Сьцісла:
- Канфлікт паміж большасьцю грамадзтва, якое выказала намер стаць суб’ектам палітыкі, і архаічным палітычным рэжымам насьпяваў даўно.
- Нават калі б не было 2020 году, агрэсія Расеі супраць Украіны прывяла б Беларусь да той самай сытуацыі, у якой яна знаходзіцца цяпер.
- Упершыню ў гісторыі сувэрэннай Беларусі пасіянарная частка грамадзтва ці выціснутая за мяжу, ці кінутая ў турмы і калёніі.
- Улады робяць масіраваныя спробы спыніць фармаваньне новай (несавецкай) беларускай ідэнтычнасьці, абвяшчаючы яе нацысцкай.
Беларускі гісторык з Падляшша Алег Латышонак робіць у пэўным сэнсе парадаксальную выснову. Паводле яго, паўстаньне 1863 году, якое падарыла беларусам гераічны сымбаль у вобразе Кастуся Каліноўскага, было, як ён лічыць, «суцэльнай катастрофай» для беларускай справы. «З-за паўстаньня было страчана два пакаленьні, пакуль ізноў зьявілася нейкая магчымасьць беларускай дзейнасьці», — сьцьвярджае вядомы дасьледчык.
Падобныя ацэнкі адносна пратэставага выбуху 2020 году таксама можна пачуць. Вось кіраўнік аналітычнага цэнтру «Мінскі дыялёг» Яўген Прэйгерман выказвае думку, што да 2020 году існы рэжым паступова эвалюцыянаваў у бок лібэралізацыі, мяккай беларусізацыі (дазволіў сьвяткаваць у цэнтры Менску 100-годзьде БНР), умацаваньня сувэрэнітэту, дыстанцыянаваньня ад Расеі і нармалізацыі адносін з Захадам. А 2020 год паламаў гэты трэнд, вымусіў Лукашэнку дзеля свайго палітычнага самазахаваньня зрабіць той радыкальны паварот, які цяпер адбываецца.
Як можна разумець, падобнай пазыцыі прытрымліваецца і Зянон Пазьняк, які лічыць, што масавыя пратэсты трохгадовай даўнасьці былі ці то памылкай, ці то сьвядомай правакацыяй: яны кінулі Беларусь у расейскія абдымкі. І чым далей краіна будзе ісьці тым шляхам, якім цяпер вядзе яе Лукашэнка, тым больш такіх думак і высноваў будзе зьяўляцца.
Насамрэч, канфлікт паміж большасьцю грамадзтва, якое выказала намер стаць субʼектам палітыкі, і архаічным палітычным рэжымам насьпяваў даўно. Яго цяжка было не заўважыць. Нечаканасьцю стала тое, што ў 2020 годзе канфлікт выйшаў на паверхню, можна сказаць — выбухнуў.
Пра тое, што гэта быў стыхійны рух, сьведчыць факт, што кульмінацыі пратэставы рух дасягнуў у момант, калі ягоныя рэальныя ці патэнцыйныя лідэры сядзелі за кратамі ці выехалі за мяжу. Таму прэтэнзіі кшталту «навошта было пачынаць» выказваюцца невядома каму. Насуперак рознага роду кансьпіролягам, гэта быў выбух калектыўнага бесьсьвядомага.
Выкажу гіпотэзу, што нават калі б не было 2020 году, агрэсія Расеі супраць Украіны прывяла б Беларусь да той самай сытуацыі, у якой яна знаходзіцца цяпер. Стан вайны стварае чорна-белы сьвет. Гульня ў міратворца, якая ўдавалася Лукашэнку пасьля 2014 году, стала б немагчымай. Давялося б у любым выпадку рабіць жорсткі выбар. Ці ёсьць у кагосьці сумневы, які выбар зрабіў бы Лукашэнка? Прычым гаворка ня толькі пра замежную палітыку, вайсковы саюз з Расеяй і канфлікт з Захадам. Верагодна, і ўнутраная палітыка была б падобная да сёньняшняй: турмы і калёніі таксама былі б перапоўненыя палітзьняволенымі, грамадзянская супольнасьць зьнішчаная, у ідэалёгіі дамінавала б русафільства і варажнеча да Захаду.
Паглядзіце, як хутка з пачаткам вайны рэжым Пуціна эвалюцыянаваў у адкрытую дыктатуру і расправіўся з усімі палітычнымі апанэнтамі. Захаваць той трэнд, які існаваў у Беларусі ў 2014–2020 гадах, не ўдалося б у любым выпадку.
За гэтыя тры гады шмат што зьмянілася. Мы даведаліся значна больш пра беларускае грамадзтва. Прычым адбылося тое, што шмат хто лічыў немагчымым. Аказалася, што загнаць народ назад, у стойла, можна. Паўночная Карэя ў цэнтры Эўропы — цяпер амаль рэальнасьць. Шмат у якіх кірунках адбываецца вяртаньне да сталінізму. Наяўнасьць інтэрнэту — зусім не перашкода на шляху да таталітарнага грамадзтва. Мала хто чакаў, што выказаная Карлам Марксам у «Капітале» ідэя, што «гвалт — павітуха гісторыі», такім нечаканым чынам рэалізуецца ў Беларусі часоў Лукашэнкі. Сьмерць палітвязьняў за кратамі азначае, што пераадолена яшчэ адна мяжа, якая лічылася «чырвонай лініяй».
Упершыню ў гісторыі сувэрэннай Беларусі пасіянарная частка грамадзтва ці выціснутая за мяжу, ці кінутая ў турмы і калёніі. У зьвязку з гэтым моцна вырасла палітычная роля беларускай дыяспары. На нашых вачах ладзіцца экспэрымэнт: што можа дыяспара ў інфармацыйную эпоху.
Ніколі раней лёс Беларусі так істотна не залежаў ад вонкавых падзей. Міжнародная суб’ектнасьць краіны з пачаткам вайны моцна зьменшылася. Яе ізаляцыя стала відавочнай для апалітычнага абывацеля (мяжа з Эўропай напаўзачыненая, самалёты туды ня лётаюць, спартоўцы ў Алімпіядзе ня ўдзельнічаюць, беларускія выканаўцы на Эўрабачаньні не сьпяваюць, і інш.). І зьяўленьне ў Беларусі ядзернай зброі не прывяло да росту палітычнай вагі краіны — хутчэй, наадварот.
Улады робяць масіраваныя спробы спыніць фармаваньне новай (несавецкай) беларускай ідэнтычнасьці, абвяшчаючы яе нацысцкай. Новаму пакаленьню, якое вырасла і сацыялізавалася ў незалежнай Беларусі, навязваюць ідэалёгію заходнерусізму. Абвяшчэньне Аб’яднаным пераходным кабінэтам курсу на эўрапейскі выбар азначае паглыбленьне геапалітычнага расколу беларускага грамадзтва.
Тры гады для гісторыі — малы тэрмін. А для жывых удзельнікаў і сьведак падзей жніўня 2020-га той досьвед — вельмі балючы. А таму іх опцыі вельмі суб’ектыўныя. Яны хутчэй летапісцы, чым гісторыкі. Але менавіта яны рыхтуюць глебу для новых пакаленьняў дасьледчыкаў, якія зробяць больш глыбокія ацэнкі ўплыву тых векапомных дзён 2020 году на беларускую гісторыю.
Таксама чытайце кнігу палітычнага аглядальніка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста «Неверагодны 2020-ы»
Неймаверны цуд самага фантастычнага лета найноўшай гісторыі Беларусі ўразіў і саміх беларусаў, і астатні сьвет. Што гэта было, чаму, адкуль і куды — на гэтыя пытаньні адказваюць 20 беларускіх інтэлектуалаў, ад Сьвятланы Алексіевіч да Арцёма Шрайбмана. Укладальнік Юры Дракахруст будуе кнігу як пошук ня столькі палітычнага, колькі антрапалягічнага і нацыянальнага вымярэньня «неверагоднага 2020-га». Іншымі словамі — наколькі імаверна было неверагоднае? І будзе.