Групу ўкраінскіх ваеннапалонных з Закарпацьця даставілі 8 чэрвеня ў Вугоршчыну на просьбу гэтай краіны. Адзінаццаць украінскіх ваеннапалонных вугорскага паходжаньня маглі быць адпраўленыя ў Вугоршчыну бязь ведама Кіева. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў вугорскі віцэ-прэмʼер Жолт Шэмʼен:
«Усё гэта жэст Расейскай праваслаўнай царквы ў адносінах да Вугоршчыны, ёй гэтыя людзі абавязаныя сваёй свабодай», — сказаў сайту Atv. hu Жолт Шэмʼен, але падрабязнасьцяў не раскрыў.
«Па дабраславеньні патрыярха Маскоўскага Кірыла пры пасярэдніцтве РПЦ у рамках міжцаркоўнага супрацоўніцтва на просьбу вугорскага боку была перададзеная група ўкраінскіх ваеннапалонных закарпацкага паходжаньня, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях. У чацьвер яны былі перавезеныя ў Вугоршчыну», — паведаміла на сваім сайце Расейская праваслаўная царква.
Са спасылкай на крыніцы выданьне РБК Украіна піша, што рашэньне не было ўзгодненае з Украінай. Пасярэднікам выступіла Вугорская мальтыйская дабрачынная служба:
«Перадача ваеннапалонных ніякім чынам не ўзгаднялася з Украінай, яе мэтазгоднасьць тлумачыцца паходжаньнем вайскоўцаў з Закарпацьця. Важна разумець, што ўсе гэтыя вайскоўцы зьяўляюцца грамадзянамі Ўкраіны, таму іх перакідваньне ў любую трэцюю краіну зьяўляецца немагчымым», — сказаў украінскай газэце інсайдэр.
Рэакцыя ў Кіеве
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка заявіў, што ўрад Вугоршчыны не паінфармаваў аб перамовах з Расеяй пра вызваленьне ўкраінскіх палонных. Паводле яго, пасьля паведамленьняў у СМІ аб вызваленьні 11 украінцаў вугорскага паходжаньня ў МЗС запрасілі часовага паверанага Вугоршчыны «для прадметнай размовы».
«Украінскі бок перадаў зварот надаць дэтальную інфармацыю пра нашых грамадзян і тэрмінова забясьпечыць да іх доступ для ўкраінскага консула, каб азнаёміцца зь іхным станам здароўя і надаць консульскую дапамогу», — паведаміў Алег Нікаленка на сваёй старонцы ў Facebook.
У чэрвені летась урад Вугоршчыны прыгразіў накласьці вэта на шосты пакет санкцый, ужо прыняты лідэрамі дзяржаў – сяброў Эўразьвязу, таму што сярод асобаў, пацярпелых ад замарожваньня актываў і забароны на ўезд, быў патрыярх Кірыл, хаўрусьнік прэзыдэнта Пуціна і безумоўны прыхільнік вайны з Украінай.