Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра мяжу, Карач, «літвінізм», Пазьняка і Вільню — меркаваньне літоўскага палітоляга Максімаса Мілты


Максімас Мілта, каляж
Максімас Мілта, каляж

Якія матывы падштурхоўваюць літоўскія ўлады да закрыцьця мяжы зь Беларусьсю? На каго скіраваная гэтая мера? Наколькі празрыстая працэдура вызначэньня, хто з замежнікаў становіць пагрозу бясьпецы Літвы? Наколькі востра для Літвы стаіць праблема «літвінізму» сярод эмігрантаў-беларусаў?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium адказвае літоўскі палітоляг, аналітык Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Максімас Мілта.

— Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. 28 жніўня прадстаўнікі Літвы, Латвіі і Польшчы будуць абмяркоўваць прапанову аб поўным закрыцьці межаў зь Беларусьсю. Ці ідзе тут размова толькі пра рух людзей, ці і грузаў таксама?

— У першую чаргу размова ідзе пра пасажырскі рух. Кожная з трох краінаў ЭЗ, якія мяжуюць зь Беларусьсю, мае ўласны погляд на транзыт. У выпадку Літвы ёсьць свае асаблівасьці — празь яе ідзе транзыт у Калінінградзкую вобласьць РФ. І некаторыя абавязкі, якія Літва ўзяла на сябе, калі ў 2004 годзе ўступала ў ЭЗ, тычацца якраз гэтага транзыту, які адбываецца празь Беларусь. Так што пры разглядзе пытаньня закрыцьця мяжы — для руху людзей ці тавараў — пытаньне калінінградзкага транзыту будзе стаяць асобна. І яно будзе вырашацца на ўзроўні ўсяго ЭЗ, а не на ўзроўні адной Літвы ці нават трох краінаў — Літвы, Латвіі і Польшчы.

— Матывацыя такой прапановы — наяўнасьць у Беларусі вагнэраўцаў і іх манэўры ля межаў, павелічэньне плыні мігрантаў, разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі? Ці наагул нешта іншае?

— Агульны назоўнік тых чыньнікаў, якія вы прыгадалі, — заклапочанасьць станам бясьпекі ў рэгіёне. Галоўная прычына — гэта вайна, уварваньне Расеі ва Ўкраіну, учыненае пры спрыяньні Аляксандра Лукашэнкі. Але ёсьць уплыў і дадатковых чыньнікаў, у прыватнасьці, зьяўленьне ў Беларусі ПВК «Вагнэр», якая ў Літве лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй. І яна знаходзіцца непадалёк ад мяжы Літвы, якая ў яе зь Беларусьсю складае 700 кілямэтраў. Адпаведнае рашэньне аб закрыцьці мяжы абмяркоўваецца і рыхтуецца ў сувязі зь іншымі працэсамі. Кожная з трох краінаў мае ўласны палітычны кантэкст. У Польшчы набліжаюцца парлямэнцкія выбары, яны адбудуцца ў кастрычніку. І пытаньне бясьпекі, у тым ліку і ў сувязі зь Беларусьсю, — гэта адно з пытаньняў перадвыбарчых дэбатаў. У Латвіі пайшоў у адстаўку ўрад. Гэта таксама чыньнікі, якія ўплываюць на рашэньне аб закрыцьці мяжы.

— Якая імавернасьць таго, што такая мера ўсё ж будзе прынятая? Можа, яна дзейсная як пагроза, а не як яе выкананьне?

— Закрыцьцё мяжы — частка палітыкі ўмацаваньня бясьпекі. Нядаўна два беларускія верталёты заляцелі на тэрыторыю Польшчы. Гадоў 10-15 таму даволі часта расейскія зьнішчальнікі мэтанакіравана ладзілі правакацыі ў паветранай прасторы балтыйскіх краінаў. Цяпер правакацыі адбываюцца з боку Беларусі. Уся мяжа паміж Беларусьсю і краінамі NATO — 1100 кілямэтраў, дзьве траціны зь іх — мяжа зь Літвой. І ў любым выпадку кантроль за мяжой, на мяжы, будзе ўзмацняцца. Ці вынікае з гэтага, што пасьля 28 жніўня ўсе пункты пераходу на мяжы будуць закрытыя? Гэтае рашэньне будзе прымацца ўрадамі трох краінаў. Але ў любым выпадку мы ўбачым павелічэньне рэсурсаў, якія будуць накіраваныя на ўмацаваньне мяжы. Можа быць закрыты, скажам, яшчэ адзін памежны пераход (не абавязкова ўсе). Аднак я б у любым выпадку не чакаў крокаў у адваротны бок — што, скажам, два пункты, якія нядаўна закрылі, раптам адкрыюць. Тут трэба ўлічваць грамадзкія настроі ў Літве, Латвіі і Польшчы. Гэтыя настроі падштурхоўваюць палітыкаў і ўрадоўцаў да больш пільнага ўмацаваньня бясьпекі.

— А вось якраз пытаньне пра гэтыя грамадзкія настроі. Хто ў асноўным едзе зь Беларусі ў суседнія краіны ЭЗ? Пераважна апанэнты беларускай улады. Або звычайныя людзі да сваёй радні ў суседніх краінах. Калі ў гэтых людзей адабраць магчымасьць езьдзіць, скажам, у Літву — каму тым зробяць кепска? Лукашэнка толькі парадуецца, скажа: калі ласка, не пускайце да сябе маіх ворагаў. Я ім сам хацеў забараніць езьдзіць да вас, а тут вы самі. Дык дзякуй, скажа ён.

— Такі пункт гледжаньня, які выклалі вы, напэўна, лягічны для жыхароў Беларусі. Але як глядзіць на гэта насельніцтва Літвы, Латвіі і Польшчы? Немагчыма апісаць, якое моцнае ўзьдзеяньне на іх зрабіла расейская інвазія ва Ўкраіну. Для іх гэта экзыстэнцыйнае пытаньне. І грамадзяне Літвы кажуць сабе: вось у 2020 годзе беларусы выйшлі на вуліцы на пратэст. Тады Літва працягнула руку дапамогі, мы прынялі 35–40 тысячаў беларусаў, рабілі розныя выключэньні для іх у міграцыйным заканадаўстве, дапамаглі перавезьці іх бізнэсы, заснаваць недзяржаўныя арганізацыі. Але потым прыйшоў 2022 год. Існы ў Менску рэжым падтрымлівае, можа, і нязначная частка беларусаў. Але якія ў нас гарантыі, што людзі, якія цяпер прыяжджаюць у Літву зь Беларусі, — гэта тыя, хто супрацьстаіць рэжыму Лукашэнкі, а ня тыя, хто будзе спрабаваць рабіць правакацыі ў нашай краіне, хто будзе прасоўваць у Літве крамлёўскі парадак дня?

2020 год быў даволі даўно. Зьменаў у Беларусі мы ня бачым. Мы прынялі ахвяраў рэпрэсіяў, людзей, якія пацярпелі. Але цяпер — хто тыя людзі, якія вольна прыяжджаюць у Літву? Што яны тут будуць рабіць? Калі гуманітарная віза, то ОК. Калі вас толькі вызвалілі з турмы і вы ўцякаеце ў вольны край — таксама калі ласка. Але калі вы працягваеце жыць пры тым рэжыме, які ёсьць у Беларусі — на якія кампрамісы вам даводзіцца ісьці? І ці ня вымушаныя вы супрацоўнічаць з рэжымам, каб выжыць? І сярэдні літовец, латвіец ці паляк ня ведае адказу на гэтае пытаньне. І таму на беларусаў, якія прыяжджаюць цяпер, — іншы погляд, чым быў на тых, хто прыяжджаў у 2020-м і 2021-м. Сытуацыя пасьля 24 лютага 2022 году зьмянілася кардынальна. Беларусы мусяць гэта зразумець. Літоўцы ведаюць пра полк Каліноўскага, да беларусаў ставяцца інакш, чым да расейцаў. Але пытаньні ёсьць і да беларусаў. І грамадзтва даводзіць гэтыя пытаньні да абраных палітыкаў. Так і функцыянуе дэмакратыя.

— Літоўскія ўлады кажуць, што захаваюць гуманітарныя калідоры для беларусаў, якія сапраўды ўцякаюць ад палітычнага перасьледу. Як практычна могуць дзейнічаць гэтыя калідоры?

— На працягу апошніх 25 гадоў зьнешняя палітыка Літвы была скіраваная на падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. У Вільні — сотні беларускіх арганізацыяў самага рознага кшталту. І так было ня толькі пасьля 2020 году, але і задоўга да яго. І я не магу сабе ўявіць, што ня будзе створаны нейкі лягістычны інструмэнт, каб людзі зь Беларусі, якія сапраўды шукаюць паратунку, знайшлі яго ў Літве.Я не сумняюся, што такі інструмэнт, такі мэханізм будзе знойдзены. 25 гадоў і літоўскія ўлады, і літоўскае грамадзтва сваімі практычнымі дзеяньнямі дапамагалі тым беларусам, якія шукаюць свабоды і не становяць пагрозы нацыянальнай бясьпецы Літвы.

— 4 жніўня Дэпартамэнт міграцыі Літвы заявіў, што з канца лістапада 2022 году Літва прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для бясьпекі краіны. Адзін з самых гучных такіх выпадкаў апошняга часу — справа кіраўніцы грамадзкай арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач. Наколькі празрыстая для грамадзтва працэдура вызначэньня, ці зьяўляецца тая ці іншая асоба пагрозай нацыянальнай бясьпецы? Ці часта такія рашэньні скасоўваюцца праз суд?

— Для многіх беларусаў слова «спэцслужбы» гучыць пагрозьліва і выклікае кепскія пачуцьці. Але праца спэцслужбаў Літвы і Беларусі значна адрозьніваецца. У Літве ёсьць дзьве спэцслужбы, адна зь іх — Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ), які знаходзіцца пад кантролем парлямэнту. Чальцы Сейму, асабліва чальцы Камітэту Сейму па нацыянальнай бясьпецы і абароне, абавязаныя забясьпечыць празрыстасьць дзейнасьці ДДБ. У Літве нядаўна зьявілася пасада амбудсмэна ў пытаньнях дзейнасьці спэцслужбаў. Гэта яшчэ адзін інструмэнт парлямэнцкага кантролю.

За 30 гадоў дзейнасьці спэцслужбы незалежнай Літвы паказалі, што яны эфэктыўныя і вартыя даверу. Мандат ДДБ — рабіць аналіз, зьбіраць выведную інфармацыю і на падставе гэтага даваць справаздачы і рэкамэндацыі іншым дзяржаўным інстытуцыям, у прыватнасьці, Дэпартамэнту міграцыі. Дэпартамэнт міграцыі, разглядаючы заявы аб даваньні дазволу на жыхарства ці прытулку ў Літве, улічвае і інфармацыю ДДБ. І канчатковае рашэньне па гэтых пытаньнях прымае менавіта Дэпартамэнт міграцыі. Ёсьць частка грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у Літве і адкрыта падтрымліваюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. І гэта абсалютна непрымальна і з пункту гледжаньня маралі, і з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі. Ёсьць выпадкі, калі адмову Дэпартамэнту міграцыі ў дазволе на жыхарства ці ў прытулку аспрэчвалі ў судзе.

Спадарыня Карач дала нядаўна прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні, якая выклікала шмат пытаньняў у літоўскім палітычным дыскурсе. Яна сказала там, што будзе аспрэчваць рашэньне Дэпартамэнту міграцыі ў судзе. Гэта для яе самы рацыянальны спосаб адстаяць сваю пазыцыю. Суд — тое месца, куды варта зьвяртацца ў такім пытаньні, і яна ня будзе першым чалавекам, які будзе зьвяртацца ў суд, каб перагледзець рашэньне Дэпартамэнту міграцыі.

— Старшыня парлямэнцкага Камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне Літвы Лаўрынас Кашчунас лічыць, што беларуская апазыцыя, якая жыве ў Літве, павінна быць занепакоеная ўсё больш прыкметнымі праявамі «літвінства». Наколькі абгрунтаванымі вам падаюцца гэтыя папрокі і занепакоенасьць дэпутата Кашчунаса? Наколькі гэтыя праблемы турбуюць літоўскае грамадзтва?

— У літоўскай грамадзкай прасторы ў гэтым выпадку часьцей гавораць пра «літвінізм». Гэты фэномэн маргінальны. Паводле майго досьведу камунікацыі зь беларусамі, гэтыя погляды падзяляе меншасьць зь іх. Але ў пэўных маргінальных беларускіх асяродзьдзях існуе погляд, што «Вільня наша», што літоўцы — гэта «жмуды», што ім трэба да сваёй Коўны ехаць, што Вільню ім перадаў Сталін, што тут усё нашае. Гэта — бессэнсоўныя, ірацыянальныя тэзы. І натуральна, што яны выклікаюць велізарнае абурэньне. Узьнікае нейкае шызафрэнічнае становішча. Мы падтрымліваем беларусаў, мы даем ім прытулак, мы дапамагаем ім у іх барацьбе за свабоду іх краіны. А яны пачынаюць артыкуляваць прэтэнзіі да нас, да Вільні, да Літвы. Пытаньне палягае ў тым, ці маргінальная гэтая зьява.

У кожным грамадзтве можна знайсьці людзей зь вельмі маргінальнымі поглядамі. Але, можа, гэтыя погляды падзяляюць ня толькі маргіналы, але і некаторыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі? Калі мы паглядзім на заявы Зянона Станіслававіча Пазьняка, на заявы некаторых іншых асобаў, тады ўзьнікае пытаньне, што, можа, большая частка беларусаў падтрымлівае такія погляды? Мне падаецца, што найлепшым рашэньнем было б знайсьці плятформу, на якой выбітныя гісторыкі — беларускія, літоўскія, можа, таксама польскія і ўкраінскія, маглі б абмеркаваць гэтыя гістарычныя пытаньні і не дзяліць нашу супольную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. І вызначыць, што азначае гэтая спадчына ў ХХІ стагодзьдзі. У нас зь беларусамі 700 кілямэтраў супольнай мяжы і 700 гадоў супольнай гісторыі. Але, на жаль, беларусы мала разумеюць сучасную Літву, а мы мала разумеем сучасных беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG