць перастрахоўвацца. Адмовіць «на ўсякі выпадак» менш рызыкоўна, чым задаволіць просьбу. Вяртаючыся да свайго кейса з жонкай, можна канстатаваць, што, па вялікім рахунку, гэта пабочны прыкры прадукт вайны і спробаў процідзеяньня агрэсарам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG