Набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі беларускі бізнэсовец Аляксандар Машэнскі страціў кантроль над украінскай кампаніяй ТАА «Екотехнік Велика Добронь», якая мела дзьве сонечныя электрастанцыі — у вёсцы Вялікая Добрань Ужгарадзкага раёну Закарпацкай вобласьці (магутнасьць 3,33 МВт) і ў горадзе Бар Барскага раёну Віньніцкай вобласьці (магутнасьць 16,863 МВт).
З чацьвёртага студзеня 2023 году гэтымі актывамі ў роўных частках (па 50 адсоткаў) цяпер валодаюць грамадзянка Ўкраіны Наталія Смоліч і грамадзянін Ісьляндыі Карл Конрадсан. Брытанская кампанія Max Credit Investment Limited, якая месьціцца ў Лёндане і якою кіруе Карл Конрадсан, цяпер разам з Наталіяй Смоліч лічацца заснавальнікамі ТАА «Екотехнік Велика Добронь».
У той жа час пакуль невядома, на падставе якіх дакумэнтаў Аляксандар Машэнскі нібыта страціў кантроль над сонечнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне і ці ня ёсьць гэта фармальным перапісваньнем кампаніі на іншых асобаў. Раней журналісты-расьсьледнікі паведамлялі, што Аляксандар Машэнскі асабіста знаёмы з Карлам Конрадсанам.
Свабода зьвязалася з Наталіяй Смоліч, каб высьветліць дэталі. Тая адмовілася адказаць на пытаньне, ці прадалі кампанію, ці перадалі ў кошт пагашэньня якіх-небудзь ранейшых пазык, і прапанавала перазваніць праз два тыдні.
У статутных дакумэнтах адзначана, што асноўным відам дзейнасьці кампаніі Max Credit Investment Limited ёсьць «іншыя віды дапаможнага абслугоўваньня гаспадарчай дзейнасьці, ня ўключаныя ў іншыя катэгорыі».
Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што мацярынскай кампаніяй для Max Credit Investment Limited ў 2016 і 2017 гадах была сэйшэльская фірма Alpha Mar Foundation, бэнэфіцыярам якой на той момант быў сам Аляксандр Машэнскі. Гэта вынікае з справаздачаў першай кампаніі.
ТАА «Екотехнік Велика Добронь» з усіх актываў Аляксандра Машэнскага ва Ўкраіне была адзінай кампаніяй, якая ня трапіла пад абмежаваньні пасьля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Што вядома пра сонечныя станцыі Машэнскага
Аляксандар Машэнскі зарэгістраваў ТАА «Екотехнік Велика Добронь» у 2012 годзе. Тады ж ён пачаў будаваць сонечную электрастанцыю ў вёсцы Вялікая Добрань Ужгарадзкага раёну Закарпацкай вобласьці. Яе здавалі ў эксплюатацыю з 2017 па 2019 год, у тры этапы, пакуль агульная магутнасьць не дасягнула 3,33 МВт.
У сакавіку 2019 году кампанія ТАА «Екотехнік Велика Добронь» дабудавала ў горадзе Бар Барскага раёну Віньніцкай вобласьці новую фотагальванічную электрастанцыю магутнасьцю 16,863 МВт.
Кампанія плянавала і далей разьвівацца, як адзначаецца на яе афіцыйным сайце, «ня толькі ў сфэры геліяэнэргетыкі, а і ў іншых кірунках, максымальна выкарыстоўваючы кліматычныя асаблівасьці і рэсурсы Ўкраіны».
У 2022 годзе бэнэфіцыярам гэтай кампаніі стала Яна Машэнская, а ўжо праз паўгоду яе зьмянілі грамадзянка Ўкраіны Наталія Смоліч і грамадзянін Ісьляндыі Карл Конрадсан.
Згодна зь фінансавай справаздачай, даход кампаніі «Екотехнік Велика Добронь» у 2022 годзе склаў 213,3 мільёна грыўняў (у 2021 — 259,2 мільёна грыўняў), страты —180,4 мільёна грыўняў (у 2021-м быў чысты прыбытак на ўзроўні 106,3 мільёна грыўняў), актывы — 619,5 мільёна грыўняў (у 2021 — 624,7 мільёна грыўняў), абавязаньні — 153,8 мільёна грыўняў (у 2021 — 82,7 мільёна грыўняў).
Інфармацыі пра тое, што станцыя пацярпела ад расейскіх абстрэлаў, няма. Аднак раней міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што з пачатку вайны 30% сонечных электрастанцыяў выведзеныя з энэргасыстэмы.
Бэнэфіцыярам «рыбнага» бізнэсу застаецца дачка Машэнскага
Цягам 2020 году Аляксандар Машэнскі перапісаў свой «рыбны» бізнэс групы «Санта Холод Україна» на сваю дачку Яну і яе кіпрскую кампанію Newride Services Limited. У 2022 годзе такім самым чынам Яна Машэнская стала бэнэфіцыярам сонечных электрастанцый.
Што праўда, пераафармленьне «рыбнага» бізнэсу на дачку не ўратавала яго ад праблемаў.
Актывы і рахункі кампаніяў арыштавалі 24 чэрвеня 2022 году для забесьпячэньня магчымай канфіскацыі маёмасьці як віду пакараньня ў рамках крымінальнай справы.
Справу расьсьледуюць з траўня 2022 году паводле ч. 2 артыкула 364-1 і ч. 2 артыкула 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — злоўжываньні паўнамоцтвамі службовай асобай юрыдычнай асобы незалежна ад формы ўласнасьці (караецца штрафам ад 68 да 102 тысяч грыўняў, арыштам да шасьці месяцаў або пазбаўленьнем волі на 3–6 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады), а таксама фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтаю гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да сямі гадоў з пазбаўленьнем права на два гады займаць пэўныя пасады і канфіскацыяй маёмасьці).
Згодна зь фінансавай справаздачай, даходы кампаніі «Санта Холод Україна» у 2022 годзе склалі 24,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 24,6 мільёна грыўняў), чысты прыбытак — 730 тысяч грыўняў (у 2021 — 1,4 мільёна грыўняў), актывы — 102,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 88,8 мільёна грыўняў), абавязаньні — 19,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 6,5 мільёна грыўняў).
Што праўда, праз тры месяцы юрыстам кампаніі ўдалося праз суд скасаваць арышт, накладзены на банкаўскія рахункі кампаніяў групы. Суд дазволіў кампаніі плаціць з гэтых рахункаў заробкі супрацоўнікам, а таксама абавязковыя сплаты і зборы ў дзяржаўны бюджэт і сацыяльныя фонды, плаціць за камунальныя паслугі і ахову, ахвяраваць на падтрымку Ўзброеных сіл Украіны.