Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У складаныя часы сатыра і гумар служаць тэрапіяй». Расказваем пра сэрыял «Працэсы», зьняты па матывах беларускай рэчаіснасьці


Сэрыя «Ператрымка». Сэрыял тэлеканалу «Белсат» з удзелам актораў Купалаўскага тэатру
Сэрыя «Ператрымка». Сэрыял тэлеканалу «Белсат» з удзелам актораў Купалаўскага тэатру

АМАПавец, генэрал КДБ, чыноўнік і Ябацька — галоўныя героі чорнай абсурдысцкай камэдыі «Працэсы». Стваральнікі папулярнага ютуб-каналу «Чын-Чын-Чэнэл» завяршаюць працу над першымі чатырма сэрыямі праекту.

Рэжысэр Андрэй Кашперскі — у мінулым прэзыдэнцкі стыпэндыят (калі вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў), пасьпеў папрацаваць на «Беларусьфільме». Разам з купалаўцам Міхаілам яны яшчэ ў Менску прыдумалі «ЧынЧынЧэнэл», а ў Варшаве нарадзіўся новы сэрыял-анталёгія ў стылі чорнай камэдыі — «Працэсы». Аўтараў «натхнялі» навіны зь Беларусі пра рэпрэсіі, затрыманьні, прававую сваволю, насаджэньне лукашэнкаўскай ідэалёгіі, а таксама вайна ва Ўкраіне.

«У ліпені 2020 году, калі не зарэгістравалі Віктара Бабарыку, я быў у Менску на пратэстах, бачыў, як затрымлівалі людзей. Я кажу сябру: „А што будзе, калі месцы ў СІЗА і беларускіх турмах скончацца? Гэтым АМАПаўцам давядзецца затрыманых да сябе дадому на ператрымку браць“. Падзяліўся гэтай ідэяй зь Мішам Зуем, мы абодва загарэліся ёю. І такіх ідэй у нас набралася зь дзясятак.

Назву мы прыдумалі адразу — „Працэсы“. Некалькі разоў паўтарылі слова „Працэс“, і гэта перагукнулася ў нас з Кафкам», — узгадвае Андрэй Кашперскі.

(«Працэс» — філязофскі раман Франца Кафкі, які аналізуе клясычную праблему сучаснага грамадзтва — процістаяньне чалавека і сыстэмы. — РС).

Андрэй Кашперскі
Андрэй Кашперскі

У канцы 2021 году каманда ва Ўкраіне працавала над фільмам «Тут быў Ленін». У сьнежні хлопцы прэзэнтавалі новы праект «Працэсы» з шасьці гісторый тэлеканалу «Белсат», праект зацьвердзілі. Наступнае абмеркаваньне заплянавалі на сакавік 2022 году. Але ў лютым ва Ўкраіне пачалася вайна.

«Наша каманда з Украіны пераехала — хто куды. Я ў Варшаву. Празь месяц пасьля дэпрэсіўнага стану мы зь Мішам Зуем вырашылі ўзяць сябе ў рукі і яшчэ раз „запітчыць“ праект на Белсат. Нам сказалі, што гэта неактуальна, гэта ня пойдзе — вайна!

Але нам удалося іх пераканаць: узгадалі прыклады з усясьветнай культуры, „Вялікага дыктатара“, „Доктара Стрэйнджлава“ — маўляў, „у складаныя часы сатыра і гумар служаць тэрапіяй“, і нам далі дабро», — узгадвае Андрэй Кашперскі.

Спачатку з суаўтарам Міхаілам Зуем яны прыдумлялі лёгкія, сатырычныя, гумарыстычныя гісторыі, якія ў прынцыпе не маглі адбыцца з прычыны сваёй абсурднасьці. Аднак з навінаў даведваліся, што гэтыя гісторыі збываюцца: фантазіі становяцца рэальнасьцю.

«У нас была гісторыя, у якой судзілі мёртвых. На пачатку сакавіка 2022 году мы пісалі гісторыю пра тое, як расейскія вайскоўцы ва Ўкраіне крадуць тэхніку. Салдат скраў тэлевізар, бо ў яго не было, нясе каробку, і тая пачынае зь ім размаўляць.

Рэальнасьць пачала нас даганяць, і мы зразумелі, што наш абсурдысцкі сэрыял „Працэсы“ пачаў ператварацца ў амаль дакумэнтальны. І калі рэальнасьць супадае з нашымі фантазіямі, мы ня будзем прыдумляць штосьці супэрфантастычнае і сыходзіць у сэрыялы кшталту „Чорнага люстра“, пастараемся паказаць тое, што ёсьць», — кажа рэжысэр «Працэсаў».

У Варшаве ў 2022 годзе зьнялі пілётны праект — «Ператрымка». Фільм з посьпехам паказалі на некалькіх фэстывалях. Ужо ёсьць гатовыя сцэнары шасьці гісторый. У працы — тры сэрыі.

Назвы праекту і ўсіх фільмаў пачынаюцца на літару «П»

Першы сэзон «Працэсаў» складаецца з чатырох фільмаў, кожны — цэласная скончаная гісторыя, ва ўсіх ёсьць і агульны сэнс, некаторыя пэрсанажы зьяўляюцца і ў іншых навэлах.

Назвы ўсіх фільмаў пачынаюцца на літару «П», як і ўвесь праект — «Працэсы»:

  • «Ператрымка»,
  • «Патрыятычнае практыкаваньне»,
  • «Прысьнілася» і
  • «Праграма перадач».
Андрэй Кашперскі
Андрэй Кашперскі

Стваральнікі «Працэсаў» хацелі паказаць цёмны бок сілы — як функцыянуе сыстэма з розных бакоў, — прыадкрывае таямніцы Андрэй Кашперскі.

«Паказаць „антыгерояў“, злодзеяў — гэта зараз вітаецца ў сусьветнай сэрыяльнай індустрыі: як у „Картачным доміку“, „Ва ўсе цяжкія“, „Гульні тронаў“, „Чорным люстры“. Мы паказваем герояў саркастычна, са злосьцю — нібыта гэта ня з намі адбываецца.

На здымках мы атрымлівалі вялікае задавальненьне, кайф, весяліліся. Але калі сядаеш за мантажны стол, бачыш адзьняты матэрыял — і становіцца страшна. Я сябе пераконваў, што мы здымаем жанравае кіно, а аказваецца, гэта тое, што з намі адбываецца», — разважае рэжысэр.

Абаронная рэакцыя і тэрапія

У першай навэле, «Ператрымка», галоўны герой — АМАПавец. Спачатку фільм нагадвае анэкдот, але ў другой частцы гэта ўжо трылер. У галоўных ролях Андрэй Новік і Валянціна Гарцуева.

Сэрыя «Ператрымка». Сэрыял «Працэсы» тэлеканалу «Белсат» з удзелам актораў Купалаўскага тэатру
Сэрыя «Ператрымка». Сэрыял «Працэсы» тэлеканалу «Белсат» з удзелам актораў Купалаўскага тэатру

Герой другой навэлы, «Патрыятычнае практыкаваньне», — генэрал КДБ, якога сыграў Ігар Сігоў. Сілавікі ходзяць па школах і забіраюць дзяцей на экскурсію, каб паказаць, як працуе КДБ.

Сэрыя «Патрыятычнае практыкаваньне»
Сэрыя «Патрыятычнае практыкаваньне»
Сэрыя «Патрыятычнае практыкаваньне»
Сэрыя «Патрыятычнае практыкаваньне»

Трэцяя гісторыя — «Прысьнілася» — крыху містычная: усім чыноўнікам пэўнага міністэрства сьніцца адзін і той жа сон пра першую асобу дзяржавы. У ролі чыноўніка — Алег Гарбуз.

Сэрыя «Прысьнілася». Саша Альтэр / Белсат
Сэрыя «Прысьнілася». Саша Альтэр / Белсат
Сэрыя «Прысьнілася». Саша Альтэр / Белсат
Сэрыя «Прысьнілася». Саша Альтэр / Белсат

Чацьвёрты фільм, «Праграма перадач», хутчэй драматычны. Маці, простая прадавачка, больш як год ня бачыла сына. Ён тэлефануе, але маці ня чуе ягонага голасу, толькі выбухі, крыкі. Усе кажуць: «Што ты прыдумала? Вайны ж няма!» Ролю маці выконвае расейская акторка Яна Траянава, а тэлевядоўцы — народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік.

Сэрыя «Праграма перадач»
Сэрыя «Праграма перадач»
Сэрыя «Праграма перадач»
Сэрыя «Праграма перадач»

«Мы стараемся нашы гісторыі напаўняць эмоцыямі, чорным гумарам. Напэўна, гэта нэрвовы сьмех, гэта меч, які дапамагае змагацца нам са страхам, гэта абаронная рэакцыя, гэта спосаб барацьбы, гэта тэрапія адначасова», — мяркуе рэжысэр.

80% беларускіх актораў

Андрэй Кашперскі расказаў і пра сваю «зорную» акторскую каманду. Калі толькі пачыналі працаваць, думалі, што ня хопіць актораў, бо ў задумах было 10 гісторый. Ня ўсе пераехалі, хтосьці езьдзіў у Беларусь і ня мог здымацца.

Андрэй Кашперскі
Андрэй Кашперскі

«Мы правялі кастынг, аказалася, што ёсьць шмат выдатных актораў, і ня толькі купалаўцаў. У нас 80% беларусаў. Некаторыя ролі пісалі пад канкрэтных актораў і актрыс. На другасных ролях здымаюцца ўкраінскія і польскія акторы.

У чацьвёртай навэле ў галоўнай ролі расейская акторка Яна Траянава, якая здымалася ў Сігарава, давала інтэрвію Дудзю. Некаторых бралі пад другі сэзон — у нас ёсьць гісторыі для іх, на будучыню», — расказаў Андрэй Кашперскі.

Цалкам сэрыял «Працэсы» пакажуць на Белсаце і выставяць у сеціве ў канцы году.

У плянах — паказаць сэрыял «Працэсы» на вялікіх экранах у варшаўскіх кінатэатрах. Усе чатыры сэрыі разам доўжацца дзьве гадзіны. Некалькі дзён фільмы здымалі ў Палацы навукі і культуры ў Варшаве, пазнаёміліся з дырэктаркай тамтэйшага кінатэатру «Кінатэка», якая вельмі зацікавілася беларускімі «Працэсамі». Дамаўляюцца і з кіраўніцтвам кінатэатру Luna.

У канцы верасьня «Ператрымку» каманда павязе ў ЗША на Austin Film Festival.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG