Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пінскдрэў» і іншыя беларускія кампаніі абыходзяць санкцыі праз Казахстан і Кіргізстан, — матэрыялы расьсьледаваньня


Драўляныя пэлеты
Драўляныя пэлеты

Некаторыя прыватныя і дзяржаўныя кампаніі Беларусі працягваюць зарабляць на экспарце ў Эўразьвяз, нягледзячы на санкцыі.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) даведаўся, як у Эўразьвяз праз Казахстан і Кіргізстан паступае беларуская драўніна.

Пасьля ўвядзеньня санкцый на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў і драўніны прыкметна зьнізіліся і аб’ёмы кантрабандных цыгарэт, якія паступалі ў Літву. Пра гэта гаворыць статыстыка Літоўскай мытні. Згодна зь яе зьвесткамі, у 2022 годзе колькасьць затрыманых кантрабандных цыгарэт зь Беларусі ў Літву зьменшылася больш чым у 2,5 разы.

Супрацоўнікі мытні лічаць, што колькасьць нелегальнай прадукцыі, якая ўвозіцца ў іх краіну, скарацілася дзякуючы таму, што ў санкцыйныя сьпісы трапілі тавары, у якіх традыцыйна хавалі цыгарэты. А гэта, у прыватнасьці, драўніна і вырабы зь яе.

Аднак гэта не азначае, што беларуская драўніна зусім перастала паступаць у Эўразьвяз. Улады знайшлі іншы спосаб паставак, каб абысьці санкцыі. У расьсьледаваньні БРЦ фігуруюць польская кампанія PLRBL і кіргіская «Адміт», якія заключылі пагадненьне на пастаўку драўляных пялетаў.

«Лес для вытворчасьці пялетаў набываецца ў Беларусі. А потым прадаецца ў ЭЗ. Адзін з кіраўнікоў PLRBL беларус Віталь Лешык нават не хавае гэтага», — піша БРЦ, паказваючы дакумэнты, якія трапілі ў распараджэньне цэнтру.

Як расказаў выканаўчы дырэктар PLRBL на сустрэчы з расьсьледнікамі, якія ўдавалі патэнцыйных пакупнікоў, у іх ёсьць кампаніі ня толькі ў Польшчы і Латвіі, але таксама ў Кіргізстане і Казахстане. Лес яны купляюць у Беларусі, адтуль ён ідзе ў Кіргізстан ці Казахстан, дзе перапрацоўваецца ў пялеты. Там жа афармляюцца дакумэнты, па якіх атрымліваецца, што сыравіна была мясцовай, а ня купленай у Беларусі.

Кампанія «Адміт» раней ужо фігуравала ў матэрыялах БРЦ, уладальнікі гэтай кіргіскай фірмы — беларусы Дзяніс Пытко і Ўладзімер Мірук. Раней «Адміт», які выдаваў сябе за вытворцу пялетаў, выкрыў рэсурс «Настоящее время. Азия», журналісты якога паказалі, што ніякай вытворчасьці пялетаў прадпрыемства насамрэч ня мае.

Абавязковы сэртыфікат вытворцы «Адміт» атрымліваў у Гандлёва-прамысловай палаце Кіргіскай Рэспублікі, аднак і па сёньня чыноўнікі не адказалі на запыты журналістаў пра адпаведнасьць зарэгістраваных «Адмітам» дакумэнтаў яго рэальнай дзейнасьці.

«Пінскдрэў» і іншыя

Абысьці санкцыі спрабуюць і беларускія вытворчыя гіганты. У БРЦ ёсьць дакумэнты, якія ўскосна паказваюць на тое, што холдынг «Пінскдрэў» можа быць замяшаны ў шэрых схемах.

Літаральна за месяц да ўступленьня ў сілу санкцый супраць беларускай драўніны — 6 траўня 2022 году, у Карагандзе па адрасе афіцыйнага гандлёвага прадстаўніцтва «Пінскдрэў» у Казахстане зьявілася новая кампанія «Мануфактура плюс». Заснавальнікамі фірмы сталі нейкая Натальля Слоква і «Гандлёвы дом „Мэбля KZ“». Прычым аднаасобны ўладальнік апошняга — «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“».

На сайце «Мануфактура плюс» гаворыцца, што яна афіцыйны дылер «Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага заводу № 1». А гэта адзіны вытворца вялікафарматнай фанэры ў Казахстане.

«Атрымліваецца, што беларускі „Пінскдрэў“ стварыў кампанію, каб прадаваць у Эўропу прадукцыю свайго канкурэнта?» — задае рытарычнае пытаньне БРЦ.

Калі ўявіць, што «Пінскдрэў» ня мае дачыненьня да гэтай схемы, то выходзіць, што польскія і літоўскія фірмы возяць драўняную прадукцыю з краін, дзе яе проста ня можа быць у вялікім аб’ёме, падагульняюць расьсьледнікі.

«Пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Беларусі, у Казахстане і Кіргізстане здарыўся экспартны цуд: продажы лясной прадукцыі з Казахстану ў ЭЗ з чэрвеня 2022 году па студзень 2023 году вырасьлі амаль у 137 разоў, а з Кіргізстану — у 12 тысяч разоў».

Ананімная крыніца ў сфэры перавозак расказала журналістам, што «Пінскдрэў» адгружае сваю фанэру ў горадзе Ўральску (Казахстан). Там на тавар клеяць налепкі Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага заводу № 1. Потым прадукцыю грузяць у машыны на казахстанскіх і літоўскіх нумарах і адпраўляюць у Эўропу ў абыход санкцый.

«Мануфактура плюс» за гэты час пастаўляла фанэру літоўскім, польскім, баўгарскім, эстонскім, вугорскім і латвійскім кампаніям.

Сэртыфікаваныя турмы

Акрамя прамых санкцыяў, якія Эўразьвяз наклаў на беларускае дрэва, існуе яшчэ некалькі ўмоў, якія могуць перашкаджаць незаконным пастаўкам тавараў. Калі гаварыць аб продажы драўніны ў ЭЗ, то на яе трэба атрымаць дакумэнт, які пацьвярджае, што сыравіна была здабытая этычна. Без прымусовай працы і парушэньня экалягічных правілаў устойлівага карыстаньня. Але нават тут аказалася ня ўсё гладка, гаворыцца ў матэрыяле БРЦ.

«Як мы высьветлілі падчас нашага сумеснага расьсьледаваньня зь нямецкімі выданьнямі Paper Trail Media і Der Spiegel, міжнародныя сэртыфікаты „этычнасьці“ для сваёй прадукцыі ўхітрыліся атрымаць беларускія папраўчыя калёніі. Хаця там выкарыстоўваецца прымусовая праца, у тым ліку і палітвязьняў».

Слабыя месцы выявіліся ў працы дзьвюх найбуйнейшых незалежных арганізацый, якія выдаюць пацьверджаньні этычнасьці атрыманьня прадукцыі — FSC і PЕFC. Яшчэ ў 2021 годзе 8 беларускіх калёній прадавалі сваю прадукцыю па сэртыфікатах, якія падоўжыла FSC. Хаця праваабаронцы ня раз дакладалі аб тым, што ў пэнітэнцыярных установах парушаюцца правы чалавека, сэртыфікаты адклікалі толькі бліжэй да канца году.

FSC у выніку не патлумачыла, чаму сэртыфікаты анулявалі так позна. А PEFC замарозіла свае сэртыфікаты толькі ў 2022 годзе, калі Расея напала на Ўкраіну.

У абыход рэгулятараў і санкцыяў у Эўропу паступае ня толькі беларускае дрэва. Гэта паказаў Der Spiegel у межах праекту Deforestation Inc. У прыватнасьці, нягледзячы на санкцыі ЭЗ супраць вайсковай хунты М’янмы, у Нямеччыну паступае дарагое дрэва, якое выкарыстоўваецца, напрыклад, для палубаў на яхтах.

Гэты артыкул быў зроблены пры падтрымцы Journalismfund.eu.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG