Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ізраільскіх ахвяраў нападу ХАМАС перавысіла тысячу


Пахаваньне маёра арміі Ізраілю.
Пахаваньне маёра арміі Ізраілю.

Колькасьць ізраільскіх ахвяраў нападу ўзброеных атрадаў радыкальнай групоўкі ХАМАС перавысіла тысячу. Пра гэта паведаміла ў аўторак пасольства Ізраілю ў ЗША. Параненыя каля 3,5 тысячы жыхароў Ізраілю.

Колькасьць ахвяраў расьце, бо ў населеных пунктах, захопленых на некаторы час раніцай 7 кастрычніка атрадамі ХАМАС, ізраільскія вайскоўцы і валянтэры знаходзяць целы ўсё новых ахвяр нападу.

Паводле ацэнак ізраільскага боку, у выніку нападу былі захопленыя ад 100 да 150 ізраільцян і грамадзян іншых краін, у тым ліку ЗША, якіх утрымліваюць у сэктары Газа. ХАМАС, прызнаны ў ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай арганізацыяй, заявіў, што будзе забіваць закладнікаў у адказ на ўдары па жылых дамах у Газе. На гэты час пацьверджанай інфармацыі пра такія забойствы закладнікаў няма.

Паводле зьвестак Арміі абароны Ізраілю, па стане на раніцу аўторка ў баях загінулі 123 ізраільскія вайскоўцы. Каля 50 былі захопленыя ў палон у першыя гадзіны пасьля нападу.

У сэктары Газа ў выніку масаваных авіяўдараў, якія наносіць Ізраіль па інфраструктуры ХАМАС, загінулі больш за 800 палестынцаў, больш за 4 тысячы былі параненыя — такія дадзеныя мясцовага Міністэрства аховы здароўя. Ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што толькі на ізраільскай тэрыторыі былі забітыя 1500 байцоў ХАМАС; незалежна праверыць гэтыя зьвесткі немагчыма.

Групоўка ХАМАС прызнала, што ў выніку ізраільскіх авіяўдараў па Газе былі забітыя двое чальцоў палітбюро — кіраўнічага органа групоўкі. Сярод іх — міністар эканомікі ў адміністрацыі ХАМАС Джуад Абу Смалах.

Паводле падлікаў ААН, усяго ў выніку ізраільскіх удараў у сэктары Газа разбурана як мінімум 790 дамоў, яшчэ больш за 5000 пашкоджана. З прычыны пашкоджаньня інфраструктуры без водазабесьпячэньня і каналізацыі засталіся каля 400 000 чалавек.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG