Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня жыць, а выжываць». Як за 2 гады вяртаньня да ўлады талібаў зьмянілася жыцьцё ў Афганістане


Ахоўнік-таліб каля чаргі з жанчын, якія чакаюць раздачы харчовых пайкоў у пункце гуманітарнай дапамогі. Кабул, 23 траўня 2023 году
Ахоўнік-таліб каля чаргі з жанчын, якія чакаюць раздачы харчовых пайкоў у пункце гуманітарнай дапамогі. Кабул, 23 траўня 2023 году

Прайшло роўна два гады з моманту падзеньня Кабула і вяртаньня да ўлады ў Афганістане руху «Талібан», прызнанага тэрарыстычным і ў Расеі, і на Захадзе. Афганістан ізноў абвясьцілі «ісламскім эміратам», уся ўлада ў якім пад вельмі строгім рэлігійным кантролем. Музыка і спорт забароненыя, а ўсе жанчыны апынуліся ў становішчы сярэднявечных рабыняў, піша Руская служба Радыё Свабода.

Перадгісторыя

15 жніўня 2021 году ў выніку буйной наступальнай апэрацыі супраць урадавай афганскай арміі, якая развальвалася і разьбягалася на вачах, амаль не аказваючы супраціву, рух «Талібан» цалкам узяў пад свой кантроль сталіцу Кабул. Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пакінуў прэзыдэнцкі палац і ўцёк з краіны. Раней талібы здолелі захапіць амаль усе адміністрацыйныя цэнтры і правінцыі Афганістану — падчас пасьпешнага вываду амэрыканскіх войскаў, які паводле пляну мусіў быць завершаны толькі да сярэдзіны верасьня 2021 году.

Талібскі блёкпост на вуліцы ў Кабуле. 16 жніўня 2021 году
Талібскі блёкпост на вуліцы ў Кабуле. 16 жніўня 2021 году

У руках Ашрафа Гані да 15 жніўня заставалася толькі сталіца. Паводле справаздачы амэрыканскай выведкі, урад Гані мусіў абрынуцца на працягу 6 месяцаў пасьля вываду войскаў, аднак пазьней амэрыканскія вайскоўцы наўпрост сказалі, што крах адбудзецца значна раней, а то і «з дня на дзень». Ужо да сярэдзіны ліпеня цалкам вывелі свае войскі з Афганістану амаль усе саюзьнікі ЗША па кааліцыі, напрыклад Нямеччына і Італія. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн да апошняга верыў, што Ашраф Гані і ягоная армія выстаяць, заяўляючы, што трэба давяраць «здольнасьцям афганскіх узброеных сіл, якія лепш падрыхтаваныя, лепш аснашчаныя і больш кампэтэнтныя з пункту гледжаньня вядзеньня вайны, чым талібы».

Ня меншым аптымізмам тады вызначылася і Масква. Калі 13 жніўня 2021 году талібы захапілі Кандагар, другі па велічыні горад краіны, спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі па Афганістане Замір Кабулаў заявіў, што «гэта нічога не мяняе, і ўзяць Кабул талібы пакуль ня ў стане». Праз два дні сталіца Афганістану здалася.

На працягу прыкладна тыдня пасьля падзеньня Кабула тысячы афганцаў у жаху перад талібамі ў цісканіне і паніцы спрабавалі пакінуць краіну на вайскова-транспартных самалётах заходніх краін. Талібы ім гэта нейкі час дазвалялі. Некаторыя людзі ў спробах уцячы хапаліся за шасі і крылы самалётаў, падалі на зямлю пры наборы вышыні і разьбіваліся.

15 жніўня 2021 году каля 5 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў усё яшчэ заставаліся ў Кабуле, у рамках апэрацыі «Сховішча для саюзьнікаў», якая пачалася яшчэ 30 ліпеня. ВПС ЗША і іншых чальцоў NATO арганізавалі вываз з краіны тысяч афганскіх грамадзян, якім за супрацоўніцтва з Захадам пагражала непасрэдная небясьпека забойства і рэпрэсій з боку талібаў. Войскі розных дзяржаў NATO па-ранейшаму прысутнічалі ў міжнародным аэрапорце імя Хаміда Карзая. Потым Белы дом загадаў накіраваць у Афганістан 1000 дадатковых вайскоўцаў 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі, у выніку чаго агульная колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Кабуле дасягнула 6 тысяч чалавек, а потым і 7 тысяч. Пры гэтым вайскоўцам ЗША далі дакладны загад, які строга забараняў любыя баявыя дзеяньні за межамі кабульскага аэрапорта.

Сотні афганскіх уцекачоў, якія ратуюцца ад талібаў, унутры амэрыканскага вайскова-транспартнага самалёта C-17 Globemaster, які вылятае з Кабулу ў Катар. 15 жніўня 2021 году
Сотні афганскіх уцекачоў, якія ратуюцца ад талібаў, унутры амэрыканскага вайскова-транспартнага самалёта C-17 Globemaster, які вылятае з Кабулу ў Катар. 15 жніўня 2021 году

Афганістан сёньня

Праз два гады пасьля гэтых падзей жыцьцё ў Афганістане замерла. Талібы пакуль ня выканалі ніводнага свайго абяцаньня з тых, што яны пачалі раздаваць сусьветнай супольнасьці адразу пасьля вяртаньня да ўлады і захопу Кабула: напрыклад, наконт стварэньня «інклюзіўнага» ўраду, у склад якога ўключаць у тым ліку жанчын. Краіна зноў абвешчаная «ісламскім эміратам», у якім уся ўлада знаходзіцца пад строгім рэлігійным кантролем. Афіцыйныя прадстаўнікі «Талібана» ня раз паўтаралі за гэты год, што роля жанчын «заключаецца толькі ў нараджэньні і выхаваньні дзяцей». У мінулым годзе талібы абавязалі ўсіх жанчын наогул «не выходзіць на вуліцу бяз крайняй неабходнасьці» і хаваць твар. Непадпарадкаваньне ўказу караецца арыштам, у тым ліку мужчын, якія суправаджаюць «парушальніц».

У канцы ліпеня ў афганскай правінцыі Герат адбылася публічная цырымонія спаленьня талібамі музычных інструмэнтаў і апаратуры: былі зьнішчаныя дзясяткі гітар і іншых струнных інструмэнтаў, клявішныя, барабаны, а таксама аўдыёкалёнкі і ўзмацняльнікі агульным коштам у дзясяткі тысяч даляраў. «Талібан» лічыць любую сьвецкую музыку нямілай богу, амаральнай. «Музыка псуе норавы і вядзе моладзь па ілжывым шляху», — заявіў Азіз Аль-Рахман Аль-Муджахір, прадстаўнік адміністрацыйных уладаў Герата ў талібскім «Міністэрстве памнажэньня цнотаў і спыненьня заган», якое адказвае за пытаньні ідэалёгіі.

Музычныя інструмэнты і апаратура, якія хутка будуць спаленыя талібамі ў правінцыі Герат. 30 ліпеня 2023 году
Музычныя інструмэнты і апаратура, якія хутка будуць спаленыя талібамі ў правінцыі Герат. 30 ліпеня 2023 году

Цікава, што за мінулыя два гады адзінай краінай, якая заснавала ў такіх умовах уласны бізнэс-цэнтар у Афганістане, стала Расея. У ліпені расейскі дзелавы цэнтар, які зьявіўся з ініцыятывы Татарстану і казанскага Дабрачыннага патрыятычнага фонду мусульман Расеі, адкрыўся ў Кабуле.

Пра тое, як жыве сёньня Афганістан пад уладай талібаў, у інтэрвію Рускай службе Радыё Свабода расказвае палітоляг-усходазнаўца Міхаіл Шарашэўскі:

— Эканоміка Афганістану цалкам абвалілася. Гэта, мабыць, галоўны вынік здарэньня. Раней прыкладна на тры чвэрці бюджэт краіны фармаваўся дзякуючы міжнароднай дапамозе. У наданьні гэтай дапамогі ўдзельнічалі дзясяткі краін і няўрадавых арганізацый, у тым ліку ЗША і Індыя. Натуральна, у цяперашніх умовах пра такія аб’ёмы міжнароднай падтрымкі ня можа быць і гаворкі: хто ж стане даваць грошы радыкальным ісламістам, якія падтрымліваюць сувязі зь міжнароднымі тэрарыстычнымі рухамі накшталт «Аль-Каіды», гандлююць наркотыкамі, перасьледуюць жанчын і маюць непразрыстыя бюджэты?

У выніку, па розных ацэнках, каля паловы афганцаў, прыкладна 20 мільёнаў з усяго 40-мільённага насельніцтва краіны, балянсуюць на мяжы голаду або прынамсі недаяданьня (хоць паведамленьняў пра масавую гібель афганцаў ад голаду пакуль не паступае). Многія работнікі дзяржаўнага сэктару перасталі атрымліваць зарплату. Зрэшты, сякая-такая дапамога ўсё ж прыходзіць, плюс талібы нешта вылучаюць, але сытуацыя ў любым выпадку характарызуецца як эканамічная катастрофа.

Падчас амэрыканскай акупацыі ВУП Афганістану за 20 гадоў павялічыўся прыкладна ў 4 разы. Праўда, пры гэтым Афганістан заставаўся ўсё роўна вельмі беднай краінай, таму што ВУП памерам у 20 мільярдаў даляраў — гэта, напрыклад, у два разы менш за ВУП Масквы. Насельніцтва пераважна сялянскае, больш за дзьве траціны жыхароў і раней зараблялі ў сярэднім 2 даляры ў дзень. А цяпер усё стала яшчэ нашмат горш.

— Ці ёсьць у талібскім Ісламскім Эміраце Афганістан хоць нейкія міжнародныя інвэстыцыі?

— Талібы вядуць аб іх перамовы з рознымі краінамі. Афганістан неверагодна багаты на карысныя выкапні, яго нават называюць «літыевай Саудаўскай Арабіяй». Гэтыя багацьці папярэдне ацэньваюцца ў некалькі трыльёнаў даляраў! Але дастаць іх зь зямлі не ўяўляецца сёньня магчымым. Здавалася б: вось побач магутная эканоміка КНР, якой усё гэта вельмі неабходна, і кітайцы маюць досьвед працы ў самых праблемных краінах Афрыкі і Азіі. І да таго ж Пэкін, магчыма, хацеў бы правесьці праз Афганістан стратэгічна важны транспартны калідор у рамках ініцыятывы «Пояс і Шлях». Дамоўцеся з Кітаем і здабывайце з гэтага выгады! Але не, нічога не выходзіць.

— І чаму?

— Прычын некалькі. Талібам не ўдаецца дабіцца міжнароднага прызнаньня. Яны ўвогуле паводзяць сябе са сваімі суседзямі агрэсіўна і, я б сказаў, нелягічна, дзіўна. Нядаўна, напрыклад, там успыхнулі бітвы з узброенымі сіламі Ірану з прычыны спрэчкі аб водах ракі Гільменд. А іранцы ж аказвалі талібам фінансавую і вайсковую дапамогу, калі тыя вялі барацьбу з ЗША і праамэрыканскім рэжымам Ашрафа Гані. І Пакістан лічыцца саюзьнікам талібаў — аднак і зь ім час ад часу адбываюцца збройныя сутыкненьні ў прыгранічным рэгіёне праз так званую «Лінію Дзюранда». Па сутнасьці, гэта практычна ўся толкам не разьмечаная 2640-кілямэтровая мяжа паміж Афганістанам і Пакістанам, з кучай зусім спрэчных участкаў. Наогул у сьвеце ўсе ведаюць і разумеюць, што талібы — вельмі складаныя, агрэсіўныя, косныя і непрадказальныя перамоўшчыкі. А інвэставаць у дзяржаву, зь якой у вас няма дыпляматычных адносін, — гульня ў рулетку.

Другая прычына ў тым, што ў Афганістане вельмі слабая інфраструктура, там вялікія праблемы з дарогамі, транспартам, энэргіяй. Яшчэ ў часы ранейшага рэжыму Ашрафа Гані кітайцы імкнуліся ўкласьці сродкі ў меднае радовішча, аднак яны вымушаныя былі спыніць працы менавіта з названай прычыны. Талібы ня ў стане вырашыць гэтую задачу, яны ня могуць мадэрнізаваць краіну.

Касмэтоляг здымае плякат у салёне прыгажосьці ў Кабуле, які закрыўся на загад талібскіх уладаў. 24 ліпеня 2023 году
Касмэтоляг здымае плякат у салёне прыгажосьці ў Кабуле, які закрыўся на загад талібскіх уладаў. 24 ліпеня 2023 году

Трэці фактар — палітычная нестабільнасьць і ваенныя дзеяньні. Рэжым талібаў расколаты як мінімум на дзьве ўплывовыя фракцыі (хоць насамрэч такіх фракцый больш), і, акрамя таго, ідзе збройная барацьба самога іх рэжыму з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

— Гэта значыць, рух «Талібан» так і ня здолеў абʼяднаць краіну?

— Калі і здолеў, то гэта вельмі адноснае і далікатнае адзінства. У талібаў фактычна ёсьць аж дзьве сталіцы, Кандагар і Кабул. У Кандагары, магчыма, знаходзіцца эмір Ісламскага Эмірата Афганістан Хайбатула Ахундзада. У Кабуле ж сядзяць некаторыя чыноўнікі іх ураду, уключаючы Сіраджудзіна Хакані, кіраўніка талібскага МУС, зьвязанага з уплывовай «Сеткай Хакані». ЗША, дарэчы, афіцыйна абвясьцілі гэтага чалавека небясьпечным тэрарыстам.

Паміж гэтымі дзьвюма групоўкамі ёсьць сурʼёзны канфлікт і існуе вялікі недавер. Па сутнасьці, яны ніколі і не былі адзіныя, і ўключэньне «Сеткі Хакані» ў «Талібан» было ў значнай меры фармальным. Хакані паспрабаваў ператварыць МУС у «супэрведамства» зь вялізнымі паўнамоцтвамі. Таксама ён імкнецца кантраляваць дзяржаўныя фінансы і шмат іншага — і гэта вельмі не падабаецца эміру Ахундзадэ. Не ў апошнюю чаргу ўся іх варожасьць зьвязаная і з адрозьненьнямі паміж двума ўплывовымі пуштунскімі плямёнамі, да якіх належаць Сіраджудзін Хакані і Хайбатула Ахундзада. І менавіта «Сетка Хакані» зьвязаная з «Аль-Каідай», якая працягвае трэніраваць байцоў гэтай арганізацыі.

Міністар унутраных спраў ва ўрадзе талібаў Сіраджудзін Хакані, абвешчаны ЗША асабліва небясьпечным міжнародным тэрарыстам
Міністар унутраных спраў ва ўрадзе талібаў Сіраджудзін Хакані, абвешчаны ЗША асабліва небясьпечным міжнародным тэрарыстам

Што ж тычыцца групоўкі «Ісламская дзяржава», то супраць яе талібы вядуць баявыя дзеяньні. Па некаторых дадзеных, колькасьць «ІГІЛ-Харасан» (так афіцыйна называецца адгалінаваньне гэтай групоўкі ў Афганістане і Пакістане), або «Вілаята Харасан», павялічылася з 2 да 6 тысяч байцоў. «ІДІЛ-Харасан» фармуецца пераважна з прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, якія ідуць туды таму, што іх раздражняе, да ўсяго іншага, і ўльтранацыяналістычны пуштунскі характар цяперашняй улады «Талібана». Што, вядома, ніяк не апраўдвае іх дзеяньняў і ідэалёгіі.

— Прыйшоўшы да ўлады, талібы абяцалі стварыць інклюзіўны ўрад, які будзе ўключаць прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Яны не стрымалі абяцаньня?

— Не. Талібы — гэта ісламісцкі суніцкі рух, зьвязаны з ісламскай школай «Дэабандзі», і адначасова ён складаецца пераважна з пуштунаў. Аснова яго — байцы зь ліку пуштунскіх сялян, вярхушка — багатыя пуштунскія семʼі. Між тым пуштуны складаюць толькі каля 40 працэнтаў насельніцтва краіны, і ня ўсе зь іх сяляне. Уявіце, наколькі трагічна ўсё гэта для 4-мільённага Кабула, вялізнага і нашмат больш сьвецкага гораду, дзе жывуць таджыкі, якія размаўляюць на мове дары (блізкай да пэрсыдзкай) і хазарэйцы. Гэта гараджане, якія вымушаныя падпарадкоўвацца зусім варожым ім людзям, прадстаўнікам, па сутнасьці, іншай цывілізацыі.

Ня кажучы аб тым, што хазарэйцы — шыіты, і за гэта яны зазнаюць перасьлед. Найперш з боку групоўкі «Ісламская дзяржава», якая тэрарызуе іх, учыняючы выбухі і абстрэлы. Аднак ёсьць меркаваньне, што талібы ў дадзеным выпадку закрываюць на гэта вочы. Таму шыіты-хазарэйцы масава перамяшчаюцца ў суседні Іран. Дарэчы, многія жанчыны, якія пратэстуюць супраць талібаў, — гэта менавіта прадстаўніцы найбольш прыгнечанай шыіцкай хазарэйскай меншасьці. Сярод іх шмат адукаваных, для іх усё, што адбываецца, — гэта абсалютная трагедыя і катастрофа. У такім Афганістане ў іх няма будучыні.

Атрад талібаў у правінцыі Вардак. Чэрвень 2023 году
Атрад талібаў у правінцыі Вардак. Чэрвень 2023 году

— Так, вельмі шмат гавораць і пішуць пра становішча жанчын Афганістану. Палітыка талібаў заганяе іх у сярэднявечча?

— Палітыка талібаў накіраваная на поўнае выключэньне жанчын з грамадзкай публічнай прасторы. Жанчыне можна цяпер зьяўляцца на вуліцы толькі захутанай з ног да галавы і ў суправаджэньні сваякоў. ААН паведамляе, што Афганістан стаў самай рэпрэсіўнай у сьвеце краінай у адносінах да жанчын. Каля 80 працэнтаў афганскіх дзяўчынак і жанчын школьнага і студэнцкага ўзросту не наведваюць навучальныя ўстановы. Талібы звольнілі з працы ўсіх дзяржаўных службоўцаў-жанчын, забаранілі жанчынам наведваць грамадзкія лазьні і паркі, запатрабавалі, каб жаночае адзеньне было строга рэглямэнтаванае. Жанчынам і дзяўчынкам забаронена наведваць школы пасьля шостай клясы і ўнівэрсытэты, ім могуць надаваць дапамогу толькі жанчыны-лекары, ім таксама забаронена працаваць у няўрадавых арганізацыях.

У інтэрвію, апублікаваных на сайце ААН, многія афганскія жанчыны расказваюць пра пачуцьцё страху і поўную безабароннасьць. Яны кажуць: «Мы жывыя, але гэта не жыцьцё!» Тое, што адбываецца, усё больш нагадвае хатні арышт. Прычым на такім фоне сталі практычна незаўважнымі іншыя формы гвалту, якія практыкаваліся ў Афганістане яшчэ да прыходу талібаў да ўлады. Але цяпер яны ўзмацняюцца, напрыклад, расьце колькасьць дзіцячых і прымусовых шлюбаў. Гэта вельмі шырока абмяркоўваецца міжнароднай супольнасьцю. І, як ні дзіўна, ёсьць паведамленьні з Афганістану, паводле якіх талібаў задавальняе, што міжнародная грамадзкасьць засяродзіла сваю ўвагу менавіта на становішчы жанчын.

Афганскія жанчыны на акцыі пратэсту ў абарону сваіх правоў ля былога салёну прыгажосьці ў раёне Шахр-і-Нау у Кабуле. 19 ліпеня 2023 году
Афганскія жанчыны на акцыі пратэсту ў абарону сваіх правоў ля былога салёну прыгажосьці ў раёне Шахр-і-Нау у Кабуле. 19 ліпеня 2023 году

— Чаму?

— Таму што гэта дазваляе адвесьці ўвагу ад іншых праблемных і дарагіх апэрацый талібаў, асабліва ад гандлю наркотыкамі. Магчыма, талібы асьцерагаюцца, што, калі б менавіта наркагандаль апынуўся ў цэнтры ўвагі, гэта магло б выклікаць большы ціск.

Плянтацыя маку ў афганскай правінцыі Мазары-Шарыф. Травень 2023 году
Плянтацыя маку ў афганскай правінцыі Мазары-Шарыф. Травень 2023 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG