Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: Расея рыхтуе новыя выпрабаваньні ракеты зь ядзерным рухавіком


Спадарожнікавыя здымкі расейскага палігону Новая Зямля
Спадарожнікавыя здымкі расейскага палігону Новая Зямля

Расейскае войска можа рыхтаваць у Арктыцы новыя выпрабаваньні ракеты зь ядзерным рухавіком або ўжо правяла іх. Пра гэта паведамляе амэрыканскае выданьне The New York Times, зыходзячы са спадарожнікавых здымкаў.

Паводле ацэнкі NYT, гаворка ідзе пра міжкантынэнтальную балістычную ракету «Буравесьнік» зь ядзернай сілавой устаноўкай.

На спадарожнікавых здымках палігону Новая Зямля ад 20 верасьня відаць, што туды пад’ехала шмат вайсковай тэхнікі, у тым ліку цягач, памеры якога адпавядаюць памерам «Буравесьніка». У той жа час прыбралі ахоўнае пакрыцьцё. Другі раз такая ж актыўнасьць была зафіксаваная са спадарожнікаў 28 верасьня.

31 жніўня Расея выдала загад паветраным судам не лятаць у зоне палігону, абвясьціўшы яе часова небясьпечнай. Пазьней дзеяньне загаду працягвалася яшчэ некалькі разоў, цяпер яна дзейнічае да 6 кастрычніка. Такі ж загад выдаваўся пры папярэдніх выпрабаваньнях «Буравесьніка» ў 2019 годзе.

Акрамя таго, нарвэская экалягічная арганізацыя Bellona заявіла, што апазнала на спадарожнікавых здымках на вайсковай авіябазе Рагачова, прыкладна за 150 кілямэтраў ад палігону, два самалёты, якія належаць «Росатому». Яны выкарыстоўваюцца для назіраньняў пры ядзерных выпрабаваньнях.

Расея ня першы раз выпрабоўвае «Буравеснік». Паводле зьвестак незалежнай назіральніцкай групы Nuclear Threat Initiative, паміж 2017 і 2019 гадамі Расея правяла 13 пробных запускаў «Буравесьніка», усе яны скончыліся няўдачамі, у тым ліку з чалавечымі ахвярамі. У 2019 годзе выбух ракеты прывёў да гібелі сама меней 7 чалавек у пасёлку Нёнакса Архангельскай вобласьці, дзе разьмяшчалася камандаваньне вайсковай часткі, і да радыяактыўнага заражэньня прылеглых тэрыторый.

  • «Буравесьнік» — міжкантынэнтальная крылатая ракета. Яна ня толькі здольная несьці ядзерны боезарад, але і мае ядзерную энэргетычную ўстаноўку. Гэта, на думку канструктараў, павінна даць ёй амаль неабмежаваную далёкасьць палёту. Экспэрты папярэджваюць, што наяўнасьць у ракеты ядзернага рухавіка ў выпадку аварыі можа прывесьці да катастрафічных наступстваў, нават калі ракета не нясе ядзерных боегаловак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG