«Так, скарга пададзеная. Мы зьвярнуліся ў Віленскі акруговы адміністрацыйны суд», — сказаў адвакат Карач Рыціс Саткаўскас. Па ягоных словах, суд павінен разгледзець скаргу на працягу двух месяцаў. Яго цытуе сайт Delfi.lt.
На мінулым тыдні Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Карач у наданьні палітычнага прытулку.
Сама Карач сказала, што Літва адмовіла ёй у прытулку з надуманых прычынаў — напрыклад, яна ў 2021 годзе брала інтэрвію ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канфэрэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Эўракамісіяй.
Па зьвестках крыніц Delfi, Карач нібыта супрацоўнічала са спэцслужбамі Расеі. Аднак сама Карач абвергла гэтыя зьвесткі.
- Вольга Карач — кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом».
- КДБ Беларусі ў верасьні 2021 году ўнёс Карач у «сьпіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 году абвясьціла арганізацыю «Наш дом» «экстрэмісцкім фармаваньнем».