Сьцісла:
- Прасочваецца жаданьне Лукашэнкі загадзя выкараскацца з будучай адказнасьці.
- Мігранты ўжо на 70% так ці інакш трапляюць у Беларусь з Расеі.
- Але калі хто кажа, што ўвогуле трэба адмяніць усе санкцыі — я да гэтага стаўлюся як да пэўнага летуценьня.
- За 20 гадоў сяброўства з Кітаем, якое на паперы дасягнула нейкага грандыёзнага ўзроўню — сур’ёзным партнэрам лукашэнкаўская Беларусь для Кітаю ня стала.
- Не сакрэт, што большая частка нібыта беларускіх бесьпілётнікаў маюць кітайскае паходжаньне.
— У інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі журналістцы Дзіяне Панчанцы, бадай, найбольш частай тэмай была неабходнасьць «міру», спыненьня вайны паміж Расеяй і Ўкраінай — але, фактычна, на расейскіх умовах. Ці Лукашэнка традыцыйна выконвае сваю ролю рупара Крамля, ці, можа, ён адчувае ня толькі крамлёўскія жаданьні, але і шырэйшую міжнародную каньюнктуру, бо пра неабходнасьць нейкіх перамоваў і кампрамісаў кажуць і некаторыя заходнія чыноўнікі?
— Па-першае, гэта ўсё ж прарасейскі і ўласна пралукашэнкаўскі наратыў. Калі Лукашэнка гаворыць пра мірныя перамовы — то ён кажа пра той варыянт, калі за Расеяй застанецца тая ўкраінская тэрыторыя, якая цяпер захопленая расейскімі акупантамі. То бок гэта замарожваньне фронту — што адпавядае выключна інтарэсам Расеі, калі ўзяць пад увагу, што ўкраінскія войскі ў многіх месцах фронту цяпер дайшлі да другой лініі абароны Расеі.
Па-другое, цікава прагучала тэма пра адказнасьць, пра якую, паводле Лукашэнкі, «трэба гаварыць пазьней, а не цяпер». І ўвогуле ў гэтай вайне, маўляў, вінаватыя ўсе, у тым ліку самі ўкраінцы.
Па-трэцяе, Лукашэнка заявіў, што нічога ня ведаў да 24 лютага пра пачатак вайны і ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Тут прасочваецца ягонае жаданьне загадзя выкараскацца з будучай адказнасьці.
— Сапраўды, многія заўважылі як адзін з самых прыкметных момантаў інтэрвію, калі Лукашэнка заявіў, што нічога ня ведаў пра наступ расейскіх войскаў 24 лютага 2022 году з тэрыторыі Беларусі. Як гэта ўвогуле магчыма і хто ў гэта можа паверыць?
— Гэта сапраўды спроба пазбавіцца ад будучай адказнасьці за суагрэсію ў вайне. Калі ж нават на імгненьне ўявіць, што ён ня ведаў пра напад... Па-першае, гэта не адпавядае ягонай рыторыцы ў студзені-лютым 2022 году пра «Кіеў за тры дні». Па-другое, калі з тэрыторыі тваёй краіны раптам ляцяць ракеты і ты нічога ня ведаеш — то павінны рэагаваць войскі супрацьпаветранай абароны. Бо гэта вайна. Але ж, вядома, ніякай рэакцыі не было — бо ўсе былі папярэджаныя і ўсё добра ведалі. Дый беларускія памежнікі нічым не заміналі, мякка кажучы, расейскім вайскоўцам пераходзіць дзяржаўную мяжу.
Так што гэта даволі нязграбная спроба выставіць сябе ахвярай таго, нібыта яго Пуцін падмануў. Відавочна, што прынамсі за некалькі візытаў у Маскву, дзе Лукашэнка назіраў за пускамі ракет, усё ўжо яму было вядома. У сьнежні 2021 году адбылася вялікая нарада зь ягонымі генэраламі, дзе Лукашэнка сказаў нешта такое, ад чаго ўсе прысутныя «выпалі ў асадак».
— Сёньня Літва зачыняе два памежныя пункты, суседзі Беларусі абмяркоўваюць магчымасьць увогуле зачыніць цалкам мяжу зь Беларусьсю. Ці гэта ўсё ж спроба палітычнага ціску, каб прымусіць Лукашэнку пайсьці на нейкія саступкі, ці суседзі Беларусі сапраўды могуць пайсьці на такі крок, нягледзячы на ўсе нэгатыўныя наступствы?
— Закрыцьцё двух памежных пунктаў на мяжы зь Літвой пакуль асабліва нічога не мяняе — гэта даволі дробныя пункты, якія мелі выключна рэгіянальнае значэньне. На міжнародны гандаль празь мяжу зь Беларусьсю гэта ня мае істотнага ўплыву. Тое, што Латвія, Літва, Польшча абвясьцілі, што 28 жніўня адбудзецца трохбаковая сустрэча, на якой будуць абмяркоўвацца тэхнічныя аспэкты фактычна сынхроннага закрыцьця межаў, — гэта кажа пра сур’ёзнасьць намераў.
Бо рызыкі на мяжы павялічваюцца, гэта перадусім мігранты і прысутнасьць вагнэраўцаў у Беларусі. Ці зразумее Лукашэнка такі сыгнал? Мабыць, і зразумее. Але ці можа ён нешта зрабіць — гэта ўжо пытаньне. Вагнэраўцы не падпарадкоўваюцца беларускаму Міністэрству абароны. А мігранты ўжо на 70% так ці інакш трапляюць у Беларусь з Расеі, як сьведчыць апошняе апытаньне, якое ладзілі адмыслоўцы ААН. То бок Лукашэнка ўсім гэтым ужо ня вельмі кіруе.
— Адны прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў падтрымліваюць закрыцьцё межаў, іншыя выступаюць супраць і кажуць, што гэта прынясе пераважна нэгатыўныя наступствы. Пагрозай закрыцьця межаў ціснуць на менскі рэжым, каб ён вызваліў палітзьняволеных. Але калі межы закрыюць, а палітзьняволеных ня вызваляць — то які ў гэтым сэнс?
— Трэба гаварыць пра некалькі розных сцэнараў закрыцьця межаў. Найбольш балюча для рэжыму будзе перакрыцьцё чыгуначных перавозак, што ня мае ўплыву на перасячэньне мяжы звычайнымі людзьмі. Гэта будзе вельмі сур’ёзны эканамічны крок. На маю пэрсанальную думку, не павінна быць закрыцьця мяжы для звычайных грамадзянаў. Нават калі такое адбудзецца, павінны застацца «гуманітарныя калідоры» для беларусаў, якія хочуць езьдзіць.
Але калі хто кажа, што ўвогуле трэба ўсё адкрыць, адмяніць усе санкцыі — я стаўлюся да гэтага як да пэўнага летуценьня. Гэта фантазія, нібыта ёсьць нейкая «Беларусь Лукашэнкі» і нейкая абстрактная Беларусь — і яны знаходзяцца ў адным месцы. Але, на жаль, палітыка цяперашняга рэжыму без усялякіх санкцыяў увесь час базавалася на шчыльным супрацоўніцтве з Масквой і прасоўваньні «русского мира».
Зараз яны абвясьцілі некаторыя творы клясыка Дуніна-Марцінкевіча экстрэмісцкімі. Ці гэта санкцыі падштурхнулі, ці ўласнае жаданьне зьнішчыць усё, што замінае «русскому миру» ў Беларусі? На жаль, немагчыма ўявіць сытуацыю, калі нейкія рэальныя санкцыі зробяць балюча толькі Лукашэнку, але ня зробяць балюча астатнім грамадзянам краіны.
— Менск зь візытам наведаў міністар абароны Кітаю. Наколькі істотны чыньнік транзыту кітайскіх тавараў у пытаньні пра магчымае закрыцьцё мяжы? Увогуле, доўгатэрміновая пракітайская палітыка Менску — ці мае яна нейкія заваёвы?
— Кітайскі чыньнік патрэбны Лукашэнку, каб мець дадатковы аргумэнт у размовах з Расеяй — маўляў, ёсьць іншы вялікі сябра, які, калі што, то можа падтрымаць. Хоць аргумэнт гэты вельмі слабы, бо за 20 гадоў сяброўства з Кітаем, якое на паперы дасягнула нейкага грандыёзнага ўзроўню — тым ня менш сур’ёзным партнэрам лукашэнкаўская Беларусь для Кітаю ня стала. Кітай дае крэдыты, яны вельмі танныя, але жорсткія паводле ўмоваў, нярэдка «зьвязаныя». Такую самую мадэль Кітай ажыцьцяўляе з краінамі Афрыкі.
Беларусь для Кітаю магла б быць вельмі прывабнай з гледзішча лягістычнага забесьпячэньня транзыту кітайскіх тавараў у Эўропу. Аднак антызаходняя палітыка Лукашэнкі падштурхнула Кітай шукаць альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі. Ужо ў 2021 годзе Кітай пачаў вазіць свае тавары ў Эўропу ў абыход Расеі і Беларусі, паўднёвым маршрутам.
Наступныя рэчы — гэта вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, Кітай цікавіць беларуская оптыка, якая мае даволі высокі ўзровень яшчэ з часоў СССР. А таксама мадэрнізацыя савецкай зброі, паводле ўзораў якой рабілася зброя кітайская. Зь іншага боку, Пэкін хоча мінімізаваць рызыкі ў гэтай галіне. Не сакрэт, што большая частка нібыта беларускіх бесьпілётнікаў маюць кітайскае паходжаньне. На тэрыторыі «Вялікага каменя» пад Менскам ужо некалькі кітайскіх кампаніяў вырабляюць бесьпілётнікі, маюць свае ўчасткі для вытворчасьці.
Кітай таксама непакоіць, каб кітайскія ракетныя тэхналёгіі (у тым ліку і беларускія «Палянэзы», зробленыя ў супрацы з КНР) не былі выкарыстаныя ў вайне супраць Украіны. Бо гэта стане сур’ёзнай праблемай для Пэкіна ў адносінах з Захадам, можа пацягнуць за сабой санкцыі.