Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Кабанаў: «У Магілёўскай турме зьняволены забіў міліцэйскага правакатара»


Магілёўская турма, архіўнае фота
Магілёўская турма, архіўнае фота

Афіцыйных пацьверджаньняў гэтай інфармацыі пакуль няма. Паводле Кабанава, здарэньне адбылося месяц таму.

Былы палітвязень, блогер зь Бярозы, які выехаў у эміграцыю, расказаў пра забойства, якое здарылася ў магілёўскай крытай турме № 4.

«Месяц таму ў магілёўскай турме асуджаны Ч. адрэзаў галаву асуджанаму Б.. Адрэзаў „мыйкай“. З Б. я сядзеў два месяцы ў адной камэры. Гэта быў правакатар опэра (асуджаны, які робіць паслугі турэмнай адміністрацыі. — РС). Такія турэмныя норавы», — паведаміў Аляксандр Кабанаў на сваёй старонцы ў Facebook 5 ліпеня.

Кабанаў правеў у магілёўскай закрытай турме год, а разам з часам у сьледчым ізалятары — паўтара. Былы вязень падзяліўся са Свабодай падрабязнасьцямі гэтай гісторыі.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

Паводле Аляксандра Кабанава, забойства адбылося ў самым пачатку чэрвеня. Пра здарэньне Кабанаву стала вядома нядаўна ад крыніц у турме. Былы палітвязень настойвае, што ўсё адбылося менавіта так, як ён расказвае, расказаць пра спосаб атрыманьня інфармацыі ён ня можа дзеля бясьпекі крыніцы.

«У камэры сядзелі два чалавекі. Тыя камэры на першым паверсе — гэтак званыя „двушкі“. Было гэта сярод белага дня. А чаму ніхто не заўважыў і не перашкодзіў? Там відэаназіраньня нідзе няма, турма старая, ахоўнікі „па вочках“ ходзяць рэдка, могуць і пару гадзін не зазіраць у камэру. То бок часу было дастаткова», — расказвае Аляксандар Кабанаў.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што падчас знаходжаньня ў магілёўскай крытай турме нейкі час сядзеў у адной камэры з тым вязьнем Б.

«Хударлявы, малога росту, фізычна нямоцны чалавек», — згадвае Кабанаў. — Б. гэты быў правакатарам у опэрупаўнаважанага Н.. Яго падсаджвалі ў камэры, каб потым правакаваў на парушэньні, на якую бойку ці што іншае. Тыя, хто паводле 411-га артыкулу (артыкул КК, які дазваляе павялічваць вязьням тэрміны зьняволеньня. — РС) з турмы далей «ад’ехаў» — ягоных рук справа. Ён быў з асаблівасьцямі чалавек, мог адбыцца зь ім канфлікт, а потым і забойства«, — не выключае Кабанаў.

Паводле зьвестак былога палітвязьня, асуджанаму Б. сукамэрнік адрэзаў галаву так званай «мыйкай». Суразмоўца сьцьвярджае, што такое магчыма.

«Моцны ўдар па галаве, чалавек траціць прытомнасьць, а далей усё робіцца „мыйкай“. Гэта рэч вельмі вострая, адрэзаць у чалавека можна што заўгодна», — кажа Аляксандр Кабанаў.

«Мыйкай» ў вязьніцах завуць лязо ад аднаразовай брытвы, якімі асуджаныя карыстаюцца з дазволу адміністрацыі, але пад справаздачнасьць. Бывае, што асуджаным удаецца схаваць «мыйку» ад ахоўнікаў у патаемных месцах. Паводле Кабанава, спрактыкаваны вязень можа з дапамогай «мыйкі» нанесьці моцныя раны як сабе ( пры спробе самагубства такое здараецца. — РС), так і сукамэрнікам.

Вось што Аляксандар Кабанаў паведаміў пра асобу і далейшы лёс забойцы.

«Прозьвішча Ч.. Ёсьць зьвесткі, што на волі паводзіў сябе агрэсіўна, біў жонку. Наркаман. З 10 гадоў, якія атрымаў паводле суду, адбыў два. Цяпер перавялі ў СІЗА, пагражае яшчэ 20 гадоў за забойства з абцяжлівымі абставінамі», — расказаў былы палітвязень.

У 2021 годзе Кабанава асудзілі на тры гады калёніі па абвінавачаньні ў грубым парушэньні грамадзкага парадку і абразе прадстаўніка ўлады. У пачатку 2023 году ён выйшаў з турмы і адразу выехаў зь Беларусі, дзе яго зноў аб’явілі ў вышук.

На сайце і афіцыйным тэлеграм-канале МУС зьвестак пра забойства зьняволенага ў магілёўскай турме знайсьці не ўдалося. Старонка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў таксама не зьмяшчае інфармацыі аб такім здарэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG