Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма схаваць «сьпісы» тых, хто данаціў BySol і BY_help праз фэйсбук? Тлумачыць Андрэй Стрыжак


Цэнтральная сядзіба КДБ Беларусі ў Менску
Цэнтральная сядзіба КДБ Беларусі ў Менску

Палітык Валеры Цапкала абвінавачвае кіраўнікоў фондаў BySol і BY_help Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка, што яны нічога ня робяць, каб абараніць людзей, якія пераводзілі грошы. Ці так гэта? Спыталі ў Андрэя Стрыжака.

«Проста схавайце акаўнты са зборамі»

Вядома, што ўжо некалькі месяцаў сілавікі ходзяць па людзях, якія данацілі ў фонды салідарнасьці BySol і BY_help. Праваабарончыя арганізацыі і СМІ паведамлялі пра выпадкі, калі людзей выклікалі ў КДБ і спрабавалі прымусіць прызнацца, што яны пераводзілі грошы на «экстрэмісцкія» ініцыятывы. Калі людзі прызнаюцца, альбо сілавікі атрымліваюць доказы таго, што такія данаты сапраўды былі, то іх прымушаюць сплаціць «кампэнсацыю» дзяржаве ў дзесяціразовым памеры ад сумы данату.

Валер Цапкала
Валер Цапкала

Палітык Валерый Цапкала напісаў у сваіх сацсетках , што стваральнікі фондаў «павінны проста схаваць свае акаўнты са зборамі». Цапкала прапануе сваім чытачам проста заблякаваць старонкі ў фэйсбуку BYSOL, BY_help, а таксама асабістыя Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка. Ягонае тлумачэньне ў тым, што тады сябры па фэйсбуку не пабачаць таго, што вы пераводзілі грошы ў фонды.

«Сілавікі — лянівыя людзі»

Андрэй Стрыжак у камэнтары Свабодзе кажа, што гэта не вырашае праблему, а сілавікі дзейнічаюць зусім іншым спосабам, а ня тым, пра які кажа Цапкала.

«Камэнтаваць заявы Валерыя Вільямавіча — гэта культываваць хамства ў палітычным працэсе. Я нічога яму не хачу адказаць. Але паколькі тэма грамадзка важная, то раскажу пра тыя працэсы, якія адбываюцца на працягу апошніх чатырох месяцаў, калі стала зразумела, што існуе такая праблема. Мы дакладна высьветлілі альгарытм, па якім працуюць сілавікі».

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Па словах Стрыжака, у фэйсбуку сапраўды існуе «дзірка», калі вы можаце пабачыць, хто з вашых «фрэндаў» данаціў на тую ці іншую ініцыятыву. Па яго словах, на ініцыятывы BySol ахвяроўвалі больш за 60 тысяч чалавек.

«Гэта няпросты спосаб, бо спэцслужбам трэба з чалавекам зафрэндзіцца, каб нешта даведацца. Сілавікі — гэта лянівыя людзі. Яны проста пайшлі ў банкі, дзе ўзялі дадзеныя пра людзей, якія рабілі хоць нейкія пераводы ў фэйсбук на працягу, хутчэй за ўсё, 2020–2021 гадоў. І ня важна, куды яны данацілі, ці на падтрымку рэпрэсаваным, ці на коцікаў і сабачак, ці на хворых дзетак», — кажа Стрыжак.

«Выдаліць дадзеныя з Facebook Pay немагчыма»

Паводле грамадзкага дзеяча, падчас допытаў сілавікі патрабуюць паказаць акаўнт ад фэйсбуку, і першым чынам зазіраюць у такі разьдзел, які называецца Facebook Pay — гэта плацёжнае прыкладаньне сацсеткі. І ўжо ў Facebook Pay можна ўбачыць, куды канкрэтна данаціў той ці іншы чалавек.

«Выдаліць дадзеныя з Facebook Pay проста немагчыма, на жаль. Як толькі сілавік атрымлівае доступ да вашага Facebook Pay, то далей ужо няма куды адпірацца. Намі былі праведзеныя размовы з Facebook (уладальнікам сацсеткі зьяўляецца кампанія Meta. — РС). На сёньняшні дзень адзін з двух вялікіх фандрайзінгаў выдалены. Той, які быў на BySol. Па другім ідуць перамовы. Facebook — гэта вялізная транснацыянальная карпарацыя са сваімі падыходамі, там вельмі складана прабіцца да кіраўніцтва».

Андрэй Стрыжак прадстаўляе перапіску, якую вёў з Facebook адзін з чытачоў BySol. У адказе было напісана, што ўнутраная палітыка Facebook не дазваляе выдаляць дадзеныя пра данаты, яны павінны захоўвацца на працягу пяці гадоў. Гэта падыход кампаніі ў справе барацьбы з адмываньнем грошай. Таксама Facebook прапануе тым, хто ня згодны з такой пазыцыяй, зьвяртацца да ірляндзкіх дзяржаўных структур.

«Выдаляць акаўнт трэба таксама ўмець»

«Гэта ж праблема ня толькі гэтых двух збораў. „Экстрэмісцкімі“ могуць абвясьціць і іншыя кампаніі з данатамі. Гэта сыстэмная праблема, і мы да яе падыходзім спакойна, штодзённа і безь піяру», — кажа Андрэй Стрыжак.

Ён кажа, што найлепшым рашэньнем у такой сытуацыі была б эвакуацыя з краіны, дзе пагражае небясьпека, але разумее, што ня ўсе могуць пайсьці на такі крок.

«Менш надзейны спосаб — гэта поўнае выдаленьне акаўнта ў фэйсбуку, але выдаляць яго таксама трэба ўмець. Акаўнт спачатку трэба перапрывязаць да электроннай пошты, якой вы не карыстаецеся, якая не загружаная на вашым дэвайсе. Гэта важна, бо ваш акаўнт можна ўзнавіць цягам 30 дзён. І калі тэлефон ці кампутар трапіў да міліцыі, то ён тэарэтычна можа аднавіць старонку праз пошту».

Пасьля поўнага выдаленьня акаўнта ў фэйсбуку цалкам выдаляцца і дадзеныя з вашага Facebook Pay, у новым акаўнце іх ужо ня будзе. У такім выпадку на допытах можна казаць, што вы ня памятаеце, куды пераводзілі грошы, раіць Стрыжак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG