Сьцісла:
- З 15 ранейшых дзейных палітычных партый у выніку перарэгістрацыі застанецца хіба што тры.
- Новае заканадаўства фактычна забараняе існаваньне апазыцыйных партый.
- У палітычнай сыстэме краіны месца партый і раней было маргінальным, а цяпер іх увогуле ставяць па-за законам.
- Улады актыўна супрацьдзейнічаюць разьвіцьцю партыйнай сыстэмы і грамадзянскай супольнасьці.
- Справа ідзе да беспартыйнай палітычнай сыстэмы, у якой тыя партыі, якім дазволена будзе існаваць, застануцца толькі ў выглядзе дэкарацый.
Пятага чэрвеня закончыўся тэрмін падачы дакумэнтаў на перарэгістрацыю палітычных партый. Міністэрства юстыцыі пакуль не паведамляе, колькі зь іх гэта зрабілі. Першай партыяй, якая была зарэгістравана паводле новага закону, прынятага ў студзені 2023 года, стала праўладная «Белая Русь». З СМІ вядома, што таксама падалі дакумэнты на перарэгістрацыю Камуністычная і Лібэральна-дэмакратычная партыі (абедзьве ляяльныя да Лукашэнкі).
З апазыцыйных пажадалі перарэгістравацца Беларуская партыя «Зялёныя», БСДП «Грамада», Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». Аднак у іхных дакумэнтах няма пэрсанальных зьвестак сяброў гэтых арганізацый, што не адпавядае новаму закону аб партыях. Таму імавернасьць іх рэгістрацыі блізкая да нуля. Партыя БНФ і АГП увогуле не падавалі дакумэнтаў у Міністэрства юстыцыі, бо палічылі гэта марнаваньнем часу.
Такім чынам, з 15 ранейшых дзейных партый пасьля перарэгістрацыі застануцца хіба што тры: «Белая Русь», Кампартыя і ЛДП. Як, дарэчы, і прагназаваў міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.
Між іншым, новае заканадаўства фактычна забараняе існаваньне апазыцыйных партый. У законе «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» уводзіцца новая падстава для ліквідацыі згаданых арганізацый: неадпаведнасьць «дзейнасьці палітычнай партыі, саюзу асноўным кірункам унутранай і замежнай палітыкі». Але сэнс любой апазыцыі ў тым і палягае, каб крытыкаваць і прапаноўваць перамены ва ўнутранай і замежнай палітыцы. Таму цяпер у Беларусі месца апазыцыі не застанецца зусім.
І дасюль у палітычнай сыстэме краіны месца партый было маргінальным. Яны былі там лішнім зьвяном, пятым колам у фурманцы. Прычым, на што важна зьвярнуць увагу: у такім становішчы апынуліся як апазыцыйныя партыі, так і праўладныя. Вельмі адметна, што ў Палаце прадстаўнікоў наогул няма і ніколі не было фракцый — ні партыйных, ні пазапартыйных. Што вельмі дзіўна для парлямэнту. Забаўна назіраць, як лідэр ЛДП Алег Гайдукевіч бясконца хваліцца, што ягоная партыя самая крутая, самая масавая, самая ўплывовая. Аднак у Палаце прадстаўнікоў гэта «самая ўплывовая» мае толькі адзін дэпутацкі мандат, які (відавочна, за асабістую адданасьць уладзе) атрымаў сам Алег.
Палітычныя партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадзтве толькі ў рамках існаваньня рэальных прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў. Пры адсутнасьці гэтых умоў партыі перастаюць выконваць ролю інструмэнту палітычнага прадстаўніцтва і ўплыву на прыняцьце ўладных рашэньняў, аказваюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, ператвараюцца ў нейкія палітычныя клюбы. Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія палітычныя партыі. Ім няма чаго рабіць ва ўмовах адсутнасьці ў краіне публічнай палітыкі, легальнага мэханізму палітычнай канкурэнцыі.
Улады актыўна супрацьдзейнічаюць разьвіцьцю партый. Напрыклад, упарта супраціўляюцца ўвядзеньню прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, у рамках якой галасаваньне адбывалася б за партыйныя сьпісы. Такая сыстэма дзейнічае ва ўсіх суседніх краінах. У выніку там роля палітычных партый рэзка ўзрасла. Але якраз гэтага і не жадае Аляксандар Лукшэнка.
На прэсавай канфэрэнцыі з нагоды перарэгістрацыі партый 5 чэрвеня выканаўца абавязкаў старшыні АГП Уладзімер Шанцаў заявіў: «Беларусь фактычна пераходзіць да аднапартыйнай сыстэмы». Мусіць, маецца на ўвазе роля, якую будзе выконваць нядаўна створаная партыя «Белая Русь». Аднак, мяркуючы па даволі паблажліваму стаўленьню да «Белай Русі» з боку Лукашэнкі, месца і значэньне КПСС ёй не пагражаюць. Няма ніякай інфармацыі, што чыноўнікаў масава заганяюць уступаць у гэтую арганізацыю. Такім чынам, справа хутчэй ідзе да беспартыйнай палітычнай сыстэмы, у якой тыя тры партыі, якім дазволена будзе існаваць, застануцца толькі ў выглядзе дэкарацый.
Генэральнай праверкай на функцыянальнасьць новай сыстэмы стануць парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году. Яны пройдуць, пэўна, без удзелу апазыцыі і незалежных назіральнікаў, з трыма дэкаратыўнымі партыямі. Такі новы твар беларускай, так бы мовіць, «дэмакратыі».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.