Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка разьлічвае, што Кітай абароніць яго ад Масквы», — экспэртка пра візыт кітайскага міністра


Віктар Хрэнін, Лі Шанфу, Вольга Алешка-Лэсэлс. Каляж
Віктар Хрэнін, Лі Шанфу, Вольга Алешка-Лэсэлс. Каляж

Кітайскі міністар абароны Лі Шанфу прыбыў зь візытам у Беларусь. Апошні раз галава Мінабароны Кітаю наведваў Менск 5 год таму. У менскім аэрапорце Лі Шанфу сустрэў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Якая можа быць мэта гэтага візыту? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважае экспэртка дасьледчага цэнтру «East Center» Вольга Алешка-Лэсэлс. Яна называе прыезд кітайскага міністра важным палітычным візытам і зьвяртае ўвагу, што ён будзе працягвацца некалькі дзён.

Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube

«Гэта палітычны сыгнал Кітайскай Народнай Рэспублікі. Кітай мае некалькі важных палітычных інтарэсаў. Гэтым візытам ён высылае сыгнал ЗША і краінам Эўразьвязу, паказвае, што Расея і Беларусь — гэта яго сфэры ўплыву. А таксама гэтым візытам Кітай паказвае фармаваньне кааліцыі сваіх галоўных саюзьнікаў. У Кітая іх насамрэч ня так шмат. Шмат краін хочуць сябраваць з Кітаем, але стратэгічных саюзьнікаў як Беларусь і Расея, мала», — кажа Алешка-Лэсэлс.

Яна дадае, што Лукашэнка падтрымлівае кітайскую рыторыку і палітыку на міжнароднай арэне. Нягледзячы на тое, што Беларусь у сьвеце — невялікая краіна, кожны голас лічыцца, перакананая экспэртка. Для Кітая важна, як ягоныя саюзьнікі галасуюць на міжнародных пляцоўках.

Пры гэтым сам Кітай ня можа сёньня шмат прапанаваць Беларусі ў выглядзе эканамічнай падтрымкі і інвэстыцый. Гэта найперш зьвязана з заходнімі санкцыямі і абвостранымі адносінамі Менску і Захаду. Усе інтарэсы Кітая ў Беларусі прыпыненыя, кажа Алешка-Лэсэлс. Прыкладам, ініцыятыва «Адзін пояс — адзін шлях», то бок лягістычныя перавозкі з Кітаю ў ЭЗ. Праз санкцыі яна прыпыненая.

Але эканоміка — гэта не адзіны інтарэс Кітая ў Беларусі, дадае экспэртка.

«Гэта таксама ядзерная бясьпека. Кітай не ўхваляе ўжываньне ядзернай зброі — як супраць краін зь ядзернай зброяй, так і бязьядзерных. Таму заявы Пуціна і Лукашэнкі ў апошнія месяцы пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі ці яе ўжываньне ўзбуджаюць занепакоенасьць КНР. Думаю, што адно з заданьняў кітайскага міністра — зразумець, што стаіць за гэтымі заявамі і як выглядае сытуацыя ў гэтай галіне», — лічыць Вольга Алешка-Лэсэлс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG