Прадстаўнік паліцыі сказаў, што сабакі-выведнікі абсьледавалі толькі каля 3% пашкоджанай тэрыторыі і што колькасьць загінулых можа ўзрасьці.
«Гэта, несумненна, будзе найгоршым стыхійным бедзтвам, зь якім калі-небудзь сутыкаліся Гаваі», — сказаў губэрнатар Джош Грын, аглядаючы разбурэньні, яго цытуе мясцовая прэса.
Па меншай меры 2200 будынкаў былі пашкоджаныя або разбураны, а страты ацэньваюцца прыкладна ў 6 мільярдаў даляраў. Яшчэ два пажары ўсё яшчэ гараць на востраве Маўі, дзе знаходзіцца Лагайна.
Пажары ўзьніклі з-за моцнай сьпякоты і засухі, а моцны вецер спрыяў хуткаму распаўсюджваньню агню.
Пажары ахапілі практычна ўвесь востраў, больш за ўсё пацярпеў горад Лагайна. З-за пажараў тысячы людзей засталіся без электрычнасьці і тэлефоннай сувязі, многім прыйшлося выехаць з ахопленага небясьпекай рэгіёну.