Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так выглядае сьмерць». Што сказалі жыхарам расейскай вёскі пра радыяцыю пасьля выбуху 8 жніўня


Пантоны, пад адным зь якіх адбыўся выбух падчас выпрабаваньняў у Нёнаксе
Пантоны, пад адным зь якіх адбыўся выбух падчас выпрабаваньняў у Нёнаксе

Журналісты расейскай службы Радыё Свабода Сяргей Дабрынін і Марк Крутаў пішуць пра новыя сьведчаньні аб наступствах таямнічай аварыі на палігоне ў Архангельскай вобласьці.

12 жніўня адбылася сустрэча жыхароў вёскі Нёнакса Архангельскай вобласьці з кіраўніком разьмешчанага непадалёк марскога ракетнага палігону Міністэрства абароны Расеі, капітанам першага рангу Ўладзімірам Босым. На гэтай сустрэчы Босы, камандзір вайсковай часьці 09703, да якой адносіцца палігон, заявіў, што загінулыя і пацярпелыя ад выбуху людзі «выйшлі на пантон, і пад пантонам усё выбухнула». Часьць 09703, таксама неафіцыйна вядомая як «нуль-дзявятка», займаецца абслугоўваньнем галоўнага ваенна-марскога палігона Міністэрства абароны Расеі і з 1950-х выпрабоўвае ракеты марскога базаваньня, у тым ліку, зь ядзернымі боегалоўкамі.

Радыё Свабода ўдалося атрымаць некалькі фатаграфій і відэа плывучай плятформы, меркавана, разбуранай падчас гэтай аварыі, а таксама азнаёміцца яшчэ з адным відэазапісам сустрэчы Босага з жыхарамі.

Вёска Нёнакса, архіўнае фота
Вёска Нёнакса, архіўнае фота

19 жніўня цэнтральная служба навін Радыё Свабода зьвярнула ўвагу на відэа, апублікаванае віленскім інфармацыйным агенцтвам Newsader са спасылкай на YouTube-канал Sotnik-TV. На відэароліку вельмі нізкай якасьці мужчына ў вайсковай форме расказвае пра наступствы радыяцыйнай аварыі, пераконваючы слухачоў, што яе наступствы не ўяўляюць для іх пагрозы — калі не набліжацца да выкінутых на бераг абломкаў. Раней журналістам не ўдавалася пацьвердзіць, што здымкі вяліся на сустрэчы вайсковага камандаваньня палігону з жыхарамі Нёнаксы па выніках выбуху 8 жніўня і дакладна высьветліць імя вайскоўца, які выступаў перад людзьмі.

«Прыносілі ягады з агарода, камандзір еў»

Радыё Свабода ўдалося зьвязацца з двума жыхаркамі вёскі Нёнакса (яны пажадалі захаваць ананімнасьць зь меркаваньняў асабістай бясьпекі), якія незалежна адна ад адной распавялі, што сустрэча з Босым сапраўды адбылася 12 жніўня на тэрыторыі часткі 09703, і раней апублікаваны відэаролік быў зроблены падчас яе. Адна з жанчын ведае пра мерапрыемства са слоў сваячкі, якая была на ім. Жанчына расказала Радыё Свабода, што для паездкі зь Нёнаксы быў спэцыяльна арганізаваны аўтобус, а таксама пра тое, што жыхары вёскі «прыносілі ягады з агароду, камандзір еў», — верагодна, каб прадэманстраваць адсутнасьць радыяцыйнага заражэньня.

Другая суразмоўніца Радыё Свабода была на сустрэчы сама. Яна дала нам яшчэ адно відэа з маналёгам капітана Босага. Ролік зьняты ў дастаткова добрай якасьці, каб Босага можна было пазнаць. На гэтых здымках, для параўнаньня, Босы выступае на дні ВМФ у 2018 годзе, верагодна, у тым жа зале.

Фотаздымак Уладзіміра Босага для параўнаньня зь відэа:

Расшыфроўка відэа:

«... ці яшчэ хтосьці бачыў нейкае павышэньне радыяцыі, то я б хацеў гэта ўбачыць. У нас вельмі шмат людзей зацікаўлена ў тым, каб пэўных рэчаў не было. І таму сацыяльныя сеткі — гэта наогул поўнае гаўно. Гэта поўная безадказнасьць. Сядзіць Вася, ну трэба ж нешта тут выявіць. Хоп [паказвае рукамі публікацыю допісу ў сацсетку] — "а ты чытаў?" — "Ну так" — "А ты ж зірні, кашмар які!". Мы цяпер усе граматныя! А ці ў Васі нехта спытаў, што Вася схлусіў? Вось усе кажуць, пажары ў Сібіры, чаму пажары? [Голас з залі: "Нехта падпальвае"] Правільна! Працы няма! А за гашэньне пажару грошы плацяць. І ўся краіна пакутуе. Але хто-небудзь сказаў, што, вы ведаеце, вы прабачце, мне там на бутэльку бракавала ці яшчэ на што-то, я тут падпаліў трошкі, а яно там усчалася шчыльней? Вы ведаеце, мы проста краіна цікавая».

Вось што казаў Босы на відэазапісе, апублікаваным раней: «8 жніўня людзі выйшлі на пантон, і пад пантонам усё выбухнула. Пантон падкінула, і ад зьмешчаных на ім прадметаў яны атрымалі несумяшчальныя з жыцьцём пашкоджаньні. Гэта работнікі "Росатома". Іх павезьлі ў спэцыялізаваную бальніцу "Росатома". Хто вам сказаў, што выпрабаваньні былі толькі 8 жніўня? Выпрабаваньні былі задоўга да гэтага».

Акрамя таго, вайсковец таксама распавёў жыхарам вёскі, што падчас здарэньня выпрабоўваўся ракетны рухавік, які «сілкуецца ядзернымі ізатопамі», і рэкамэндаваў людзям «не набліжацца да прадметаў, выкінутых за апошнія дні на бераг».

Сустрэча праходзіла ў закрытым фармаце, і можна выказаць здагадку, што капітан першага рангу, перад якім стаяла задача супакоіць жыхароў Нёнаксы, паведаміў ім вэрсію, прынамсі набліжаную да рэальнасьці. Верагодна, выпрабаваньне невядомай ядзернай прылады праводзіліся ў акваторыі затокі пад дном плывучай плятформы. Радыё Свабода ўдалося выявіць фатаграфію і відэа двух пантонаў, якія апынуліся на ўзьбярэжжы каля ваенна-марскога палігону неўзабаве пасьля аварыі. Адзін з іх падтоплены і прыкметна пашкоджаны.

«У бок вусьця нават не глядзім!»

Жыхар Нёнаксы (ён таксама захацеў застацца ананімным) пераслаў Радыё Свабода скрыншоты запісу з групы «Нёнокса — в сердце моем», публічны доступ да якой з таго часу быў спынены адміністратарамі. На скрыншотах — здымак двух пантонаў, адзін зь іх стаіць проста на краі пляжу, а другі, разьмешчаны за некалькі дзясятках мэтраў ад берагу, мае відавочныя пашкоджаньні і напалову затоплены.

Запіс, зроблены невядомым аўтарам, суправаджаецца тэкстам: «Так выглядае сьмерць. У бок вусьця [ракі Вярхоўкі] нават не глядзім. Толькі ў бок Сюзьмы (суседні пасёлак, 7 кілямэтраў на захад па ўзьбярэжжы ад Нёнаксы, — заўв. РС). Бацькі, правядзіце працу з дзецьмі. Дзіцячая цікаўнасьць не ведае межаў. Спадары вайскоўцы, выбачайце, што карцінку кідаю. Няхай людзі паглядзяць і супакояцца. І вам спакайней будзе, што цікаўны народ бліжэй не палезе разглядаць. Няхай адзін раз у кампутары паглядзяць».

Аўтар гэтага запісу ў камэнтары таксама просіць не распаўсюджваць фатаграфію за межы групы. Карыстальнік, які даслаў здымкі Радыё Свабода, тлумачыць, што сам атрымаў іх ужо ў выглядзе скрыншотаў. Зрэшты, адна з жыхарак вёскі, якая ўдзельнічае ў цяпер закрытай групе «Нёнокса — в сердце моем» пацьвердзіла, што гэты запіс там публікавалася. Яны не пагадзілася пераслаць арыгінальны здымак ў больш высокай якасьці.

Нам удалося знайсьці кароткае відэа, на якім відаць гэтыя ж два пантоны. Яно было апублікавана 18 жніўня ў адкрытай групе «Северодвинск Life». Калі верыць подпісу, здымкі была зроблены 17 жніўня. На відэа пантоны разьмешчаныя трохі інакш, чым на фатаграфіі, акрамя таго, бліжэйшы да берагу пантон знаходзіцца ў вадзе, а не на пяску. Магчыма, прычына такой розьніцы ў тым, што фота было зьнятае падчас адліву.

У кадры відэа трапіў крыж, звараны з мэталічных труб. Гэта дазваляе даволі дакладна высьветліць, дзе менавіта на ўзьбярэжжа разьмяшчаюцца або разьмяшчаліся пантоны. Жыхарка Нёнаксы пацьвердзіла, што крыж знаходзіцца на ўзьбярэжжы каля сяла, непадалёк ад вусьця рэчкі Вярхоўка. Крыж таксама трапіў на некалькі здымкаў, у прыватнасьці, у фотасправаздачу аб турысцкім паходзе ад Нёнаксы у суседнюю Сюзьму і назад. З фатаграфіі і апісаньня паходу вынікае, што крыж разьмешчаны ў тым месцы, дзе пешаходная сьцежка ад Нёнаксы падыходзіць да ўзьбярэжжа, у пачатку пясчанай касы на левым беразе Вярхоўкі. Пантоны стаяць у вадзе крыху правей па касе ў бок вусьця ( «Не глядзіце ў бок вусьця»), а дарожка сыходзіць уздоўж берагу налева да Сюзьмы ( «[глядзіце] толькі ў бок Сюзьмы»). На процілеглым, правым беразе Вярхоўкі пачынаецца закрытая тэрыторыя вайсковага палігону, пры гэтым найбліжэйшая пляцоўка да месца разьмяшчэньня пантонаў — меркаваная стартавая пляцоўка ракеты «Буревестник»).

На кадрах з паходу, які прайшоў у ліпені 2019 году, пантонаў няма. Гэта значыць яны не зьяўляюцца пастаянным элемэнтам мясцовага ляндшафту.

8 жніўня амэрыканскі Цэнтар вывучэньня праблем нераспаўсюджваньня у Мантэрэі апублікаваў спадарожнікавы здымак кампаніі Planet Labs, на якім відаць раён меркаванай аварыі. На здымку можна пабачыць разьмяшчэньне караблёў і пантонаў, якія ўдзельнічалі ў выпрабаваньнях. Калі параўнаць іх месцазнаходжаньне з фотаздымкамі пантонаў, знойдзеных Радыё Свабода, можна зрабіць выснову, што пасьля аварыі іх адцягнулі да берага — прычым вайскоўцы ня сталі заводзіць заражаныя радыяцыяй плывучыя плятформы на тэрыторыю сваёй часьці, а кінулі іх на беразе побач з папулярнай у мясцовых жыхароў дарогай. Магчыма, аднак, што пантоны папросту выкінула на бераг пасьля аварыі, як пра гэта кажа на відэа Ўладзімір Босы.

Аўтар відэа з пантонамі трымае ў руках дазімэтар — замер радыяактыўнага выпраменьваньня і быў мэтай здымкаў. Паказаньні дазімэтра знаходзяцца ў межах нормы і складаюць 5-6 мікрарэнтген у гадзіну. Незалежны расейскі экспэрт у галіне ядзерных тэхналёгій Валянцін Гібалаў патлумачыў Радыё Свабода, што гэта не супярэчыць магчымаму радыяактыўнаму заражэньню адной або абодвух пантонаў. Спасылаючыся на калькулятар радыяактыўнасці, Гібалаў паказаў, што нават калі сумарная актыўнасьць заражэньня пантонаў адпавядае 1 тэрабэкерэлю (ТБК) цэзію, то на адлегласьці 200 мэтраў фон гама-выпраменьвання будзе заставацца ў межах нормы.

Тэрабэкерэль, ці трыльён бэкерэляў, апісвае актыўнасьць радыяактыўнай крыніцы. Для параўнаньня, сумарны выкід радыяактыўнага цэзію ў выніку Чарнобыльскай аварыі ацэньваецца ў 85 ПБК (пэтабэкерэляў, 1 ПБК = 1000 ТБК), у дзесяткі тысяч разоў вышэй.

«Нагадаю, што францускія навукоўцы змадэлявалі, што пры нядаўнім рутэніевым здарэнтні на камбінаце "Маяк" было выкінута 300 ТБК. Цяпер, мяркуючы па інфармацыі сетак маніторынгу за радыянуклідамі, і гэтага не набралася, прычым па ізатопах, якія станцыі выяўляюць у меншай канцэнтрацыі. Я б абмежаваў агульны магчымы выкід 10 ТБК», — кажа Гібалаў.

Экспэрт лічыць цалкам верагодным, што большая частка радыянуклідаў пры выбуху трапіла ў ваду ці была выкінутая ў атмасфэру, а агульная заражанасьць рэшткамі ядзернага паліва плывучых плятформаў складае адзінкі ТБК, і таму не адлюстроўваецца на паказаньнях дазімэтра за некалькі сотняў мэтраў.

Гэтыя развагі пацьвярджаюць словы капітана Босага: хутчэй за ўсё, само па сабе разьмяшчэньне заражанай плятформы за некалькіх кілямэтраў ад Нёнаксы не пагражае жыхарам, а вось дотык да пантонаў або выкінутых зь іх прадметаў можа быць сьмяротна небясьпечным. Пытаньне пра тое, ці трапілі радыянукліды ў атмасфэру, у якім складзе і колькасьці, і куды накіравалася радыяактыўнае воблака, застаецца адкрытым.

Як усё пачыналася

Выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці адбыўся 8 жніўня. Паводле афіцыйных дадзеных, у выніку яго загінулі прынамсі 7 чалавек — пяць супрацоўнікаў дзяржкарпарацыі «Росатом» і двое вайскоўцаў. Міністэрства абароны і «Росатом» не раскрываюць падрабязнасьці выпрабаваньняў, адзначаючы толькі, што выбухнуў ракетны рухавік, які выкарыстаў радыяактыўную ізатопную крыніцу сілкаваньня. Паводле адной з асноўных вэрсій, выбух мог адбыцца пры тэставаньні новай расейскай крылатай ракеты з ядзернай рухальнай устаноўкай «Буравесьнік». Пазьней пра гэта ж напісаў у Твітэры прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Пасьля аварыі аддзел грамадзянскай абароны адміністрацыі Северадзьвінску паведаміў, што разьмешчаныя ў межах гораду датчыкі зафіксавалі кароткачасовае павышэньне радыяцыйнага фону ў 4-16 разоў. Пасьля фон нармалізаваўся.

19 жніўня стала вядома, што дзьве расейскія станцыі міжнароднай сыстэмы маніторынгу Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў перасталі выходзіць на сувязь. Праз суткі арганізацыя паведаміла, што спынілася перадача дадзеных яшчэ зь дзьвюх станцый. Гаворка ідзе пра станцыі ў падмаскоўнай Дубне, Кіраўску ў Алтайскім краі, чукоцкім горадзе Білібіна і алтайскім сяле Залесава. Удзень 20 жніўня кантакт са станцыямі на Алтаі і Чукотцы быў адноўлены.

У інтэрвію выданіню Wall Street Journal выканаўчы сакратар арганізацыі Ласін Зэрба распавёў, што расейскія чыноўнікі патлумачылі адсутнасьць доступу да дадзеных станцый праблемамі зь сеткай і сувязьзю. Тым ня менш, многія экспэрты падазраюць, што адключэньне адразу некалькіх станцый маніторынгу неўзабаве пасьля аварыі ў Нёнаксе — спроба расейскіх уладаў схаваць дакладны склад радыяактыўных ізатопаў у паветры, які мог бы праліць сьвятло на падрабязнасьці няўдалых выпрабаваньняў у Нёнаксе і вызначыць тып ядзернай прылады, пацярпелай пры выбуху.

Нягледзячы на тое, што расейскія ўлады ўжо на наступны дзень пасьля аварыі прызналі гібель людзей, у першыя гадзіны пасьля інцыдэнту прынамсі частку інфармацыі аб выбуху спрабавалі замаўчаць. Так, 16 жніўня стала вядома, што ўрачоў архангельскай бальніцы, куды даставілі пацярпелых пры выбуху, не папярэдзілі пра тое, што ім трэба будзе працаваць з апрамененымі радыяцыяй людзьмі. Пазьней у крыві аднаго зь лекараў, паводле дадзеных выданьня The Moscow Times, знайшлі радыеактыўны цэзій-137.

Прэс-служба ўраду Архангельскай вобласьці гэта адмаўляе. Як паведамляе «Медуза» са спасылкай на калегу аднаго з лекараў, мэдыкі былі дастаўлены для абследаваньня ў Маскву, у фэдэральны мэдыцынскі біяфізычны цэнтар імя А.І. Бурназяна. Там аднаму з пацярпелых нібыта сказалі, што цэзій-137 зьявіўся ў ягоным арганізьме «праз крабаў зь японскай Фукусімы, якія той еў у адпачынку ў Тайляндзе». У цэнтры імя Бурназяна праходзяць лячэньне пацярпелыя пры выбуху ў Нёнаксе — як і многія ліквідатары чарнобыльскай аварыі 33 гады таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG