Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу: «Караць усіх палестынцаў — няслушна, гуманітарная дапамога аўтаноміі працягнецца»


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

У Эўразьвязе маюць намер працягнуць гуманітарную дапамогу жыхарам сэктару Газа і Заходняга берагу Ярдану.

Ня ўсе палестынцы — тэрарысты, таму караць іх усіх за атаку ХАМАС на Ізраіль будзе «несправядліва і непрадуктыўна», заявіў высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль пасьля нарады зь міністрамі замежных справаў краін ЭЗ. Паводле Бурэля, «пераважная іх большасьць — за двума ці, магчыма, трыма выключэньнямі» — выказалася за працяг супрацы з адміністрацыяй Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі (ПНА) і далейшае аказаньне дапамогі жыхарам палестынскіх тэрыторыяў.

Большасьць краін — чальцоў Эўразьвязу падтрымалі прапанову Эўракамісіі праверыць, «як выкарыстоўваецца гэтая дапамога і хто яе атрымлівае, каб быць упэўненымі ў адсутнасьці сувязі паміж нашай падтрымкай і тэрарыстычнай дзейнасьцю ХАМАС», сказаў Бурэль. Ён падкрэсьліў: калі высьветліцца, што ЭЗ міжволі фінансаваў тэрарыстаў, то «нехта павінен будзе ўзяць за гэта палітычную адказнасьць».

Бурэль адзначыў, што такая праверка «не павінна быць апраўданьнем для затрымак» у супрацоўніцтве з ПНА, якая «ёсьць чымсьці зусім іншым, чым ХАМАС», прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у Ізраілі, ЗША і ЭЗ.

«Будзе жахлівай памылкай у гэты крытычны момант спыніць падтрымку Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі, бо гэта будзе найлепшым падарункам, які мы можам зрабіць ХАМАС, і гэта паставіць пад пагрозу нашы інтарэсы і наша партнэрства з арабскім сьветам», — рэзюмаваў Бурэль.

Гуманітарная дапамога жыхарам сэктару Газа і Заходняга берагу ракі Ярдан працягнецца «столькі, колькі неабходна», заявіў у той жа дзень афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі Балаш Уйвары. Ягоны калега Эрык Мамэр дадаў, што ў Брусэлі пачалася дыскусія на тэму іншых відаў фінансавай дапамогі палестынцам, аднак, незалежна ад яе выніку, гуманітарная дапамога будзе выплачвацца.

9 кастрычніка эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Олівэр Вархэі казаў, што Брусэль прыпыніць фінансавую дапамогу ПНА на фоне нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль. І назваў суму ў 691 млн эўра. Аднак Мамэр растлумачыў, што заява Вархэі не датычыла гуманітарнай дапамогі.

Паводле ацэнак ААН, каля 1,5 млн. з 2,1 млн. жыхароў сэктару Газа залежаць ад гуманітарнай дапамогі. Дапамога ад Эўразьвязу не перадаецца ўладам, а разьмяркоўваецца партнэрамі, якія ажыцьцяўляюць праекты на месцах, — міжнародным гуманітарным арганізацыям, агенцтвам ААН або НДА. У 2023 годзе Эўракамісія вылучыла на гэтыя мэты 27,9 млн эўра.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG