Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самі прыдумалі закон — хай самі мяне і шукаюць». Што беларусы кажуць наконт абавязку паведамляць пра дазвол на жыхарства за мяжой


У 2020 беларусы замежжа зьвярнуліся зь лістамі да паслоў Беларусі ў шэрагу краінаў, заклікаўшы зрабіць усё магчымае, каб на ўчастках пры амбасадах выбары былі свабодныя і празрыстыя, а падлік галасоў адкрыты і сумленны. Нідэрлянды, архіўнае фота 2020 году.
У 2020 беларусы замежжа зьвярнуліся зь лістамі да паслоў Беларусі ў шэрагу краінаў, заклікаўшы зрабіць усё магчымае, каб на ўчастках пры амбасадах выбары былі свабодныя і празрыстыя, а падлік галасоў адкрыты і сумленны. Нідэрлянды, архіўнае фота 2020 году.

У Беларусі 11 ліпеня набыў моц абавязак грамадзян паведамляць у міліцыю пра дазвол на жыхарства ў іншай краіне, іншае грамадзянства або «карту паляка». Міліцэйскія чыноўнікі палохаюць адказнасьцю за ўтойваньне гэтых дакумэнтаў. Што пра ўсё гэта кажуць беларусы?

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў, што беларускія грамадзяне актыўна заяўляюць пра свае замежныя дакумэнты.

Паводле ягонай інфармацыі, 6,5 тысячы чалавек ужо зьвярнуліся ў органы. Міліцэйскі начальнік дадаў, што міліцыянты валодаюць інфармацыяй пра людзей, якія маюць замежнае грамадзянства або дазвол на жыхарства.

«Таму ў выпадку наяўнасьці вышэйзгаданых дакумэнтаў рэкамэндуецца паведаміць аб гэтым самастойна, каб пазьбегнуць у далейшым адказнасьці, увядзеньне якой у цяперашні час прапрацоўваецца», — заявіў Бягун.

«Ды ўжо пакаралі ўсіх так, што больш няма куды»

Марына (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя па іх просьбе. — РС) мае часовы дазвол на жыхарства ў Фінляндыі. Яна плянуе рабіць і сталы дазвол на жыхарства. Паведамляць пра свой статус не зьбіраецца.

«Што яны мне зробяць? У Беларусь я не магу паехаць, бо нагаварыла, напісала, „нахадзіла“ ў 2020 на некалькі артыкулаў. Маёмасьці там ня маю, дзякуй богу», — кажа эмігрантка.

Яна дадае, што праз указ Лукашэнкі цяпер усё адно ня зробіш за мяжой аніякіх дакумэнтаў. «Дык якая тады розьніца — якое яны там прыдумаюць мне пакараньне?» — разважае Марына.

Максім жыве і працуе ў Польшчы, мае там часовы дазвол на жыхарства. Ён лічыць, што норма «даносу на сябе» аб легальным праве жыць за мяжой — крок да таго, каб забіраць маёмасьць у тых беларусаў, якія выехалі з краіны з палітычных прычын.

«Але я не выключаю, што пазабіраюць і ў тых, хто проста шабашыць паехаў і «я политикой не интересуюсь», — мяркуе Максім.

Ён не выключае, што хутка ўлады пачнуць нават пазбаўляць грамадзянства ўсіх уладальнікаў замежных дакумэнтаў. «Але гэта толькі ў плюс, бо яшчэ больш будзе дэлегалізаваць рэжым у вачах цывілізаванага сьвету», — дадаў суразмоўца.

«Я іх магу толькі паслаць па вядомым адрасе»

Алеся пераехала ў Літву пасьля падзей 2020 году, мае сталы дазвол на жыхарства. У Беларусь яна не зьбіраецца вяртацца. Цяпер Алеся мае праблему: яна пачала працэдуру продажу кватэры па даверанасьці, зробленай у Літве. Працэс спыніўся праз указ Лукашэнкі пра забарону атрымліваць дакумэнты за мяжой.

«Цяпер яшчэ і гэта? Я ім буду нешта расказваць пра сябе? Можа ім яшчэ і здымкі маіх дакумэнтаў даслаць? Я іх цяпер магу толькі паслаць па вядомым адрасе. Самі прыдумалі гэты закон, вось хай самі мяне і шукаюць», — злуецца жанчына.

Яна лічыць, што такі абавязак прапісалі ў законе ня проста так. «Будуць даваць штрафы. Потым на штрафы будзе „капаць“ пеня. Потым будуць забіраць маёмасьць у „беглых“. Дзеля гэтага ўся гэтая мітусьня», — лічыць эмігрантка.

Беларуска Кацярына, якая жыве ў Польшчы, расказала, што яе сваячка ўжо займела праблемы ад таго, што мае «карту паляка».

«Цётка працавала на дзяржаўным заводзе. Яе некалькі разоў выклікала кіраўніцтва і прымушала адмовіцца ад „карты паляка“. Сказала, што не адмовіцца, бо гэта яе карані, яе бабуля была полькай. Яна не адмовіцца ад продкаў. Па выніку ёй „мякка“ пагражалі непрыемнасьцямі, потым — не працягнулі кантракт», — сьцьвярджае суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG