Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі пачало сумесныя трэнаваньні з вагнэраўцамі, іх чакаюць да 10 тысяч. ФОТА

абноўлена

Прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі»
Прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі»

Яны праходзяць паблізу польскай мяжы. Ёсьць зьвесткі, што вагнэраўцаў у Беларусі будзе каля 10 тысяч.

Міністэрства абароны Беларусі праводзіць сумесныя трэнаваньні з вагнэраўцамі, паведаміла прэс-служба ў Тэлеграме.

Міністэрства афіцыйна адзначыла, што падразьдзяленьні Сіл спэцыяльных апэрацый сумесна з прадстаўнікамі ПВК «Вагнэр» адпрацуюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне «Берасьцейскі».

У хуткім часе Міністэрства абароны абяцае расказаць падрабязнасьці.

Трэнаваньні пракамэнтавала Міністэрства абароны Польшчы:

«Межы Польшчы ў бясьпецы, мы пастаянна сочым за сытуацыяй на нашай усходняй мяжы і гатовыя да розных сцэнароў па меры разьвіцьця сытуацыі», — перадае словы ведамства агенцтва Reuters.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які сочыць за перасоўваньнем вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, агулам з 11 ліпеня было заўважана 6 калён тэхнікі са сьцягамі ПВК «Вагнэр», а таксама расейскімі трыкалёрамі. Як падлічыў «Беларускі Гаюн», сумарная колькасьць машын можа складаць каля 410.

Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты. Пасьля гэтага больш за два тыдні ў лягеры з 300 намётамі ніякай актыўнасьці не назіралася.

Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявілася 14 ліпеня ад Мінабароны Беларусі. Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

«Вагнэраўцаў» у Беларусі можа быць да 10 тысяч

Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».

Сам Гіркін скептычна ставіцца да баяздольнасьці «Вагнэру». Ён адзначыў, што кампанія страціла на вайне супраць Украіны 3/4 асабовага складу, з 78 тысяч чалавек забіта 22 тысячы і 40 тысяч параненыя.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG