Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: перамовы з Расеяй па спыненьні агню ва Ўкраіне зайшлі ў тупік


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Перамовы ЗША з Расеяй наконт спыненьня агню ва Ўкраіне на дадзены момант зайшлі ў тупік, паведамляюць Bloomberg і Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін настойвае на поўным кантролі над часткова акупаванымі рэгіёнамі Ўкраіны ў рамках любога пагадненьня аб спыненьні вайны, піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы ў Маскве, знаёмыя з сытуацыяй. Гаворка ідзе пра Луганскую, Данецкую, Запароскую і Херсонскую вобласьці Ўкраіны.

Bloomberg адзначае, што патрабаваньне Пуціна наносіць удар па намаганьнях прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, накіраваных на найхутчэйшае спыненьне агню і завяршэньне вайны ва Ўкраіне. Агенцтва таксама ўказвае на расчараваньне ў Белым доме наконт адсутнасьці прагрэсу ў перамовах.

Паводле двух суразмоўцаў Bloomberg, якія папрасілі не называць іх імёнаў, спэцпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф спрабаваў пераканаць Пуціна пагадзіцца на спыненьне агню, якое спыніць баявыя дзеяньні ўздоўж цяперашняй лініі фронту падчас працяглай сустрэчы ў Крамлі ў пятніцу на мінулым тыдні. Расейскі лідэр, аднак, захаваў сваю максымалісцкую пазыцыю ў адносінах да анэксаваных тэрыторый.

Перамовы на дадзены момант зайшлі ў тупік, і для іх далейшага руху неабходны прамы кантакт паміж Пуціным і Трампам, сказала адна з крыніц агенцтва.

Чыноўнікі Белага дому, якія за апошнія два месяцы сустракаліся з прадстаўнікамі Крамля ня менш за шэсьць разоў, вярнуліся зь перамоваў «з пустымі рукамі», і гэта пачынае іх турбаваць, піша брытанская газэта Financial Times (FT) са спасылкай на «эўрапейскіх і ўкраінскіх афіцыйных асобаў». ЗША ўжо паведамілі Эўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік, адзначае газэта.

Паводле крыніц FT, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп знаходзіцца на мяжы адмовы ад пляну па мірным урэгуляваньні вайны ва Ўкраіне. З прычыны няўступлівасьці Пуціна Трамп імкнецца заключыць любую дамову як мага хутчэй, нават калі яна апынецца больш сьціплай за яго першапачатковыя амбіцыі, гаворыцца ў матэрыяле.

«Трамп гатовы скарыстацца любым прарывам на гэтым тыдні, які знамянуе яго першыя 100 дзён знаходжаньня ва ўладзе, нават калі ён ня будзе спрыяць доўгатэрміноваму рашэньню (заканчэньня вайны ва Украіне. — рэд.), паведамілі FT чатыры чыноўнікі.

Прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў на просьбу Bloomberg аб камэнтары не адказаў.

«Мы не камэнтуем бягучыя абмеркаваньні», — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джэймс Х’юіт.

  • Уладзімір Пуцін абʼявіў чатыры вобласьці ва ўсходняй і паўднёвай частцы Ўкраіны часткай Расеі пасьля таго, як расейскія ўлады празь некалькі месяцаў пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году арганізавалі так званыя рэфэрэндумы на тэрыторыях, занятых расейскай арміяй. Расея аднак не кантралюе землі гэтых чатырох абласьцей цалкам.
  • Вынікі галасаваньня на занятых Расеяй украінскіх тэрыторыях, у тым ліку у Крыме, не прызнаюць у большасьці краінаў сьвету. Кіеў неаднаразова заяўляў, што не прызнае анэксаваныя тэрыторыі расейскімі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG