Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Напалоханыя і раззлаваныя»: беларусы ў Сэрбіі пасьля «пашпартнага ўказу» Лукашэнкі баяцца застацца без грамадзянства


Сьцяг Сэрбіі ў Белградзе. Ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Сэрбіі ў Белградзе. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы ў Бялградзе, зь якімі паразмаўляла Балканская служба Радыё Свабода, лічаць, што ўлады Сэрбіі наўрад ці будуць занадта цікавіцца іх праблемамі, бо маюць сымпатыі да ўладаў Расеі і Беларусі, а маштабы беларускай дыяспары невялікія.

«Я ў лютасьці і крыху ў паніцы», — такімі словамі грамадзянка Беларусі, якая назвалася Анастасія К., камэнтуе для Радыё Свабода рашэньне аўтарытарнага рэжыму краіны спыніць выдачу пашпартоў беларусам, якія жывуць за мяжой, у дыпляматычных прадстаўніцтвах.

Анастасія ўжо амаль год жыве ў Сэрбіі. Яна папрасіла не публікаваць сапраўднага імя, асьцерагаючыся адплаты з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, магчымай на фоне яе ўдзелу ў антырэжымных дэманстрацыях у папярэднія гады.

«Я брала ўдзел у акцыях пратэсту перад амбасадай Беларусі ў Расеі і публікавала ў сацыяльных сетках шмат кантэнту, які там (у Беларусі) лічыцца „экстрэмісцкім“, таму ў выпадку вяртаньня я рызыкую апынуцца ў турме ці ізаляцыі. Мне страшна», — кажа Анастасія.

Яна пакінула радзіму ў кастрычніку 2022 году, праз 8 месяцаў пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Паводле яе слоў, у Сэрбіі яна ня мела патрэбы карыстацца консульскімі паслугамі, бо яе пашпарт дзейнічае да 2027 году. У сьвятле новых абставін яна больш беражліва карыстаецца гэтым дакумэнтам.

«Калі зь ім нешта здарыцца, у мяне ня будзе іншага выбару, акрамя як вярнуцца дадому і рызыкаваць сваёй фізычнай бясьпекай. Тое ж самае з большасьцю юрыдычных дакумэнтаў і апастылем на іх», — кажа Анастасія.

Новае правіла наконт выдачы беларускага пашпарта распаўсюджваецца і на шмат якія іншыя дакумэнты.

Вяртаньне азначае турму

Зьміцер сёньня жыве з падобнымі страхамі. Ён пражывае ў Сэрбіі з кастрычніка 2022 году і ў размове з журналістамі назваўся толькі па імені, таксама баючыся за сваю бясьпеку.

«Я сядзеў у турме 13 дзён у 2020 годзе, падчас пратэстаў — таму я да гэтага часу ў полі зроку [рэжыму]. Гэта значыць, што мяне могуць арыштаваць адразу на мяжы», — тлумачыць Зьміцер.

Ён інтэрпрэтуе новую бюракратычную працэдуру ў Беларусі як акт помсты Лукашэнкі праціўнікам рэжыму ў Менску, да якіх беларускі ўрад ня можа дагрукацца.

«Такім чынам ён спрабуе ўскладніць ім жыцьцё за мяжой і прымусіць іх вярнуцца ў Беларусь», — лічыць Зьміцер.

Сёньня ён працуе ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій у Бялградзе і мае часовы від на жыхарства. Хоць тэрмін дзеяньня ягонага пашпарта заканчваецца празь пяць гадоў, ён разглядае альтэрнатыўныя варыянты.

«Для мяне гэта азначае, што мне варта больш канкрэтна паглядзець на магчымасьць атрыманьня новага грамадзянства (у Сэрбіі ці ў іншай краіне)», — кажа Зьміцер.

Былы амбасадар Сэрбіі ў Беларусі Срэчка Джукіч сказаў Радыё Свабода, што рашэньне афіцыйнага Менску — яшчэ адзін крок да закрыцьця гэтай краіны. І што грамадзяне, якія не жадаюць вяртацца ў Беларусь, практычна застаюцца без грамадзянства.

«Я думаю, што яно накіраванае ў першую чаргу на беларускую апазыцыю, якая вельмі шматлікая і ўжо даўно знаходзіцца ў суседніх краінах Балтыі ці ў іншых краінах Эўропы...» — сказаў Джукіч.

«Магчымае вяртаньне беларускіх мігрантаў пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня іх пашпартоў будзе азначаць турэмнае зьняволеньне. Такім чынам, яны будуць своеасаблівымі асобамі без грамадзянства, і гэта стане праблемай для Эўропы. Я думаю, што з Сэрбіі нямала такіх людзей пераедзе ў краіны Эўразьвязу», — лічыць Срэчка Джукіч.

У МУС Сэрбіі не адказалі на запыт Радыё Свабода аб тым, колькі грамадзян Беларусі цяпер пражываюць у Сэрбіі па часовым відзе на жыхарства, а таксама колькі прыехала ў Сэрбію пасьля антырэжымных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе да сёньня.

Не паступіў адказ і з пасольства Беларусі ў Бялградзе.

Паводле камэрцыйнай базы дадзеных Checkpoint, у пэрыяд з 1 чэрвеня 2020 па 11 верасьня 2023 году ў Сэрбіі зарэгістравана 183 суб’екты, заснавальнікі якіх — выхадцы зь Беларусі. Зь іх 118 зарэгістраваныя як прадпрымальнікі, 64 — як асобы з абмежаванай адказнасьцю і адно як прадстаўніцтва замежнай юрыдычнай асобы.

Анастасія лічыць, што беларуская грамада ў Сэрбіі невялікая, і яна ня думае, што сэрбскія ўлады будуць занадта цікавіцца іхнымі праблемамі.

Зьміцер мае тую ж думку.

«Нават калі гэты новы пашпарт Беларусі [дакумэнт, прапанаваны Кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай] пачне дзейнічаць, я ня ўпэўнены, што краіны Заходніх Балканаў па-за межамі ЭЗ (Сэрбія, Чарнагорыя) прызнаюць гэты новы асабовы дакумэнт. Асабліва ў Сэрбіі, дзе многія людзі ва ўладзе адчуваюць сымпатыі да [рэжымаў] Расеі і Беларусі», — кажа Зьміцер.

Паводле яго слоў, ідэя альтэрнатыўнага пашпарта «ня мае шанцаў» быць прынятаю сэрбскімі ўстановамі.

У МЗС Сэрбіі не адрэагавалі на тэрміновы запыт Свабоды аб пазыцыі міністэрства наконт ідэі выдачы альтэрнатыўнага пашпарта грамадзянам Беларусі.

Адносіны паміж Бялградам і Менскам

Сэрбія — адна зь нямногіх эўрапейскіх краін, якая не ўвяла санкцыі супраць Расеі, пасьля таго як Крэмль пачаў уварваньне ва Ўкраіну.

Афіцыйны Бялград час ад часу выконваў санкцыі, якія краіны ЭЗ увялі супраць рэжыму ў Менску ў адказ на рэпрэсіўныя захады рэжыму супраць прыхільнікаў апазыцыі і журналістаў.

Пасьля далучэньня Сэрбіі да санкцый ЭЗ у сьнежні 2021 году Савет міністраў Беларусі празь месяц прыняў рашэньне ў адказ — увесьці санкцыі на імпарт прадуктаў харчаваньня з Сэрбіі.

Аднак з таго часу, як у 2012 годзе да ўлады ў Сэрбіі прыйшла Сэрбская прагрэсіўная партыя, вышэйшыя чыноўнікі захоўваюць сяброўскія адносіны з Лукашэнкам.

Апошні раз Лукашэнка наведваў Бялград у 2019 годзе. Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Сэрбіі і разьлічвае на «падтрымку Сэрбіі ў прынцыповых для нас пытаньнях».

Беларусь не прызнала абвешчаную ў 2008 годзе незалежнасьць Косава, былой аўтаномнай правінцыі Сэрбіі. Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч падзякаваў Лукашэнку за гэта падчас свайго візыту ў Бялград у канцы 2019 году.

«З таго часу як прэзыдэнт Лукашэнка быў лідэрам Беларусі, ніколі не здаралася, каб Беларусь галасавала супраць Сэрбіі», — сказаў Вучыч з гэтай нагоды.

На дадзены момант Сэрбія падтрымала 9 з 25 заяваў ЭЗ супраць рэжыму ў Беларусі.

Падчас масавых пратэстаў супраць рэжыму ў 2020 годзе Сэрбія падпісала дэклярацыю ЭЗ, у якой гаварылася, што грамадзяне Беларусі «праявілі імкненьне да дэмакратычных перамен» падчас выбарчай кампаніі, але прэзыдэнцкія выбары «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі».

Аднак прэмʼер-міністар Сэрбіі Ана Брнабіч пазьней заявіла, што спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка «ня будзе пярэчыць супраць» Сэрбіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG