Судзьдзя Ройс Ламбэрт выдаў пастанову, у якой гаворыцца, што «сродкі, вылучаныя Кангрэсам ЗША, павінны быць перададзеныя Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода». Судзьдзя зазначыў, што прэзыдэнт Трамп таксама падпісаў адпаведны закон аб бюджэце.
Гаворка ў пастанове судзьдзі ідзе пра 12 мільёнаў даляраў, якія мусілі пералічыць у красавіку.
Прадстаўнікі Белага дому не камэнтавалі гэтага рашэньня судзьдзі.
«Сёньняшняе рашэньне, якое прадпісвае USAGM вылучыць месячную суму з штогадовага бюджэту РСЭ/РС, вызначанага Кангрэсам, азначае, што нашы журналісты змогуць надалей працаваць, прыцягваючы дыктатараў і дэспатаў да адказу, — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывэна Капуса. — Мы спадзяемся атрымаць запозьненыя сродкі за красавік неадкладна, бо ў гэтым месяцы мы былі вымушаныя адправіць супрацоўнікаў у вымушаны адпачынак і скараціць праграмы для рэгіёнаў, якія маюць крытычнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі ЗША».
У сакавіку USAGM, арганізацыя-апякун Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода, аб’явіла пра замарожваньне прыблізна 75 мільёнаў даляраў, вылучаных на фінансаваньне дзейнасьці РСЭ/РС Кангрэсам на гэты фінансавы год. Гэтае рашэньне прыняло часовае кіраўніцтва USAGM на падставе ўказу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які наказвае спыніць неэфэктыўнае расходаваньне сродкаў амэрыканскіх падаткаплатнікаў.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода аспрэчыла законнасьць дзеяньняў кіраўніцтва USAGM у фэдэральным акруговым судзе ў Вашынгтоне. 25 сакавіка судзьдзя Ламбэрт вынес пастанову на карысьць РСЭ/РС, аднак арганізацыя-апякун не пералічыла сродкі, абумовіўшы іх выдачу непрымальнымі ўмовамі. У выніку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода было вымушанае зноў зьвярнуцца ў суд.
Праз спыненьне фінансаваньня кампанія была вымушаная адправіць частку супрацоўнікаў у адпачынак. Беларуская служба Радыё Свабода перапыніла выпуск шэрагу знакавых праектаў: «ПіК Свабоды» на YouTube-канале «Свабода Premium» ці «Тлумачым з Гурневічам» на YouTube-канале Радыё Свабода, відэападкасты «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца сьвет», істотна скараціўшы сваю штодзённую прысутнасьць на ўсіх плятформах.
«Мы будзем працягваць судовыя дзеяньні і супрацоўнічаць з USAGM, каб забясьпечыць выплаты ў астатні час фінансавага году», — падкрэсьліў Стывэн Капус.
- Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, у склад якога ўваходзіць Беларуская служба Радыё Свабода — незалежная мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт сродкаў, вылучаных Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя.
- 14 сакавіка 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пра скарачэньне дзейнасьці сямі дзяржаўных агенцтваў, у тым ліку USAGM.
- Усьлед за гэтым зьявілася апавяшчэньне аб спыненьні дзеяньня ўхваленага Кангрэсам ЗША гранту, які фінансуе дзейнасьць РСЭ/РС.
Форум