Аналіз сьвежага спадарожнікавага здымку ад сэрвісу Planet Labs, зробленага 19 ліпеня ў 6.29 ранкам паводле беларускага часу, дазваляе падлічыць прыкладную колькасьць тэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Цэль. Ёсьць сьведчаньні, што менавіта туды накіраваліся калёны расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якіх заўважылі на тэрыторыі Беларусі апошнімі днямі.
Наколькі дазваляе разгледзець якасьць спадарожнікавага здымка, можна сказаць, што транспартных сродкаў каля намётавага лягера агулам ня менш за 485.
Сярод іх:
- каля 55 тэнтаваных фураў, некаторыя з прычэпамі;
- каля 320 машын, па габарытах падобных да пікапаў УАЗ, грузавікоў-фургонаў, мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), мікрааўтобусаў тыпу «Газэль», УАЗ «Патрыёт», легкавых аўтамашын;
- каля 45 аўтобусаў розных мадыфікацый;
- каля 65 грузавых машын рознай мадыфікацыі, у тым ліку ня менш за 8 плятформаў з тэхнікай на ёй, у большасьці — будаўнічай.
Амаль уся тэхніка знаходзіцца каля будынкаў, падобных да складоў, а таксама стаянак вайсковага гарадка. Відаць, што некаторыя з машын знаходзяцца ў пазыцыі, якая сьведчыць аб тым, што іх, магчыма, разгружаюць. Частка машын стаіць каля саміх намётаў.
Сярод адгледжаных аб’ектаў ня бачна цяжкай вайсковай тэхнікі.
Агулам зьнешні выгляд, колеры, а таксама тып транспартных сродкаў вельмі падобныя да тых, што назіраюцца апошнімі днямі на відэа калён з тэхнікай, заўважаных на трасе M5 Гомель — Менск. Свабода прааналізавала два відэа з выкладзеных на тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга». Адно зь відэа магло быць зьнятае на трасе каля Асіповіч і вёскі Камарын, а другое — на бабруйскай аб’язной трасе, калі калёна перасякала раку Бярэзіну. Абодва разы машыны рухаліся ў кірунку, які супадае з разьмяшчэньнем лягера.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які сочыць за перасоўваньнем вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, агулам з 11 ліпеня было заўважана 6 калён тэхнікі са сьцягамі ЧВК «Вагнэр», а таксама расейскімі трыкалёрамі. Як падлічыў «Беларускі Гаюн», сумарная колькасьць машын можа складаць каля 410.
Нагадаем, што актыўнасьць у закінутым вайсковым гарадку ў вёсцы Цэль пачалася адразу пасьля мяцяжа ПВК «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным. Мяцеж адбыўся 24 чэрвеня 2023 году ў Расеі. Паводле вэрсіі Аляксандра Лукашэнкі, гэта ён здолеў дасягнуць кампрамісу паміж расейскімі ўладамі і Прыгожыным і запрасіў наймітаў «Вагнэра» ў Беларусь.
27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, як плянуецца, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты. Пасьля гэтага больш за два тыдні ў лягеры з 300 намётамі ніякай актыўнасьці не назіралася.
Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявілася 14 ліпеня ад Мінабароны Беларусі. Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.