СМІ: затрымалі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
У Полацку і Наваполацку (Віцебская вобласьць) 23 траўня затрымалі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (ПДУ), паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай. Паводле інфармацыі суразмоўцы, суды пачаліся ў той жа дзень і працягваюцца 24 траўня.
Сярод іншых у Наваполацку быў затрыманы дацэнт катэдры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіраваньня ПДУ, кандыдат гістарычных навук Сяргей Глазырын. У той самы дзень яго арыштавалі на 15 дзён паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
24 траўня 73-гадовую кандыдатку тэхнічных навук і дацэнтку катэдры геадэзіі і геаінфармацыйных сыстэм Галіну Шараглазаву судзьдзя Зінаіда Балаболава адправіла за краты на 10 дзён.
Вядучай выкладчыцы катэдры сусьветнай літаратуры і замежных моваў ПДУ Алене Храмцовай прысудзілі 10 дзён арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галовного мозга».
Справаводку дэканата Кацярыну Швалюгу аштрафавалі на 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў).
Супрацоўніцу ўнівэрсытэту Ксенію Зуеву аштрафавалі на 2 220 рублёў (60 базавых велічыняў) за «пікет».
Таксама праваабарончы цэнтар «Вясна» піша пра вынікі іншых судоў над жыхарамі Полацку і Наваполацку 24 траўня.
Сяргея Рыкуна судзьдзя Зінаіда Балабалова прызнала вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштавала на 13 дзён.
Паліне Путро прысудзілі штраф памерам 740 рублёў (20 базавых велічыняў).
Алега Крайко асудзілі адразу паводле двух артыкулаў — 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне) і 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Судзьдзя арыштавала яго на 26 сутак.
17 траўня сілавікі затрымалі супрацоўнікаў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой бальніцы. Пяцярых зь іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі. Затрыманьні мэдработнікаў адбыліся пасьля выцеку са шпіталя інфармацыі пра знаходжаньне там палітвязьня Віктара Бабарыкі, які быў дастаўлены ў цяжкім стане з прыкметамі зьбіцьця зь мясцовай калёніі. Месцазнаходжаньне і стан Віктара Бабарыкі па-ранейшаму невядомыя.
Сілавікі затрымалі за пратэсты ўкраінку і яе мужа. Жанчыну могуць дэпартаваць
Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах і распаўсюджваньне ў інтэрнэце «экстрэмісцкіх ідэй». Відэа з мужам і жонкай апублікаваў 24 траўня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Праўладны рэсурс удакладніў, што абаіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. У відэа сілавікоў жанчына расказала, што яна грамадзянка Ўкраіны, што яе раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і што яна была падпісаная на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».
«Я грамадзянка Ўкраіны, і цяпер будзе вырашацца пытаньне аб маёй дэпартацыі на радзіму», — сказала на камэру затрыманая.
Грамадзянства мужа ў публікацыі не ўдакладняецца.
За камэнтары ў сацыяльных сетках у Гомлі асудзілі юрыста
Гомельскі абласны суд 23 траўня завяршыў разгляд крымінальнай справы юрыста-прадпрымальніка Дзьмітрыя Багачэнкі. Яго абвінавацілі ў распальваньні «іншай сацыяльнай варожасьці альбо звады» паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу і пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 27 красавіка, вёў Руслан Царук.
Сутнасьць абвінавачаньня і акалічнасьці справы, апроч таго, што Дзьмітры пакідаў у сацыяльных сетках камэнтары, праваабаронцам пакуль невядомыя.
У Менску затрымалі двух братоў — удзельнікаў музычнага гурту faceOFF
У Менску сілавікі затрымалі двух братоў: 26-гадовага Дзяніса і 31-гадовага Дзьмітрыя Петухаў, відэа зь іх затрыманьнем апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медиазона Беларусь».
Затрыманьне адбылося яшчэ 22 траўня, але вядома пра гэта стала толькі 24-га.
Дзяніс і Дзьмітры — удзельнікі музычнага гурту faceOFF.
«Наша група заснавана ў слаўным горадзе на Дняпры — Жлобіне. На гэты момант увесь склад базуецца ў Менску», — паведамляе калектыў на сваёй старонцы «ЎКантакце».
Па якім артыкуле затрымалі братоў і дзе яны цяпер, невядома.
Былога палітвязьня Елісея Кузьняцова затрымалі па новай крымінальнай справе
Учора стала вядома, што ў Высокаўскім аграрным каледжы на Берасьцейшчыне паказальна заключылі пад варту дваіх навучэнцаў, якіх падазраюць у зьнявазе дзяржаўных сымбаляў Беларусі (арт. 370 КК). Санкцыю на затрыманьне зачытаў пракурор Камянецкага раёна ў прысутнасьці навучэнцаў.
Як паведаміла Генпракуратура, хлопцы нібыта ў начны час з 14 на 15 траўня, сарвалі тры дзяржаўныя сьцягі, устаноўленыя на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб'екта і аддзяленьня паштовай сувязі.
Паводле інфармацыі «Берасьцейскай Вясны», адзін з затрыманых – 19-гадовы Елісей Кузьняцоў, які нядаўна адбыў пакараньне паводле палітычнай крымінальнай справы. У лістападзе 2021 года яго асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». У красавіку 2022 году яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў калёнію на 7,5 месяцаў. У сьнежні Елісей выйшаў на волю з наваполацкай калёніі № 1.
Да журналіста Анатоля Гатоўчыца зноў прыходзілі міліцыянты
У Гомлі каля 21 гадзіны вечара 23 траўня ў кватэру да журналіста Анатоля Гатоўчыца прыйшлі двое міліцыянтаў. Пра гэта паведамілі суседзі. Як стала вядома, гэта былі супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы Цэнтральнага РАУС Гомля, паведамляе БАЖ.
Як распавядаюць сябры журналіста, яны цікавіліся, ці падпісаны Гатоўчыц на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Пры гэтым паказвалі прадпісаньне начальніка аддзела РАУС Валерыя Зданевіча, дзе міліцыянтам загадвалася высьвятляць, ці не здаецца кватэра ў наём.
Пачынаючы з 2020 году гэта ўжо шосты візыт міліцыі ў кватэру да Гатоўчыца, чатыры зь іх былі з вобшукам і выняткам тэлефонаў, кампутараў, фотаапаратаў, дыктафонаў.