Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку чарговага этапу праверкі баявой здольнасьці Ўзброеных сіл.
Як паведаміла прэсавая служба ведамства ў тэлеграм-канале, праверку распачалі паводле даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Кіруе вучэньнямі дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Беларусі.
«Праверка мае комплексны характар і дазволіць вызначыць гатоўнасьць вайсковых частак і падразьдзелаў выконваць задачы паводле прызначэньня. Войскі ў кароткія тэрміны ажыцьцявяць маршы ў выбраныя раёны з наступным выкананьнем нарматываў па прадметах баявой падрыхтоўкі. Апроч таго, вайсковая і спэцыяльная тэхніка пройдзе праверку ў кантрольных прабегах, у тым ліку па перасечанай мясцовасьці», — адзначаецца ў паведамленьні.
У часе вучэньняў вайсковая тэхніка і асабовы склад будуць перамяшчацца ў Менскай і Віцебскай абласьцях. Прадугледжваецца таксама задзейнічаць авіяцыю ў інтарэсах падтрымкі сухапутных войскаў.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.