Сябры мянчанкі паведамілі Tg House, што яна ў міліцыі, у Фрунзэнскім РУУС, і што затрымалі яе нібыта за пратэставую дзейнасьць.
Сёньня ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску дзяўчыну асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», або іх выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюду).
Як паведамляла раней ініцыятыва Tg House, 8 чэрвеня трансгендэрная дзяўчына гуляла па горадзе з заплечнікам, да якога былі прымацаваныя два сьцяжкі — сьцяг Украіны і вясёлкавы, сымбаль ЛГБТ+. На дзяўчыну напаў невядомы, які груба абазваў яе, некалькі разоў ударыў і паваліў на зямлю. Пры гэтым ён заявіў, што дзяўчына абразіла Ўкраіну, зьмясьціўшы сьцяжкі побач.
На наступны дзень дзяўчына расказала пра інцыдэнт сябрам, а пасьля гэтага перастала выходзіць на сувязь. Сябры зьвярнуліся ў міліцыю, баючыся, што з прычыны абразаў іх знаёмая магла зрабіць спробу самагубства.
Міліцыя зьвязалася з маці дзяўчыны, і тая пацьвердзіла, што з 9 чэрвеня яе дачка не зьяўлялася дома. Жанчыне прапанавалі напісаць заяву аб зьнікненьні.