Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень абароны дзяцей праваабаронцы апублікавалі дэталі перасьледу непаўналетніх у Беларусі


Паказальнае затрыманьне падлетка ў Гомельскай вобласьці, Беларусь, студзень 2022 году
Паказальнае затрыманьне падлетка ў Гомельскай вобласьці, Беларусь, студзень 2022 году

З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманьне і крымінальны перасьлед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі.

Некаторых непаўналетніх зьбівалі і катавалі, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

З нагоды Дня абароны дзяцей, які адзначаюць у сьвеце 1 чэрвеня, праваабаронцы сабралі падрабязнасьці палітычнага перасьледу непаўналетніх.

На гэты момант праваабаронцы налічылі ў Беларусі дзевяць палітзьняволеных падлеткаў, якія сустрэлі 18-годзьдзе за кратамі: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун. Арцём Вайцяховіч. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрыманьня, а потым асуджаныя да пазбаўленьня волі.

У 2023 годзе, як і раней, улады працягваюць затрымліваць маладых людзей, якім ня споўнілася 18.

Сёлета ў красавіку ў Гомлі непаўнагадовага затрымалі за тое, што ён спаліў чырвона-зялёны сьцяг. На «пакаяльным» відэа Глеб Шамрэеў казаў, што быў затрыманы за тое, што разам з сябрамі запісаў відэа спальваньня чырвона-зялёнага сьцяга. Таксама ў віну яму ставілі падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь»

У пачатку лістапада 2022 году сілавікі затрымалі пецярых удзельнікаў «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта». Супраць іх завялі крымінальную справу за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК). Некаторым з гэтых маладзёнаў 16 і 17 гадоў, сама суполка прызнаная «экстрэмісцкай». У красавіку 2023 году гісторыя перасьледу працягнулася: праўладныя каналы заявілі аб затрыманьні непаўналетняга адміністратара тэлеграм-суполкі СБНШ. Па яго прыйшлі пасьля таго, як хлопец вырашыў праверыць сябе «на наяўнасьць кампрамэтуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце пляна «Перамога», створаным сілавікамі.

Па факце сходу прыхільнікаў субкультурнага аб’яднаньня ПВК «Рэдан» у Гомлі Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). 28 лютага сілавікі затрымалі 200 чалавек ва ўзросьце ад 13 да 21 года. З іх 183 — непаўналетнія. Вядома, што на выхадзе з ГЦ «Сакрэт» міліцыя прымяніла дубінкі.

У студзені ГУБАЗіК затрымліваў дваіх студэнтаў гістфаку БДУ, Аляксея Рамановіча і Андрэя Янука. Вядома, што адзін зь іх на момант затрыманьня быў непаўнагадовым. Пасьля затрыманьня студэнтаў на гістфаку БДУ адміністрацыя зладзіла сход у інтэрнаце № 1, на якім прысутнічалі студэнты факультэта і супрацоўнікі Сьледчага камітэта.

Напрыканцы 2022 году таксама стала вядома, што ў Магілёве сілавікі затрымалі непаўналетняга навучэнца каледжа мастацтваў Дзьмітрыя Сіліна. На відэа, якое зьявілася на праўладным тэлеграм-канале, хлопец кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляна «Перамога». Паводле сілавікоў, хлопец «пасьпеў зарабіць сабе шэраг артыкулаў», сярод якіх «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК). Дзе ён знаходзіцца цяпер — невядома.

Якія ўмовы ўтрыманьня для непаўнагадовых у зьняволеньні?

Непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўленьня волі, адбываюць пакараньне ў бабруйскай выхаваўчай калёніі № 2. Ад дарослых месцаў пазбаўленьня волі яна адрозьніваецца колькасьцю людзей: напрыклад, у 2012 годзе тут было ўсяго тры атрады, у кожным зь якіх месьцілася па 80 чалавек. За кожным атрадам было замацавана па чатыры выхавацеля. У астатнім, асабліва па строгасьці ўтрыманьня, гэтая калёнія нічым не саступае дарослым.

У траўні 2021 году стала вядома, што ў калёніі таксама выкарыстоўваюцца жоўтыя біркі: на фотаздымку з уручэньня выхаванцам атэстату іх заўважылі на некаторых зьняволеных.

Як ціснуць на непаўнагадовых?

Акрамя таго, што ўлады перасьледуюць непаўналетніх паводле палітычных матываў, праз маладзёнаў часта ціснуць на іх сваякоў. Так, у сьнежні 2022 году затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову, а яе непаўналетняга сына Сьвятаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Толькі праз пэўны час яго забраў адтуль бацька, якія адмыслова прыляцеў з Расеі.

Непаўналетні палітвязень Арцём Вайцяховіч узяты пад варту па абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу і ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары, у той час, калі яго брат, адміністратар пратэставага тэлеграм-каналу, атрымлівае патрабаваньні пра спыненьні дзейнасьці ў якасьці ўмовы для вызваленьня Арцёма.

Аб чым кажуць міжнародныя нормы?

Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, якія тычацца адпраўленьня правасудзьдзя ў дачыненьні да непаўналетніх (Пэкінскія правілы) прадугледжваюць:

«Рашэньні аб абмежаваньні асабістай свабоды непаўналетняга павінны прымацца толькі пасьля ўважлівага разгляду пытаньня і абмежаваньне павінна быць па магчымасьці зьведзена да мінімуму; непаўналетняга правапарушальніка не варта пазбаўляць асабістай свабоды, калі толькі ён не прызнаны вінаватым у зьдзяйсненьні сурʼёзнай дзеі з ужываньнем гвалту супраць іншай асобы або ў неаднаразовым ажыцьцяўленьні іншых сурʼёзных правапарушэньняў, а таксама ў адсутнасьць іншай адпаведнай меры ўздзеяньня;

Ні адзін непаўналетні ня можа быць забраны з-пад нагляду бацькоў, часткова або цалкам, калі гэта не апраўдана абставінамі яе ці яго справы (разлучэньне дзяцей і бацькоў зьяўляецца крайняй мерай; да яе можна зьвяртацца толькі ў тых выпадках, калі факты справы апраўдваюць гэты сурʼёзны крок (напрыклад, жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі)».

Згодна зь Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН, якія тычацца выкананьня правасудзьдзя ў дачыненьні на непаўналетніх, сыстэма правасудзьдзя ў дачыненьні да непаўналетніх скіравана ў першую чаргу на забесьпячэньне дабрабыту непаўналетняга і забесьпячэньня таго, што любыя меры ўзьдзеяньня на непаўналетніх правапарушальнікаў былі заўсёды сувымерныя як з асаблівасьцямі асобы правапарушальніка, так і з акалічнасьцямі правапарушэньня.

Утрыманьне пад вартай да суда прымяняецца толькі ў якасьці надзвычайнай меры і на працягу найкарацейшага пэрыяду часу. Утрыманьне пад вартай да суда па магчымасьці замяняецца іншымі альтэрнатыўнымі мерамі, такімі, як сталы надгляд, актыўная выхаваўчая праца ці зьмяшчэньне ў сямʼю альбо ў выхаваўчую ўстанову ці дом.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG