Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі падалі пазоў аб ліквідацыі асацыяцыі цыган «Рома»


Цыганскі пасёлак Грабянёва ў Магілёве. Архіўнае фота
Цыганскі пасёлак Грабянёва ў Магілёве. Архіўнае фота

Раней улады Беларусі ўжо ліквідавалі аб'яднаньня літоўцаў «Гімціне».

Менскі абласны суд 23 жніўня разгледзіць справу аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя цыган «Рома».

Пазоў падало Міністэрства юстыцыі, паседжаньне зьявілася ў раскладзе суда.

Грамадзкае абʼяднаньне Беларуская асацыяцыя цыган «Рома» зарэгістравалі ў Беларусі ў 1998 годзе. Паводле афіцыйных зьветсак у Беларусі цяпер пражывае каля 7 тысяч цыган — 0,1% ад насельніцтва.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі цыган «Рома» Уладзімер Мацьвееў у інтэрвію DW у 2014 год называў лічбу 60 тысяч цыган, трэць зь іх — у Гомельскай вобласьці.

Горадзенскі абласны суд 28 красавіка 2023 году вынес рашэньне аб ліквідацыі Пяляскага грамадзкага аб'яднаньня літоўцаў «Гімціне». Пазоў у суд падало галоўнае ўпраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Абʼяднаньне «Гімціне» стварылі ў 1993 годзе на базе літоўскамоўнай школы ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці.

Ліквідацыя польскіх і літоўскіх школ у Беларусі

У верасьні 2022 году ўлады Беларусі нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі Пяляскую школу, якая працавала з 1992 году. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы адукацыі.

Гэта была першая нацыянальная літоўская школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы. Адукацыю вялі паводле вучэбных плянаў і праграмаў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) абавязаньні, зьвязаныя з гарантыяй навучаньня на мовах нацыянальных меншасьцяў. Але беларускія ўлады не прыслухаліся да закліку.

У Беларусі было дзьве літоўскія школы. У Пелясе Воранаўскага раёну было 127 вучняў і працуюць 23 настаўнікі, у Рымдзюнах Астравецкага раёну — 82 школьнікі і 18 настаўнікаў.

Раней стала вядома, што польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску пераводзяць на расейскую мову. Чыноўнікі спасылаліся на абноўлены Кодэкс аб адукацыі.

Згодна з 90-м артыкулам Кодэксу, асноўнымі мовамі навучаньня і выхаваньня ў Беларусі зьяўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская.

Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла, што ў школе № 36 у Горадні, дзе каля 620 дзяцей вучылася па-польску, правялі бацькоўскія сходы. На іх кіраўніцтва паведаміла, што выкладаньне на польскай мове будзе немагчымае.

Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучаньні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной зь дзяржаўных моваў у Беларусі.

Вывучаць польскую мову і літаратуру цяпер дзеці змогуць толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG