Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купалаўцы» падрыхтавалі спэктакль паводле рамана Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Прэм’ера пройдзе ў Варшаве


Архіўнае фота. Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» падчас прэм'еры спэктакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» ў Кракаве, сьнежань 2021 году
Архіўнае фота. Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» падчас прэм'еры спэктакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» ў Кракаве, сьнежань 2021 году

12 жніўня на сцэне TR Warszawa ў межах фэстывалю INEX FEST і Тыдня беларускага тэатру ў Варшаве адбудзецца прэм’ера спэктакля «Плошча Перамогі» незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Спэктакль «Плошча Перамогі» — гістарычна недакладная фантасмагарычная прыпавесьць паводле аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча.

«Дзе і калі адбываюцца падзеі? Нідзе і ніколі. Пра што спэктакль? Пра тое, што калі нехта, апантаны прагай улады, сам верыць ва ўласную хлусьню, ён абавязкова прывядзе і сябе, і ўсю краіну да катастрофы. Гісторыя сьведчыць, што хлусьня засмоктвае ня толькі папуліста, але і ўсіх, хто яму паверыў. І нам сёньня як ніколі важна супрацьстаяць палітычнаму маніпуляваньню», — кажа пра спэктакль рэжысэр Аляксандар Гарцуеў.

Цяпер у тэатры ідуць апошнія рэпэтыцыі «Плошчы Перамогі».

У пастаноўцы задзейнічаныя акторы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Мікалай Стонька, Ігар Сігоў, Аляксандар Зелянко, Кацярына Яворская, Яўгенія Кульбачная, Алег Гарбуз, Кірыл Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Аляксандар Гарцуеў, Зоя Белахвосьцік, Сяргей Чуб, Аляксандар Казела, Пётр Непагод.

«Падчас вайны ў адным горадзе быў прыняты жорсткі закон: неадкладна вешаць тых, хто прыносіць дрэнныя весткі. Аднак каралеўскаму вестуну шкада разьвітвацца з жыцьцём, і ён вырашае ілгаць, абвяшчаючы перамогу. Так прыгоды пачынаюцца ня толькі ў пасланца Лёксы Шпуля, але і ва ўсіх жыхароў гораду. Калі вы таксама жывяце ў каралеўстве, дзе пануюць Страх і Хлусьня (ці дзесь непадалёк), сюжэт будзе іскрыцца для вас актуальнасьцю», — гаворыцца ў анатацыі да спэктакля на сайце тэатру.

  • Кніга беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» выйшла ў красавіку 2023 году ў праскім выдавецтве «Вясна».
  • Раней «Купалаўцы» паставілі яшчэ адзін спэктакль паводле кнігі Бахарэвіча — спэктакль «Гусі-людзі-лебедзі» паводле адной з частак раману «Сабакі Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG