«Гэта быў у нейкай ступені гістарычны працэс, таму што на ім была тэчка з дакумэнтамі пачынаючы з 1994 году», — адзначыла крыніца.
Паводле яе, падчас працэсу прадстаўнік Мін'юсту без дадатковай просьбы з боку суду нагадаў, што ў 2020 годзе ведамства вынесла партыі папярэджаньне пасьля падпісаньня супольнага звароту партыяў супраць гвалту. «Прадстаўнікі Мін'юсту самі гэты дакумэнт дадалі ў агульную справу. Судзьдзя быў трохі ў шоку», — расказала крыніца.
Паводле суразмоўцы BPN, у судзе прадстаўнікі партыі
- спасылаліся на парушэньне працэдуры перарэгістрацыі: прадстаўлены партыяй у Мін'юст пакет дакумэнтаў зарэгістравалі як зварот грамадзян, у выніку справу ня вынесьлі на калегію ведамства, «фактычна адзін чыноўнік прыняў рашэньне пра падачу пазову ў Вярхоўны суд»;
- зьвярнулі ўвагу суду, што папраўкі ў закон аб партыях супярэчаць Канстытуцыі: бо людзі, якія выехалі за межы Беларусі, застаюцца яе грамадзянамі, але адпаведна зьменам у заканадаўстве партыі фактычна павінны пазбаўляць іх сяброўства (Вярхоўны суд адхіліў заўвагу, аргумэнтаваўшы гэта тым, што акалічнасьці не ўплываюць на колькасьць чальцоў партыі);
- указалі, што патрабаваньне Міністэрства юстыцыі прадстаўляць сьпіс чальцоў партыі супярэчыць закону «Аб абароне пэрсанальных зьвестак».
У сваю чаргу прадстаўнік Міністэрства юстыцыі заявіў пра неадпаведнасьць колькасьці чальцоў «Зялёных» мінімальна неабходнай (5 тысяч замест 1 тысячы пасьля ўнясеньня зьменаў у заканадаўства).
Суд не палічыў довады прадстаўнікоў «Зялёных» дастатковымі і прыняў рашэньне аб ліквідацыі партыі.
«Гэта палітычна матываванае рашэньне. І тое, што практычна ўсе партыі ліквідуюцца, кажа пра тое, што ў Беларусі ідзе зачыстка перад выбарамі 2024 году», — заявіла крыніца.
31 траўня «зялёныя» падалі ў Мін'юст дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў. Неўзабаве пасьля гэтага партыя атрымала адказ, у якім было ўказана на непаўнату прадстаўленых дакумэнтаў. На падставе гэтага міністэрства адмовілася разглядаць пытаньне аб перарэгістрацыі партыі.
Акрамя «зялёных», дакумэнты на перарэгістрацыю безь пераліку сябраў партыі ў Мін'юст падалі апазыцыйныя Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».
- У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
- Ужо перарэгістраваны праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
- 20 ліпеня Вярхоўны суд зьліквідаваў апазыцыйную Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ, 24-га — праўладную Беларускую патрыятычную партыю. Разгляд пазоваў аб ліквідацыі дзьвюх апазыцыйных партый — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) і Беларускай партыі «Зялёныя» (БПЗ) пройдзе 27 і 31 ліпеня адпаведна, Рэспубліканскай партыі — 8 жніўня.
- Міністар юстыцыі Сяргей Хаменка прагназаваў, што колькасьць партый пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 да «трох-чатырох».