Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: дазвол на жыхарства ў Літве для беларускага бізнэсоўца за данат у фонд салідарнасьці? Кіраўнік BySol адказаў


Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак
Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) апублікаваў вынікі расьсьледаваньня пра тое, як беларускі бізнэсовец, зьвязаны з уладамі, займеў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў за ахвяраваньні ў фонд салідарнасьці.

У расьсьледаваньні адзначаецца, што бізнэсовец-клінэр Эдуард Апсіт, які выбудаваў свой бізнэс у тым ліку на дзяржаўных замовах, атрымаў для сям’і дазволы на жыхарства ў Літве. Паводле літоўскай праваабарончай арганізацыі, у прашэньні аб дазволе на жыхарства гаварылася, што ў Беларусі Апсітам можа пагражаць небясьпека. У якасьці пацьверджаньня ўказвалася, што бізнэсовец рабіў ахвяраваньні ў фонд салідарнасьці BySol. Расьсьледнікі БРЦ высьветлілі, што на момант падачы прашэньня Эдуард Апсіт меў дазвол на жыхарства ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, таксама яны з жонкай маюць грамадзянства Кіпру.

БРЦ адзначае, што падаць прашэньне атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве Апсіту дапамаглі некаторыя дэмакратычныя сілы. У распараджэньні БРЦ аказаўся ліст адной зь юрыдычных асобаў фонду BySol. У ім гаворыцца, што Эдуард Апсіт ахвяраваў грошы арганізацыі праз фонд Stichting Belarus Solidarity Foundation. Агульная сума падтрымкі зь лютага 2021 году па травень 2022 году — крыху больш за €94 тысячы. Зь ліста таксама вынікае, што з сакавіка 2022 году бізнэсовец фінансава дапамагаў украінцам, якія пацярпелі ад вайны.

БРЦ паведамляе, што мае доказы, што сузаснавальнік фонду BySol Яраслаў Ліхачэўскі зьвяртаўся ў літоўскі офіс праваабарончай арганізацыі Freedom House па рэкамэндацыйныя лісты для Апсітаў, паказваючы, што бізнэсовец зьяўляецца іх донарам.

Расьсьледнікі пішуць, што гэтай публікацыяй БРЦ распачынае дыскусію пра тое, дзе ляжаць межы супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасьці зь бізнэсам, да дзейнасьці якога ёсьць пытаньні ў тым ліку ў эўрапейскіх праваахоўнікаў.

На публікацыю дакладу БРЦ адказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. У сваім допісе ён, у прыватнасьці, адзначыў:

«У матэрыяле, апублікаваным БРЦ, мы бачым нейкі дакумэнт, які сьцьвярджае, што ўладальнік кампаніі „Чысты сьвет“ Эдуард Апсіт зрабіў данат на суму больш як €94 тыс. на рахунак нідэрляндзкай арганізацыі, якая называецца Stichting Belarus solidarity foundation. Я не магу камэнтаваць дзеяньні кіраўніцтва гэтай арганізацыі, бо на сёньня ня маю ніякага да яе дачыненьня.

У жніўні 2021 году супярэчнасьці, якія награмадзіліся паміж мной — ідэйным натхняльнікам, стваральнікам канцэпту BySol, і адным з маіх калег і партнэраў, сузаснавальнікам структуры — Яраславам Ліхачэўскім, дасягнулі пункту незвароту. На той момант праца структуры вялася празь дзьве юрыдычныя асобы — Stichting Belarus solidarity foundation і LPF Bysol.

Яраслаў пакінуў за сабой нідэрляндзкую структуру, каманда ж разам са мной працягнула разьвіваць BySol у Літве».

«У пытаньні маральнасьці і этычнасьці данату ў мяне пазыцыя гранічна простая: КОЖНЫ і КОЖНАЯ можа зрабіць данат у BySol. Больш за тое, зараз на сайт BySol.org можа зайсьці хоць Аляксандар Лукашэнка і зрабіць данат. Донар ня мае ніякага ўплыву на рашэньні арганізацыі, і яму недаступнае карэктаваньне нашых мэтаў.

На маё глыбокае перакананьне, сам факт данату ў BySol ёсьць дастатковаю падставаю для падтрымкі ў легалізацыі нашага донара ў ЭЗ. І калі нехта з удзельнікаў пратэстаў рабіў данаты ў BySol — для нас гэта дадатковы фактар для падтрымкі такога чалавека», — напісаў Стрыжак.

«Узгадайце 2020 год, як мы ўсе марылі, каб бізнэс адвярнуўся ад Лукашэнкі і пачаў падтрымліваць пратэст, — дадае Стрыжак. — А што зьмянілася? Ці, можа, вы хочаце сказаць, што рэспэктабэльныя IT-кампаніі ня мелі дзяржаўных замоваў, ці можна было неяк зарабляць грошы ў краіне, не датыкаючыся да ўлады, не аплачваючы варʼяцкія ідэі дыктатуры і не фінансуючы дубінкі АМАПу? Атрымліваецца, што ўсякія грошы ад беларускага бізнэсу апрыёры брудныя і данаты ад кампаніяў прымаць нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG