Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму стыгматызуецца — дасьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская калёна на марыш роўнасьці ў Вільні, 1 ліпеня 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская калёна на марыш роўнасьці ў Вільні, 1 ліпеня 2023 году

Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму зьведвае стыгматызацыю, у дачыненьні да такіх людзей ёсьць шэраг стэрэатыпаў — такая выснова ўтрымліваецца ў дасьледаваньні, якое прадставілі онлайн 27 ліпеня.

Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму зьведвае стыгматызацыю, у дачыненьні да такіх людзей ёсьць шэраг стэрэатыпаў — такая выснова ўтрымліваецца ў дасьледаваньні, якое прадставілі онлайн 27 ліпеня, паведамляе BPN.

Дасьледаваньне праводзіла ініцыятыва «Гэта АКЕЙ» праз інтэрнэт шляхам глыбіннага інтэрвію сярод 435 суайчыньнікаў, якія пражываюць у Беларусі і за мяжой.

Як распавяла Вольга Кавальская, сузанавальніца ініцыятывы «Гэта АКЕЙ», 96% апытаных ведалі, хто такія ЛГБТК+ асобы, а 79% прыватна ведалі хаця б адну такую асобу, піша Reform.by. Тым ня менш, апытаньне паказала, што нават сярод больш інфармаванай часткі гетэрасексуальнага беларускага грамадзтва, якая прыватна ведае ЛГБТК+ людзей і прызнае ціск на іх, сустракаецца шэраг распаўсюджаных стыгмаў.

Так, паводле апытаньня, сярод беларусаў распаўсюджана меркаваньне, што людзі з супольнасьці ЛГБТК+ імкнуцца прасоўваць свае каштоўнасьці, змагаюцца за бачнасьць. Маршы ЛГБТК+ успрымаюць не як спосаб прыцягнуць увагу да праблемы дыскрымінацыі і раўнапраўя, а як «навязваньне і прапаганду».

Беларусы, якія ўдзельнічалі ў апытаньні, настойвалі, што гомасэксуальныя пары не павінны публічна выказваць свае пачуцьці.

Экспэрт у сфэры гендару філёзаф Вольга Шпарага Шпарага падкрэсьлівае, што выяўленьне пачуцьцяў зьяўляецца распаўсюджанай, нармаванай практыкай.

«Аднак у Беларусі дзяржава хоча ўсталяваць кантроль над усімі жыцьцёвымі праявамі, і людзі несьвядома падпарадкоўваюцца гэтаму кантролю. У Беларусі навязваецца ўяўленьне аб гамагеннай публічнай прасторы. Людзі ж у іншых краінах паводзяць сябе па-рознаму, разнастайнасьць зьяўляецца найважнейшай часткай дэмакратыі», — адзначае экспэрт.

Многія ўдзельнікі апытаньня выказалі меркаваньне, што ў Беларусі ўсе знаходзяцца пад ціскам, а ня толькі ЛГБТК+. Аднак, як адзначыла прадстаўніца Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі, якая пажадала назваць толькі сваё імя (Ганна), гэта азначае, што ўразьлівыя групы апынаюцца пад яшчэ большым ціскам. Яна падкрэсьліла, што гамафобная рыторыка праяўляецца ў выказваньнях Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікаў, у Беларусі ліквідавалі ўсе арганізацыі, куды прадстаўнікі ЛГБТК+ маглі зьвярнуцца па падтрымку.

У дасьледаваньні адзначаецца, што стыгматызацыя ЛГБТК+ заснаваная на забабонах, сацыяльных нормах і культурных устаноўках, якія могуць быць памылковымі, шкоднымі і прывесьці да дыскрымінацыі, гвалту і псыхалягічных праблем. Зьмякчыць праблему можа асьвета ў сфэры сэксуальнай і гендэрнай ідэнтычнасьці, а таксама інфармаваньне аб правах чалавека ў цэлым.

Вольга Шпарага ўказала на неабходнасьць палітычнай рэпрэзэнтацыі інтарэсаў супольнасьці ЛГБТК+. Як магчымы інструмэнт яна бачыць удзел яго прадстаўнікоў у працы Каардынацыйнай рады, куды маглі б вылучаць свае кандыдатуры зацікаўленыя ў гэтым пытаньні людзі.

  • У канцы сьнежня 2022 году старшыня Савета Рэспублікі Беларусі Натальля Качанава анансавала прыняцьце закона аб забароне «прапаганды ЛГБТ», спаслаўшыся на досьвед Расеі, «традыцый сям’і і праваслаўя».
  • 31 сакавіка 2023 году Аляксандар Лукашэнка ў пасланьні народу і Нацыянальнаму сходу яшчэ раз падкрэсьліў «паблажлівае стаўленьне» да жаночага гомасэксуалізму (віна «мужыкоў») і радыкальнае непрыманьне сэксуальных адносінаў паміж мужчынамі, назваўшы іх «вычварэнцамі». Раней ён заявіў, што «лепш быць дыктатарам, чым «блакітным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG