Фэдэральная служба бясьпекі РФ расьсьледуе магчымы ўдзел высокапастаўленых чыноўнікаў Расгвардыі ў мецяжы ПВК «Вагнэр», паведамляе амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) ў зводцы за 22 верасьня.
Пры гэтым ISW спасылаецца на інфармацыю з блізкага да расейскіх сілавікоў ананімнага тэлеграм-каналу «ВЧК-ОГПУ». У публікацыі на канале сьцьвярджаецца, што ФСБ праводзіць расьсьледаваньне ў дачыненьні да службовых асобаў Расгвардыі пасьля таго, як тыя нібыта дазволілі «вагнэраўцам» схаваць «значную частку» снарадаў і тэхнікі на складах Расгвардыі. Дамоўленасьць была дасягнутая пасьля заканчэньня мецяжу, калі найміты ПВК мусілі быць раззброеныя.
«ВЧК ОГПУ» сьцьвярджае, што яму нібы «дакладна вядома» аб стварэньні такога «сховішча» ў раёне населенага пункта Казачы Стан, паблізу аднаго з расгвардзейскіх палігонаў. Туды перакінулі да чатырох буйных кантэйнэраў вайсковай маёмасьці, схему з боку Расгвардыі курыраваў нейкі Раман, які знаходзіцца ў званьні генэрала, гаворыцца ў публікацыі Telegram-канала.
«ISW працягвае лічыць, што Крэмль, верагодна, імкнуўся кансалідаваць апарат унутранай бясьпекі Расеі вакол Расгвардыі пасьля мецяжу ПВК «Вагнэр», — падкрэсьліваецца ў зводцы Інстытута вывучэньня вайны.
Адразу пасьля мецяжу «вагнэраўцаў» стала вядома, што Расгвардыя атрымае танкі і цяжкае ўзбраеньне.
21 верасьня стала вядома, што ў парлямэнце РФ падрыхтавалі пакет законапраектаў, які дазволіць Расгвардыі мець у сваім складзе добраахвотніцкія фармаваньні. Адзін з аўтараў законапраекту, дэпутат Аляксандар Хінштэйн заявіў, што ініцыятыва «ня мае нічога агульнага» з чуткамі пра перавод у склад Расгвардыі былых падразьдзяленьняў ПВК «Вагнэр».