У вучэньнях прымуць удзел службовыя асобы выканкамаў і вайсковых камісарыятаў вобласьці, вайсковаабавязаныя Магілёўскага, Асіповіцкага і Чавускага раёнаў, а таксама два атрады «народнага апалчэньня».
«Сілы тэрытарыяльнай аабароны адпрацуюць пытаньні аховы і абароны важных аб’ектаў, забесьпячэньня мераў ваеннага становішча з прыцягненьнем атрадаў народнага апалчэньня, вядзеньня барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка, у тым ліку з баявой стральбой артылерыйскіх падразьдзелаў тэрытарыяльных войскаў на палігоне „Асіповіцкі“», — паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Таксама ведамства аб’явіла аб правядзеньні з 22 па 26 верасьня двухбаковых комплексных вучэньняў «на розных палігонах і ўчастках мясцовасьці», пераважна на тэрыторыях Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай вобласьцяў. Іх мэта — удасканаліць узровень гатоўнасьці органаў вайсковага кіраўніцтва апэратыўных абʼяднаньняў да кіраваньня падчас вядзеньня баявых дзеяньняў.
Камандуючы Абʼяднанымі сіламі Ўзброеных сілаў Украіны Сяргей Наеў заявіў, што чарговыя манэўры беларускага войска «не ствараюць ваеннай пагрозы, але ёсьць пэўная небясьпека», таму ўкраінскае войска «ўзмацняе пільнасьць і рыхтуе свае сілы да адэкватнага рэагаваньня».
Рэжым Лукашэнкі падтрымаў Расею, якая 24 лютага 2022 году пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Тэрыторыю Беларусі ў пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвала расейскае войска для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Таксама Беларусь адпраўляла расейскаму войску тэхніку і рыхтавала расейскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі.