Беларускія грамадзяне «актыўна заяўляюць пра свае замежныя дакумэнты», паведаміў начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.
МУС нагадвае, што з набыцьцём моцы зьмяненьнем і дапаўненьнем у Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» у трохмесячны тэрмін неабходна паведаміць пра наяўнасьць (набыцьцё) грамадзянства (падданства), дазволу на жыхарства або іншага дакумэнта замежнай дзяржавы.
«Цяпер у органы ўнутраных спраў і органы дыпляматычнай службы зьвярнуліся больш за 6,5 тысячы чалавек, — адзначыў Бягун, якога цытуе прэс-служба ведамства. — Дарэчы, у АУС валодаюць інфармацыяй аб людзях, якія маюць замежнае грамадзянства або дазвол на жыхарства. Таму ў выпадку наяўнасьці вышэйзгаданых дакумэнтаў рэкамэндуецца паведаміць аб гэтым самастойна, каб пазьбегнуць у далейшым адказнасьці, увядзеньне якой у цяперашні час прапрацоўваецца».
11 ліпеня набылі моц зьмены ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Сярод іншага ўведзены абавязак грамадзян на працягу трох месяцаў пасьля атрыманьня замежнага грамадзянства, дазволу на жыхарства, іншых дакумэнтаў, якія даюць дадатковыя правы на тэрыторыі іншых краін (напрыклад, «карты паляка»), паведамляць аб гэтым кампэтэнтным органам Беларусі.
Цяпер, згодна з заканадаўствам, за непаведамленьне аб наяўнасьці ў грамадзяніна Беларусі грамадзянства або дазволу на жыхарства іншай краіны адказнасьці няма.