Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінабароны Беларусі ўпершыню расказалі пра загадкавы лягер пад Асіповічамі, дзе чакаюць вагнэраўцаў


Лягер каля вёскі Цэль Магілёўскай вобласьці, 30 чэрвеня 2023
Лягер каля вёскі Цэль Магілёўскай вобласьці, 30 чэрвеня 2023

Памочнік міністра абароны Беларусі Леанід Касінскі заявіў, што «гэта летні лягер, пабудаваны ва ўзаемадзеяньні з органамі мясцовай улады», піша ТАСС.

Прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» пакуль не прыбывалі для агляду магчымага месца разьмяшчэньня байцоў кампаніі ў намётавым лягеры ў раёне горада Асіповічы Магілёўскай вобласьці Беларусі. Аб гэтым ТАСС паведаміў памочнік міністра абароны рэспублікі генэрал-маёр Леанід Касінскі, які прыбыў у лягер.

«Не, апэратыўныя групы пакуль не прыяжджалі, не вызначаліся, не глядзелі. Я думаю, што калі будзе прынята канчатковае рашэньне групай „Вагнэр“, разьмяшчацца ці не разьмяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець», — сказаў генэрал-маёр, камэнтуючы паведамленьні аб нібыта разьмяшчэньні байцоў ПВК у лягеры.

Касінскі растлумачыў, што гэта «летні лягер, які пабудавалі ва ўзаемадзеяньні з органамі мясцовай улады».

«Гэты лягер разгортваўся для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў рамках разгортваньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны», — заявіў ён.

Як дадаў Касінскі, лягер здольны зьмясьціць каля 5 тысяч чалавек. Ён таксама зазначыў, што «тэарэтычна [вайсковую] тэхніку можна разьмясьціць дзе заўгодна».

«Усё залежыць ад колькасьці гэтай тэхнікі. Гэта былое вайсковае мястэчка. Інфраструктура захавалася: і боксы [для захоўваньня тэхнікі] былі, тут артылерыйская брыгада калісьці разьмяшчалася», — сказаў памочнік міністра абароны Беларусі.

6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пачас сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі паведаміў, што Менск прапанаваў выкарыстоўваць для разьмяшчэньня байцоў ПВК «некалькі былых вайсковых гарадкоў, якія выкарыстоўваліся яшчэ ў савецкі час», у тым ліку пад Асіповічамі.

Ён сказаў, што ў кіраўнікоў ПВК «Вагнэр» іншае бачаньне па іх разьмяшчэньні, Лукашэнка таксама паінфармаваў, што на сёньняшні дзень пытаньне перадыслякацыі ў Беларусь вагнэраўцаў, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Расеі, ня вырашана, бо «гэта залежыць ад кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі».

Свабода з дапамогай спадарожнікавых фота пацьвердзіла ўзьвядзеньне новага вайскова-палявога лягера на тэрыторыі былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат.

Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай. Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя работы на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль (90 км ад Менску і 20 км ад Асіповічаў) пачаліся ў чэрвені.

Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet.com, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня, якое Свабода здабыла сёньня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG