Сьцісла
- Сваёй заявай Лукашэнка фактычна пацьвердзіў, што не кантраляваў (а, магчыма, не кантралюе і цяпер) падуладную яму тэрыторыю. То бок ён згубіў сваё сувэрэннае права як кіраўнік краіны ў найважнейшай сфэры — у сфэры абароны.
- Калі ж гаварыць пра агульную «звышзадачу» інтэрвію, дык складаецца ўражаньне, што Лукашэнка зноў імкнуўся пераконваць у неабходнасьці мірных перамоваў.
- У чым безумоўна мае рацыю Лукашэнка — гэта ў канстатацыі бязьмежнасьці рэсурсаў Расеі. Толькі ня тых, якія ён называе (ён хваліць расейскую зброю, але яна саступае заходняй па большасьці парамэтраў). Масква, як гэта было і раней, не шкадуе жыцьцяў сваіх грамадзянаў.
Бадай, адзінай заявай Лукашэнкі ў гэтым інтэрвію, якую можна назваць у пэўнай ступені сэнсацыйнай, ёсьць словы пра тое, што ён ня быў праінфармаваны Пуціным пра напад на Ўкраіну ў лютым 2022 году. Ва ўсялякім разе, большасьць камэнтатараў менавіта гэтак расцанілі наступныя словы:
«У нас не было ніколі размовы. Вось проста напярэдадні ваенных дзеяньняў, што вайна пачнецца. Я вам клянуся, што ў нас не было размовы пра тое, што Расея будзе рабіць нейкія дзеяньні супраць Украіны».
Праўда, Лукашэнка дадаў, што перад нападам яны з Пуціным «сустракаліся ў яго ў загараднай рэзыдэнцыі і абмяркоўвалі сытуацыю».
Цяжка сказаць, чым матываваная такая заява Лукашэнкі. Цалкам магчыма, што, ведаючы сапраўднае становішча на фронце і тое, што ўкраінскім Узброеным сілам удаецца, хаця і зь цяжкасьцю, вызваляць акупаваныя Расеяй тэрыторыі, Лукашэнка пачаў сумнявацца ў перамозе Расеі. Гэта прымушае яго шукаць нейкія апраўданьні сваёй пазыцыі, прадэманстраванай у лютым 2022-га, калі наступ на Кіеў пачаўся з тэрыторыі Беларусі.
Аднак выглядае спроба апраўданьня вельмі няўдала.
Па-першае, узьнікае пытаньне: пра што ж гутарыў зь ім Пуцін на сустрэчы перад нападам на Ўкраіну? Лукашэнка спаслаўся на словы гаспадара Крамля пра «саюзьніцкія адносіны», але атака іншай краіны з тэрыторыі саюзьніка без папярэджаньня гэтага саюзьніка — амаль, калі ўжываць фразу Лукашэнкі зь іншай нагоды, «удар у сьпіну». Гэтак з саюзьнікамі не абыходзяцца.
Па-другое, калі словы Лукашэнкі праўда і ён сапраўды нічога ня ведаў, дык чаму пасьля адразу не запатрабаваў ад Пуціна спыніць выкарыстаньне беларускай тэрыторыі, беларускіх аэрадромаў? Пра такую спробу невядома і зразумела, што яе не было.
Па-трэцяе, гэтай сваёй заявай Лукашэнка фактычна пацьвердзіў, што не кантраляваў (а магчыма, не кантралюе і цяпер) падуладную яму тэрыторыю. То бок ён згубіў сваё сувэрэннае права як кіраўнік краіны ў найважнейшай сфэры — у сфэры абароны.
А калі так, дзе гарантыя, што Крэмль ізноў не пачне атаку Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі? Альбо ня выкарыстае з гэтай тэрыторыі тактычную ядзерную зброю супраць дзяржаваў, якія лічыць ворагамі Расеі? Кіеў, Варшава, Вільня, Рыга — знаходзяцца ў радыюсе дзеяньня тактычных ядзерных боегаловак, калі зьдзейсьніць іх запуск з пэўных пунктаў у Беларусі.
Антыамэрыканскія заявы, словы пра адсутнасьць пэўнасьці наконт удзелу ў наступных выбарах, як і шмат што іншае, сказанае журналістцы, не арыгінальнае і ўжо гучала з вуснаў Лукашэнкі раней (у тым ліку і перад мерапрыемствамі, якія ён настойліва называе выбарамі).
Калі ж казаць пра агульную «звышзадачу» інтэрвію, дык складаецца ўражаньне, што Лукашэнка ізноў імкнуўся пераконваць у неабходнасьці мірных перамоваў. Зь істотным дадаткам: перамоваў без усялякіх папярэдніх умоў.
Гэта роўна тое самае, пра што кажа і Масква: сядаць за стол перамоваў вось цяпер, спыняючы ўсе баявыя дзеяньні і пакідаючы «статус-кво» ў дачыненьні акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый (у тым ліку і Крыму).
Як вядома, Кіеў адхіляе такі варыянт і дапускае перамоўны працэс толькі пасьля вызваленьня акупаваных тэрыторый — альбо шляхам ваенных дзеяньняў, калі расейскія войскі будуць выбітыя, альбо калі Масква пойдзе на гэта добраахвотна (у рэальнасьць апошняга варыянта ў Кіеве ня вераць).
Агучаны ж Лукашэнкам варыянт Масква актыўна праводзіць на ўсіх тых міжнародных пляцоўках, на якія пакуль мае допуск, падключаючы замежных палітыкаў, якія сымпатызуюць ёй. Пакуль безвынікова.
У чым безумоўна мае рацыю Лукашэнка — гэта ў канстатацыі бязьмежнасьці рэсурсаў Расеі. Толькі ня тых, якія ён называе (ён хваліць расейскую зброю, але яна саступае заходняй у большасьці парамэтраў). Масква, як гэта было і раней, не ашчаджае жыцьці сваіх грамадзянаў. І можа сапраўды бясконца адпраўляць людзей у пекла вайны.
І яшчэ пра перамовы. Лукашэнка некалькі разоў згадаў, што перамовы паміж Масквой і Кіевам ужо былі, што пачаліся яны ў Беларусі, потым працягнуліся ў Турэччыне, і нібыта абодва бакі пачалі выходзіць на шлях пэўнага паразуменьня (ва ўсякім разе, гэтак можна трактаваць ягоныя словы), але тут ЗША загадалі Зяленскаму працягваць вайну.
Насамрэч ні ЗША, ні нейкія іншыя заходнія краіны да спыненьня перамоваў ня мелі ніякага дачыненьня. Прычына — у дзеяньнях расейскіх узброеных сілаў у Бучы і іншых захопленых імі месцах. Тое, што было зроблена расейскімі салдатамі і афіцэрамі зь мірнымі жыхарамі, што ўбачылі ўкраінскія вайскоўцы, а потым журналісты, кіраўнікі Ўкраіны, а пазьней і замежныя лідэры — кваліфікуецца як ваеннае злачынства, прычым учыненае ў масавым маштабе. І менавіта пасьля Бучы Зяленскі палічыў немагчымым працягваць размаўляць з Масквой, вырашыўшы, што вызваленьне краіны магчымае толькі на полі бою.
Але пра Бучу Лукашэнка не сказаў ні слова.