14 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце (БДТУ) студэнтаў Максіма Міхніча і Даніілу Лук’янава арыштавалі на 15 дзён за распаўсюд нацысцкай сымболікі (артыкул 17.10 КаАП), паведамілі на тэлеканалу «Беларусь-1». У маладзёнаў таксама канфіскавалі тэлефоны.
Паводле вэрсіі дзяржаўнага тэлеканала, хлопцы нібыта «распаўсюджвалі нацысцкую сымболіку, зігавалі, разьмяшчалі заклікі спальваць габрэяў» у студэнцкім чаце.
Як паведамілі на дзяржаўнай тэлевізіі, судзіць зьбіраюцца яшчэ 30 студэнтаў, паведамляе «Беларусь-1».
Гэта ня першы выпадак паказальнага арышту студэнтаў і суду. Так, 6 чэрвеня на базе факультэту эканомікі і права адбылося выязное паседжаньне суду Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы, на якім разгледзілі крымінальную справу студэнткі К., якая раней навучалася ва ўнівэрсытэце. Дзяўчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу («публічная абраза прэзыдэнта»).
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, 26 верасьня 2022 году яна «пакінула ў адным з Telegram-чатаў абразьлівы камэнтар у адрас кіраўніка дзяржавы».