Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч аналізуе галоўныя падзеі гэтага тыдня.
Чым адметны візыт міністра абароны Кітая ў Беларусь, пра што гаворыць закрыцьцё двух памежных пераходаў на беларуска-літоўскай мяжы і ці могуць краіны ЭЗ цалкам закрыць межы зь Беларусьсю, пра што сьведчаць заявы Лукашэнкі ў інтэрвію прарасейскай журналістцы з Украіны Дзіяне Панчанцы: вынікі тыдня з Валерам Карбалевічам.
Міністар абароны Кітаю Лі Шанфу прыбыў у Менск 16 жніўня з Расеі, дзе браў удзел у Маскоўскай канфэрэнцыі ў міжнароднай бясьпецы. На ёй Лі Шанфу заявіў аб зацікаўленасьці разьвіваць вайсковую супрацу зь Беларусьсю, якая плянуе ўступіць у ШАС. Лукашэнка падчас сустрэчы падзякаваў Кітаю за «падтрымку ў сфэры вайскова-тэхнічнай і вайсковай супрацы» і запэўніў міністра абароны Кітаю ў падтрымцы межаў дзяржаў, вызначаных пасьля Другой усясьветнай вайны.
Літва з 18 жніўня афіцыйна закрыла два памежныя пераходы зь Беларусьсю. Памежны пераход Шумск — Лоша і пераход Цьверач — Відзы афіцыйна часова спынілі працу з 00:00 18 жніўня. Гэта стала адказам на магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК «Вагнэр», паток мігрантаў і дзеля перадухіленьня кантрабанды.
На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію прарасейскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанцы, у якім зрабіў шэраг заяваў: сярод іншага, пра тое, што Пуцін не інфармаваў яго пра напад на Ўкраіну ў лютым 2022 году, пра неабходнасьць перамоваў паміж Украінай і Расеяй «без усялякіх папярэдніх умоваў», а таксама пра магчымае ўжываньне ядзернай зброі ў выпадку нападу на Беларусь.